Турарбекава: Лукашэнку вельмі хочацца быць дыктатарам
Калі б былі «рычагі і інструменты» ў рэжыму, хутчэй за ўсё, Беларусь была б яшчэ большым галаўным болем для нашага рэгіёна.
Напярэдадні падчас сустрэчы са студэнтамі МДЛУ Лукашэнка заявіў: «Аніякай дыктатуры ў краіне няма і быць не можа. Каб быць дыктатарам, у цябе павінны быць рычагі дыктатуры.
А якія ў мяне рычагі дыктатуры? Гэта "амерыкосы" прыдумалі "дыктатар-дыктатар". А як я магу дыктаваць Амерыцы? Сёння Трамп, Байдэн і іншыя, якія вырабляюць больш за 30% ВУП у свеце, не могуць дыктаваць. А я як магу дыктаваць?
У нас што — самая моцная ў свеце эканоміка, я магу прыйсці, там, у Расію ці Кітай, нагой тупнуць і сказаць, рабіце так? Не, глупства гэта ўсё.
Вось Іосіф Вісарыёнавіч Сталін мог быць дыктатарам. Ці Гітлер мог быць дыктатарам. У яго ўся Еўропа была пад пятою, яго ўсе баяліся.
А ў мяне што ёсць? Я гэта выразна разумею. Аніякай дыктатуры няма, і мне гэта не трэба».
Гісторык і палітолаг, былая дацэнтка кафедры міжнародных адносінаў БДУ Роза Турарбекава патлумачыла, што не так у сцвярджэнні кіраўніка, і дала правільнае вызначэнне паняццю «дыктатура», піша «Салідарнасць».
— Раней Лукашэнка гаварыў: «Які з мяне дыктатар, калі ў мяне няма рэсурсаў», — цяпер ён і пра рычагі гаворыць, — адзначыла Роза Турарбекава на «Еўрарадыё». — Справа ў тым, што вызначэнне «дыктатура» адносіцца да таго, які рэжым унутры краіны.
Цікава, якія ён прыводзіць прыклады: Сталіна і Гітлера. Чаму не Франка, не Салазара, не Ходжы, не Хо Шы Міна? Ён і Пуціна не назваў — няўжо сорамна?
Паўтару, дыктатура або аўтарытарызм — гэта тое, як выбудоўваецца палітычная сістэма ўнутры краіны. З гэтага пункту гледжання, унутры Беларусі Лукашэнка мэтанакіравана будаваў аўтарытарную сістэму, дыктатуру — і ён яе пабудаваў. Цяпер яна наогул ператвараецца ў таталітарную.
Палітолаг тлумачыць і яшчэ адзін важны аспект, які вынікае з выказванняў кіраўніка.
— Яго развагі наводзяць мяне на іншую думку: відавочна, што дыктатуры схільныя да знешняй агрэсіі. Проста канкрэтна ў Лукашэнкі няма сродкаў для знешняй агрэсіі. Але ён у ёй удзельнічаў.
Ягоны ўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны не быў выпадковым. Ён гаворыць, у яго нібыта няма рычагоў (для вонкавага ціску), а потым, маўляў, «я і не хачу гэтага».
Але яго выдае гэтае першае прызнанне — «няма рычагоў» — але насамрэч хацелася б, як я б працягнула. І, як ужо сказала, яму гэта ўдалося.
Калі б, не дай бог, здарылася ўзяць Кіеў, ён бы з задавальненнем прыняў удзел у разрабаванні Украіны. Абсалютна ўпэўненая, што ён бы запатрабаваў свой кавалак пірага. Яго паводзіны падчас пачатку поўнамаштабнага ўварвання сведчылі менавіта пра гэта.
Таму паліталагічная класіка: дыктатары схільныя да знешняй агрэсіі. Яны не схільныя да ўстойлівых мірных сістэм і перамоў. Таму што ім пастаянна трэба ўмацоўваць сваю ўладу ўнутры краіны, і гвалт ўнутры краіны з'яўляецца іх галоўным інструментам.
Але з часам яно можа трансфармавацца і ў вонкавы інструмент.
У адным Лукашэнка мае рацыю: у яго сапраўды няма інструментаў, іншымі словамі, няма рэсурсаў для знешняга ціску.
Сказанае ім — нават не двудушнасць і не крывадушнасць. Ён проста прыдумаў сабе, што такое дыктатура, і транслюе гэта. Безумоўна, паліталогію ён не вывучаў, — падсумавала Турарбекава.