1006-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: у СМІ з'явіўся «мірны план» падзелу Украіны Пуціна

Уладзімір Пуцін прапануе «падзяліць» Украіну, фактычна знішчыўшы яе палітычна.

Ілюстрацыйнае фота: «Stable Diffusion»

Ілюстрацыйнае фота: «Stable Diffusion»

***

«Мірны» план Пуціна па Украіне прадугледжвае падзел краіны на тры часткі і працяг акупацыі

Такі сцэнарый апісваецца ў сакрэтным дакуменце Міністэрства абароны Расіі, піша нямецкі «Bild» са спасылкай на выведку Украіны.

Паводле звестак выдання, Пуцін збіраецца прадставіць сваю ідэю падзелу Украіны будучаму прэзідэнту ЗША Дональду Трампу. Крэмль нібыта гатовы абмяркоўваць спыненне агню, паведамляе агенцтва «Reuters», спасылаючыся на дзеючых і былых прадстаўнікоў расійскага ўрада. Умова Пуціна ў тым, што Расія павінна захаваць за сабой значныя тэрыторыі Украіны, а сама Украіна — адмовіцца ад планаў уступлення ў NATO.

Як вынікае з сакрэтнага дакумента, Крэмль мае намер падзяліць Украіну на тры часткі. Увесь усход краіны (Данецкая, Луганская, Запарожская і Херсонская вобласці), а таксама Крым павінны адысці да Расіі. Другую буйную частку краіны (уключаючы рэгіёны Кіева, Сумаў і Адэсы) плануецца ператварыць у «прарасійскае дзяржаўнае ўтварэнне». Уладныя структуры ў гэтай зоне будуць укамплектаваныя прарасійскімі кадрамі, а на яе тэрыторыі будуць размешчаныя расійскія войскі для кантролю. Гэта азначае, што Украіна ператворыцца ў марыянеткавую дзяржаву, кіраваную з Масквы.

Астатняя частка на захадзе Украіны ў дакуменце названая «спрэчнымі тэрыторыямі». Што з імі рабіць, мяркуецца вырашыць у ходзе перамоў паміж Расіяй і суседнімі краінамі — Венгрыяй, Польшчай і Румыніяй.

У сакрэтным дакуменце разглядаюцца таксама чатыры сцэнарыя развіцця сусветных падзей у бліжэйшыя гады. Першыя два апісанні называюцца «Фармаванне шматпалярнага свету і падзел вядучымі актарамі сфер уплыву» (буйныя дзяржавы дзеляць паміж сабой сферы ўплыву) і «Рэгіяналізацыі/хаатызацыі» (міжнародны парадак саслабляецца). У абодвух сцэнарах Расія перамагае Украіну, а сусветная сітуацыя складваецца для Масквы «прымальна».

Калі ж вайна будзе замарожаная ці Расія яе прайграе, магчымыя два іншыя сцэнары: «дамінаванне ЗША і Захаду» і «набыццё Кітаем статусу вядучай дзяржавы свету». Абодва варыянты лічацца неспрыяльнымі.

***

Паводле звестак аналітыкаў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), апошнім часам расійскія захопнікі прасоўваюцца значна хутчэй, чым за ўвесь 2023 год, і не пакідаюць намераў захапіць усю Данецкую вобласць.

«Нядаўнія пацверджаныя перамогі расійскіх войскаў пад Вугледарам і Вялікімі Навасёлкамі сведчаць пра тое, што вайна ва Украіне не зайшла ў тупік. Лінія фронту ў Данецкай вобласці становіцца ўсё больш зменлівай, паколькі апошнім часам расійскія войскі прасоўваюцца значна хутчэй, чым за ўвесь 2023 год».

Аналітыкі паказваюць на тое, што прасоўванне расійскіх войскаў на паўднёвым усходзе Украіны ў значнай ступені з'яўляецца вынікам выяўлення і тактычнага выкарыстання уразлівых месцаў ва ўкраінскай лініі фронту.

З восені 2024 года расійскія войскі ажыццяўляюць паступовае тактычнае прасоўванне на паўднёвым усходзе Украіны. Расійскія войскі не змаглі аднавіць аператыўны манеўр, які назіраўся ў першыя месяцы поўнамаштабнага ўварвання, і цяперашняе тактычнае прасоўванне, хоць і адбываецца хутчэй, чым у месяцы пазіцыйнай вайны, якія характарызавалі большую частку 2023 года і пачатак 2024 года, усё яшчэ значна саступае тэмпам прасоўвання ў сакавіку 2022 года.

Расійскім войскам удалося скарыстацца захопам Вугледара для далейшых наступальных аперацый на захадзе Данецкай вобласці, насуперак памылковай папярэдняй ацэнцы ISW, якая прагназавала адваротнае.

ISW прапануе наступныя варыянты дзеянняў, якія расійскае камандаванне можа разглядаць, улічваючы нядаўняе прасоўванне сваіх войскаў.

Прасоўванне войскаў РФ у кірунку Пакроўска, Курахова, Вугледара і Вялікіх Навасёлкаў дае расійскаму ваеннаму камандаванню некалькі варыянтаў дзеянняў, якія яно можа паспрабаваць ажыццявіць на працягу наступных тыдняў і месяцаў.

Падобна да таго, што расіййцы адначасова спрабуюць акружыць Вялікія Навасёлкі, адначасова закрываючы «дзіркі» з украінскімі сіламі на поўнач і поўдзень ад Курахова. Расійскія войскі таксама праводзяць дапаможныя аперацыі з мэтай паляпшэння геаметрыі поля бою на поўдні Данецкай вобласці і змяншэння пагроз для флангаў расійскіх войскаў.

ISW прадстаўляе наступныя варыянты развіцця падзей (ВРП) на полі бою ў адвольным парадку, паколькі кожны з іх не выключае любы іншы.

ВРП 1: расійскія войскі наступаюць на паўднёвы захад, усход і паўночны ўсход ад Вялікіх Навасёлак з мэтай акружэння населенага пункта з флангаў, абыходзячы тэрыторыю непасрэдна на поўдзень ад яго.

ВРП 2: расійскія войскі прасоўваюцца да Андрэеўкі (уздоўж трасы Н15 і на захад ад Курахова) з поўдня ў падтрымку расійскіх намаганняў, накіраваных на тое, каб закрыць украінскія «дзіркі» каля Курахова і выраўнаваць лінію фронту.

ВРП 3: расійскія войскі прасоўваюцца на захад і паўднёвы захад ад Сялідава ўздоўж лініі Пустынка — Сонцаўка ў кірунку Андрэеўкі, каб разграміць украінскі ачаг на поўнач ад Курахова і стварыць пагрозу ўкраінскім шляхам адыходу.

«Застаецца незразумелым, якую з гэтых цэляў расійскае камандаванне будзе пераследаваць і ці будзе пераследаваць наогул».

Спецыялісты адзначаюць, што прыярытэтнай задачай расійскага камандавання ў Данецкай вобласці да канца 2024 года быў захоп Пакроўска — мэта, ад якой расійскае камандаванне часова адмовілася пасля жорсткага ўкраінскага супраціву ў ваколіцах Пакроўска.

Незразумела, наколькі расійскае камандаванне падрыхтавалася да выкарыстання магчымасцей на гэтым участку фронту і які супраціў будуць аказваць украінскія войскі пры прасоўванні расійскіх сіл.

«Украіна заўважна прытупіла расійскія наступальныя аперацыі пад Часавым Ярам і Пакроўскам у 2024 годзе».

У справаздачы мяркуюць, што расійскае ваеннае камандаванне, імаверна, плануе, як прасунуцца ў паўднёва-ўсходнюю частку Днепрапятроўскай вобласці ў падтрымку даўняй мэты Расіі — захапіць усю Данецкую вобласць.

Пазначаная Крамлём мэта захопу ўсёй Данецкай вобласці, вельмі верагодна, прадугледжвае наземныя аперацыі на поўдні і ўсходзе Днепрапятроўскай вобласці з мэтай перакрыцця ўкраінскіх наземных ліній сувязі, якія падтрымліваюць украінскія пазіцыі ў Данецкай вобласці, і акружэння гэтых украінскіх пазіцый.

«Патэнцыйныя намаганні Расіі, накіраваныя на дасягненне мэты Крамля ў захопе ўсёй Данецкай вобласці шляхам акупацыі прынамсі часткі Днепрапятроўскай вобласці, адпавядаюць імкненню Расіі да поўнай капітуляцыі Украіны і знішчэння яе незалежнасці і тэрытарыяльнага суверэнітэту».

«Расійскае ваеннае камандаванне, падобна, плануе больш складаныя аперацыі, але іх войскі яшчэ не змаглі аднавіць аператыўны манеўр на полі бою і замест гэтага ўсё яшчэ належаць на сваю здольнасць выяўляць і выкарыстоўваць уразлівыя месцы ва ўкраінскай лініі абароны для паступовага тактычнага прасоўвання наперад».

***

У ноч на 25 лістапада аналітыкі ўкраінскага праекта «Deep State» абнавілі мапу і паведамілі, што расійцы акупавалі Кацярынаўку і Юр'еўку ў Данецкай вобласці.

«Вораг акупаваў Кацярынаўку і Юр'еўку».

У паведамленні «Deep State» дадаюць, што таксама вораг прасунуўся каля Навамлінска, Стэльмахоўкі, Вялікіх Навасёлак, Жоўтага, Відна, Новадзмітроўкі, Вазнясенкі, Ільінкі і Курахова Данецкай вобласці.

У ноч на 23 лістапада аналітыкі праекта «Deep State» паведамілі пра прасоўванне расійцаў каля пяці населеных пунктаў на Курахоўскім кірунку Данецкай вобласці.

Тым часам Трэцяя штурмавая брыгада УСУ адбіла ў расійскіх акупантаў пасёлак Капанкі Харкаўскай вобласці і ўзяла ў палон расійскіх ваякаў.

Акрамя паспяховай аперацыі па зачыстцы ад варожых сіл пасёлка Капанкі, байцам брыгады ўдалося захапіць там новую партыю палонных акупантаў.

***

Паводле звестак Генштаба УСУ, у Курскай вобласці Расіі знаходзяцца больш за 11 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў і яны ўжо ўдзельнічалі ў баях супраць сіл абароны Украіны, заявіў начальнік Генштаба УСУ Анатоль Баргілевіч.

Таксама Баргілевіч удакладніў, што ўяўляюць сабой вайскоўцы КНДР, якіх ужо Расія перакінула на Куршчыну.

«Гэта ў асноўным падраздзяленні агульнавайсковыя. Яны пад выглядам карэннага насельніцтва Далёкага Усходу. З адпаведнымі дакументамі. Падрыхтаваны, каб весці аперацыі ў еўрапейскай часткі».

Нацыянальная выведка Паўднёвай Карэі паведамляла, што паўночнакарэйскія вайскоўцы, якіх раней адправілі ў Расію, знаходзяцца ў Курскай вобласці і «ўжо вядуць баявыя дзеянні» супраць Украіны.

Паводле звестак «Bloomberg», Паўночная Карэя можа адправіць агулам да 100 тысяч сваіх вайскоўцаў для падтрымкі вайны Расіі ва Украіне.


***

За мінулыя суткі на фронце зафіксавалі 217 баявых сутыкненняў, больш за ўсё з іх — на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ.

У ноч на 25 лістапада 2024 года (з 18.30 24 лістапада) акупанты атакавалі Украіну ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікамі неўстаноўленага тыпу з кірункаў  Арол, Курск, Мілерава, Прыморска-Ахтарск, з восі Крыма.

Усяго за названы перыяд радыётэхнічнымі войскамі Паветраных сіл УСУ выяўлена і ажыццёўлена суправаджэнне 145 варожых БпЛА.

71 БПЛА — лакацыйнай страчаны, верагодна праз актыўнае процідзеянне РЭБ Сіл абароны Украіны, яшчэ адзін беспілотнік паляцеў у бок Беларусі.

Таксама Сілы абароны Украіны за мінулыя суткі адмінусавалі 1 610 расійскіх захопнікаў, 27 ББМ, 22 артылерыйскія сістэмы і 6 танкаў.

Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 25.11.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 732 350 (+1 610) чалавек;
  • танкаў — 9 429 (+6) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 19 236 (+27) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 20 787 (+22) адз.;
  • РСЗА — 1 254 (+0) адз.;
  • сродкаў СПА — 1 004 (+0) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 329 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 19 480 (+114) адз.;
  • крылатых ракет — 2 764 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 29 948 (+84) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 681 (+2) адз.

***

У горадзе Калуга РФ дроны атакавалі завод «Тайфун», які з'яўляецца часткай расійскага ВПК.

Паведаміў кіраўнік Цэнтра процідзеяння дэзінфармацыі пры РНБА Андрэй Каваленка ў Telegram.

Паводле слоў Каваленкі, гэты завод выпускае сістэмы сувязі, радыёэлектроннай выведкі і радыёлакацыйнага абсталявання, вырабляе кампаненты для сістэм назірання і навядзення, якія ўсталёўваюцца на баявую тэхніку.

Таксама «Тайфун» вырабляе дэталі для камплектацыі сістэм супрацьпаветранай абароны, авіяцыйнай тэхнікі і ракетных комплексаў, займаецца абслугоўваннем і ўдасканаленнем тэхнікі, якая знаходзіцца на ўзбраенні расійскіх войскаў.

Акрамя таго, завод вырабляе электронныя модулі і спецыялізаванае абсталяванне, неабходнае для інтэграцыі розных ваенных сістэм.

Тым часам Генштаб УСУ пацвердзіў удар па калужскай нафтабазе.

«Ёсць пацвярджэнне паспяховага паражэння нафтабазы ў Калужскай вобласці. Вынікі баявой працы па іншых аб'ектах удакладняюцца».

***

У Харкаве прагрымеў выбух раніцай 25 лістапада, на месцы пападання бушуе пажар, пацярпелі 23 людзі, паведамілі мэр ХаркаваІгар Церахаў і кіраўнік Харкаўскай вобласціАлег Сінягубаў у Telegram.

«У Харкаве выбух. Будзьце асцярожныя! Удар прыйшоўся па Кіеўскім раёне горада. На месцы пападання пажар».

Кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў удакладніў, што пажар узнік на адной з цэнтральных вуліц.

Паводле звестак, пацярпелі 23 чалавекі. Паводле папярэдніх падлікаў, у той ці іншай ступені пацярпеў 41 дом.

Сярод пацярпелых 13 жанчын і 6 мужчын ва ўзросце ад 21 да 71 года. 16 пацярпелых у сярэднім стане, астатнія ў лёгкім. Шпіталізавалі 13 чалавек.

***

Два чалавекі атрымалі раненні ў выніку расійскага ўдару беспілотнікам па Нікапалі днём 25 лістапада, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак у Telegram.

«Два чалавекі пацярпелі ў Нікапалі праз удар дронам-камікадзэ. 48-гадовая жанчына і 54-гадовы мужчына ў бальніцы. Іх стан сярэдняй цяжкасці».

Таксама ў выніку ўдару пашкоджаны АЗС і легкавы аўтамабіль.

***

Расійская армія 25 лістапада атакавала FPV-дронам пункт раздачы гуманітарнай дапамогі ў Мікалаеўскай вобласці, раненні атрымалі 5 чалавек, паведаміў старшыня Мікалаеўскай АВА Віталь Кім.

«Расійцы атакавалі FPV-дронам населены пункт Саланчакі Куцурубскай грамады. Спецыяльна падчас раздачы гуманітарнай дапамогі накіравалі робат на людзей. Раненні атрымалі пяць чалавек — гэта як прадстаўнікі гуманітарнай місіі, так і мясцовыя жыхары».

Паводле даных Кіма, усіх параненых даставілі ў бальніцу. Двое мужчын і жанчына ў стане сярэдняй цяжкасці, двое мужчын — у цяжкім стане.

***

Расійскія войскі атакавалі цэнтральную частку Адэсы, у выніку чаго пацярпелі 11 людзей і пашкоджаная грамадзянская інфраструктура, кіраўнік АВА Алег Кіпер у Telegram.

«Расійскія тэрарысты здзейснілі ракетную атаку на цэнтр Адэсы. Ёсць пацярпелыя. Пашкоджана грамадзянская інфраструктура, у прыватнасці жылыя дамы».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўдакладніў, што пашкоджанні ў Адэсе выклікалі абломкі расійскай ракеты.

Пазней Кіпер дадаў, што пацярпелі 11 чалавек. Двум людзям аказалі дапамогу на месцы. Восем параненых знаходзяцца на стацыянарным лячэнні, яшчэ адзін працягвае лячэнне амбулаторна.

***

За мінулыя суткі ў Беларусі зафіксавалі рэкордна высокую колькасць «шахідаў», якія заходзілі з Украіны, напісаў аналітычны праект «Беларускі Гаюн».

Маніторы зафіксавалі, што 38 «шахідаў» заходзілі ў Беларусь за суткі, прынамсі адзін збіты, авіяцыя падымалася 4 разы. Гэта, паводле даных аналітыкаў, з'яўляецца абсалютным сутачным рэкордам за ўсю гісторыю маніторынгу.

«Прынамсі адзін "шахід" даляцеў да Мазыра, былі дзясяткі праходаў праз "беларускі калідор", а таксама не менш за 3 разы "шахеды" заляталі ў Гомельскі раён, у раёне памежнага пераходу "Новая Гута".

Таксама зафіксавалі, што 9 беспілотнікаў вярнуліся ў паветраную прастору Украіны».