Падпісацца нельга адмовіцца. Як «збірае» подпісы кандыдат усяе Беларусі

Прымусам, пагрозамі, запалохваннем — так уздзейнічаюць на людзей, якія залежаць ад дзяржавы, для таго, каб тыя падпісаліся за Лукашэнку. А што будзе, калі не падпішашся?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У Беларусі праходзіць збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Ён пачаўся 7 лістапада і працягнецца да 6 снежня. ЦВК зарэгістраваў сем ініцыятыўных груп, але 12 лістапада двое прэтэндэнтаў — старшыня «Беларускага саюза афіцэраў» Сяргей Бобрыкаў і ідэолаг Вольга Чамаданава — вырашылі адмовіцца ад удзелу ў кампаніі. Кожнай з ініцыятыўных груп, што засталіся, для рэгістрацыі свайго кандыдата трэба сабраць не менш за 100 тысяч подпісаў выбаршчыкаў.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што за першы тыдзень сабраў больш за 700 тысяч і што «людзі не вельмі ідуць на тое, каб ставіць подпіс за іншага кандыдата». Між тым, беларускія праваабаронцы сцвярджаюць, што збор подпісаў за Лукашэнку суправаджаецца рэпрэсіямі, ціскам і «выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу». «Deutsche Welle» расказвае, як гэта адбываецца. 

«Завуч спытаў, ці ўсе паўнагадовыя»

Выкладчыца каледжа Вольга (імя змененае) кажа, што ні яе, ні, наколькі яна ведае, іншых супрацоўнікаў навучальнай установы ні за каго падпісвацца не прымушалі, а вось навучэнцаў «папрасілі». «У групу, дзе я куратарка, прыйшоў завуч, спытаў, ці ўсе паўнагадовыя, ці ведаюць свае пашпартныя даныя, сказаў, каб схадзілі і падпісаліся за кандыдатаў. Не агітаваў ні за адно прозвішча, проста прасіў падысці», — расказвае суразмоўца DW.

«Усе людзі баяцца, што не будуць працаваць. Хто хоча страціць сродкі да існавання?» — гаворыць пра збор подпісаў пенсіянерка Наталля (імя змененае). Жанчына падпрацоўвае ў адной з беларускіх ВНУ. Сама яна пакуль ні за каго не падпісвалася, але начальніца сказала, што ўсе супрацоўнікі павінны схадзіць у аддзел кадраў і паставіць подпіс за Лукашэнку: «Хочаце працаваць — пайшлі».

Пра альтэрнатыўных кандыдатаў Наталля нічога не чула, але, на яе думку, пасля досведу 2020 года людзі будуць баяцца падпісвацца за кагосьці, акрамя Лукашэнкі. Пенсіянерка спадзяецца, што, калі калегі пойдуць ставіць подпісы «цэнтралізавана», яна зможа неяк адмовіцца на падставе загружанасці на працы.

Медыкаў пагражаюць пазбавіць інтэрната

Наталля асцерагаецца, што, калі ўлада ў Беларусі зменіцца, то тых, хто цяпер падпісваўся за Лукашэнку, будуць судзіць таксама, як пасля 2020-га «судзілі тых, хто за Бабарыку». Ісці на выбары Наталля таксама не збіраецца: «Мінулым разам, у 2020 годзе, усе ішлі на выбары, думалі, нешта зменіцца. Нічога не змянілася, а цяпер яны (улады. — Заўв. рэд.) адкрыта кажуць па тэлевізары, што на пераправе коней не мяняюць. Усіх разагнаў (Лукашэнка. Заўв. рэд.), альтэрнатывы няма».


Глядзіце таксама

Пра ціск на супрацоўнікаў устаноў аховы здароўя паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты». Паводле іх інфармацыі, у адным з санаторыяў «у кабінеты прыносяць спісы, у якіх адзначаныя звесткі ўсіх супрацоўнікаў, і патрабуюць паставіць подпіс, не тлумачачы, у чым чалавек распісваецца і для чаго». У студэнтаў медуніверсітэтаў подпісы збіраюць проста ў будынку ВНУ, кантралююць, хто падпісаўся, а хто не. У некаторых бальніцах і паліклініках супрацоўнікам прыходзіць рассылка: «Прыходзім заўтра з пашпартамі, будзем ставіць подпісы за Лукашэнку».

Таксама паведамляецца, што медыкам, якія жывуць у студэнцкіх або сямейных інтэрнатах, пагражаюць «разгледзець, на якіх умовах пражываюць», калі яны не паставяць подпіс за «правільнага кандыдата».

Ці ёсць спісы тых, хто адмовіўся ставіць подпіс?

Паводле слоў Аляксандра Сакалова, прадстаўніка ініцыятывы «Рабочы Рух», і ў медустановах, і ў навучальных установах, і на прадпрыемствах стратэгія адна: «Дружна ставім подпісы».

«На буйных прадпрыемствах проста на прахадных сядзяць ініцыятыўныя групы, і даведзеная каманда кіраўнікам, каб усе работнікі пакінулі подпіс», — адзначае Сакалоў. Тых, хто адмаўляецца, выклікаюць асобна, і «пачынаюцца гутаркі і пагрозы». Некаторым кажуць, што нібыта «ёсць спісы тых, хто адмовіўся». У выніку паказваюць пустую паперу: маўляў, чалавек будзе першым, усе яго калегі падпісаліся.


Глядзіце таксама

Але гэта не так. Сакалоў кажа, што ў Беларусі дастаткова людзей, якія не хочуць падпісвацца за вылучэнне Лукашэнкі, «спрабуюць узяць адгул, сысці на бальнічны», але «да іх адразу пільная ўвага». «Людзям адкрыта пагражаюць, кажуць, будуць праблемы, ты будзеш звольнены. Пляваць, што ёсць кадравы голад», — звяртае ўвагу прадстаўнік «Рабочага Руху».

Праваабаронцы фіксуюць парушэнні Выбарчага кодэкса

«Традыцыйна збор подпісаў за вылучэнне ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі суправаджаецца выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу», — расказалі DW у праваабарончым цэнтры «Вясна». Подпісы збіраюць на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах у працоўны час, часта пры непасрэдным удзеле іх адміністрацыі. Праваабаронцы фіксуюць выпадкі запалохвання, пагроз звальненнем або высялення з інтэрната.


Глядзіце таксама

Юрысты звяртаюць увагу, што ўдзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў, а таксама прымус — гэта парушэнне Выбарчага кодэкса РБ (арт.61), якое можа быць «падставай для адмовы ў рэгістрацыі або скасавання пастановы аб рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты».

«Неабходна памятаць, што Беларусь, з'яўляючыся дзяржавай-удзельніцай АБСЕ, прыняла на сябе абавязацельства забяспечыць, каб перадвыбарчыя кампаніі праходзілі ў атмасферы адкрытасці і сумленнасці, без адміністрацыйнага націску, запалохвання або страху карных мер у дачыненні да кандыдатаў, партый або выбаршчыкаў», — дадаюць у «Вясне».