Магія лічбаў: На Беларусь зноў з чатырох бакоў рыхтуецца напад?

Сёння напад на Беларусь, відаць, рыхтуецца з Гродзенскай вобласці. Таму «красаўцы» ўвялі ў Гродзенскай вобласці антытэрарыстычны рэжым, каб не прапусціць у астатнюю Беларусь умоўнага праціўніка, піша аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі». 

_belarus_transpart_vaenny_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg

Страшна, я табе скажу, жыць на свеце. Учора ў тэлевізары на Беларусь зноў з чатырох бакоў рыхтаваўся напад. 

Чаму толькі з чатырох я, дарэчы, не разумею. Таму што я налічыў нашмат больш інтэрактыўных стрэлачак на карце. Так я, наіўны чалавек, лічу, што колькі стрэлачак — са столькіх бакоў і рыхтаваўся напад.

Але хто я такі, каб лічыць бакі? Вы ж ведаеце, што я ў стратэгіях і тактыках не разбіраюся. А сярод тых, хто рыхтаваў напад на Беларусь у тэлевізары, ёсць спецыяльна навучаныя людзі, якія ўмеюць адбіваць інтэрактыўныя стрэлачкі на карце. Гэта значыць, разбіраюцца і ў тактыках, і ў стратэгіях. Таму, калі сказалі ў тэлевізары што з чатырох бакоў, значыць — з чатырох.

Мабыць, у гэтых чатырох бакоў ёсць нейкая адмысловая магія лічбаў. Таму што не першы ж раз ужо з гэтых бакоў на Беларусь рыхтуецца напад.

Хоць я асабіста лічу, што галоўны напад на Беларусь учора рыхтаваўся з гандлёвага цэнтра “Экспабел” у Мінску. Таму што калі б ён адтуль не рыхтавалася, то “красаўцы” б яго не адбівалі, правільна? А яны яго адбівалі — даступнымі сіламі і сродкамі. А калі адбівалі, як маглі, — значыць, напад рыхтаваўся. Навошта б ім было адбіваць, калі б нічога не рыхтавалася?

«У выніку аперацыі грамадскі парадак адноўлены: закладнікі вызваленыя, злачынцы абясшкоджаныя!». 

Пра грамадскі парадак нічога не скажу, але пра абясшкоджаных злачынцаў гэта яны паспяшаліся. Злачынцы бегаюць па краіне з вучэннямі і паказваюць у тэлевізары, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад.

А сёння напад на Беларусь, як я разумею, рыхтуецца з Гродзенскай вобласці. Таму “красаўцы” ўвялі ў Гродзенскай вобласці антытэрарыстычны рэжым, каб не прапусціць у астатнюю Беларусь умоўнага праціўніка. 

Хоць, як ты яго не прапусціш, калі гэты праціўнік усюды і рыхтуе напад з кожнага выбарчага ўчастка краіны?

На кожным заводзе — праціўнік, у кожнай школе, офісе, краме, землеўпарадкавальнай канторы, казарме і літаральна ў кожным доме — вораг. Таму што “красоўцы” ўмеюць знайсці яго сабе ўсюды, куды яны не прыйдуць. Таму што гэтага праціўніка не трэба ж нават шукаць. Калі спыніць на вуліцы выпадковага беларускага грамадзяніна, то, з верагоднасцю чатыры да аднаго, гэты грамадзянін апынецца элементам, нядобразычлівым да беларускіх уладаў.

Вось цяпер увесь беларускі тэлевізар спрабуе нас з табой пераканаць, што толькі мы з табой удваіх не любім беларускую ўладу. А іх астатніх, хто любіць, — як мінімум 80 адсоткаў, але дакладна не менш 92, а месцамі бліжэй да 100.

Хоць насамрэч яны ж у курсе, што ўсё наадварот. І шалеюць, таму што падазраюць, што мы з табой таксама гэта разумеем. Што за чатыры гады стабільнасці ў іх не стала больш народнай любові нават у яе адносным выражэнні, і нават з улікам паўмільёна грамадзян сумнеўнай лаяльнасці, якія з'ехалі з краіны. Таму што сярод тых, хто застаўся, народнай любові стала яшчэ менш, чым было раней.

І яны ж гэта ведаюць лепш, чым мы з табой. Вось мы з табой можам толькі здагадвацца, а ў іх ёсць дакладныя навуковыя даныя замераў грамадскай думкі, якія яны правялі перад электаральнай кампаніяй. І высветлілі гэты непрыемны для сябе факт. 

Таму “красаўцы” бегаюць цяпер па ўсёй краіне і шукаюць, адкуль на іх рыхтуецца напад. 

Таму тэлевізар займаецца альтэрнатыўнай матэматыкай, каб даказаць нам з табой што іх у тэлевізары большасць. 

Таму сёй-той так распух ад злосці, што можа хутка неспадзявана лопнуць. 

Таму што яны разумеюць: калі здарыцца на іх які напад — і ад ахвочых дапамагчы нападнікам адбою не будзе.

І чэргі ахвочых будуць даўжэйшымі, чым пасля таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.