Пакуль у стабільнасці ёсць гарант, гарантаваць яе насамрэч няма каму
Відаць, цяпер анексаваць у беларускага гаранта ў сэнсе суверэнітэту сапраўды асабліва ўжо няма чаго, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
Учора сёй-той апраўдваўся перад смаленскім губернатарам за несанкцыянаваныя праявы гуманізму. Распавядаў смаленскаму губернатару, што сваімі праявамі гуманізму ён не меў на ўвазе ніякай шматвектарнасці. Тлумачыў, што не трэба яго гуманізму надаваць вялікага значэння. Таму што нават калі ён і адпусціў «некалькі дзясяткаў» закладнікаў, то зрабіў гэта без усялякіх задніх антырасійскіх думак.
І таму не трэба яму за яго гуманізм анексаваць ніякага суверэнітэту. Таму што ў сваім суверэнітэце гарант стабільнасці не вінаваты — у яго гэтага суверэнітэту і так ужо мала засталося.
І я хачу сказаць, што калі нават за нерэгулярны гуманізм даводзіцца апраўдвацца перад смаленскім губернатарам, то асэнсаваць у сэнсе суверэнітэту сапраўды асабліва ўжо няма чаго.
Не, я не сумняваюся, што Пуцін знойдзе што яму асэнсаваць, калі захоча. Я проста маю на ўвазе, што мала што там у гаранта засталося, што яму яшчэ можна анексаваць.
Прычым, заўваж. Вось гарант стабільнасці вымагае гарантыі сваёй недатыкальнасці ў калектыўнага Захаду. І гэта пасля ўсяго, што было паміж ім і калектыўным Захадам.
Спрабуе даказаць сваю суверэнную карысць Кітаю. Без асаблівага, як я разумею поспеху.
Ці апраўдваецца перад смаленскім губернатарам і тлумачыць, што нічога добрага ён сваім гуманізмам не меў на ўвазе.
Але ў гаранта ж пры гэтым няма ніякіх ілюзій наконт сваіх унутраных рэзерваў. Ён не спадзяецца, што яго генералы абароняць яго суверэнітэт. Або што сведкі стабільнасці дзе-небудзь публічна засведчаць на яго карысць.
Таму што сёй-той сваіх генералаў і сваіх сведак ведае нават лепш, чым мы з табой. Разумее, што яго генералы добрыя, калі ім трэба абараняць стэлу ад неверагоднага праціўніка. А па-сапраўднаму абараняць для таго-сяго яго суверэнітэт генералы не падпісваліся. Таму што не для таго існуюць генералы, каб рызыкаваць сваёй генеральскай бяспекай дзеля свайго гаранта.
А сведкі стабільнасці — гэта такія сведкі, якія засведчаць што заўгодна.
Таму што стабільнасць у такіх сведак адна, і яна вельмі асабістая. Ну а іншых генералаў і іншых сведак пасля чатырох гадоў стабільнасці побач ужо не засталося.
І атрымліваецца, што пакуль у стабільнасці ёсць гарант, гарантаваць яе насамрэч няма каму.