Верагодны праціўнік не ўваходзіць у генеральскі сацыяльны пакет

Беларускія генералы добрыя, калі трэба абараняць стэлу ад неверагоднага праціўніка. А на верагоднага праціўніка беларускія генералы не падпісваліся, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg

Глядзі, як яно цікава ўсё атрымліваецца. Пакуль танкі ўяўнага праціўнікі баразнілі віртуальнымі гусеніцамі па перыметры тэлевізара, сёй-той надзімаў мундзір і праз дзень распавядаў, як яго правакуюць уступіць у вайну. Яго правакавалі, а ён не паддаваўся. Але казаў, што чырвоных ліній не бачыць і да трох лічыць не ўмее. 

І вось цяпер, калі беспілотнікі нявызначанай нацыянальнасці лётаюць у Беларусь як да сябе дадому, сёй-той сказаў, што ніякіх тэндэнцыяй да ўцягвання яго ў вайну ён асабіста не назірае.

Раней такія тэндэнцыі назіраў. А на сорак пятым “шахідзе” — як адрэзала. Усе. Куды што падзелася? Няма больш тэндэнцый.

Таму што за тэндэнцыямі добра назіраць у сябе ў тэлевізары. У сябе ў тэлевізары беларускія генералы могуць уразіць любога ўмоўнага праціўніка. Беларускія генералы ў прынцыпе ўмеюць уражваць. Напрыклад, харэаграфіяй сваіх сіл спецыяльных аперацый або танкамі, якія вальсуюць.

Але рабіць уражанне на суперніка з дапамогай харэаграфічным майстэрствам лепш з бяспечнай адлегласці, якая не дапускае з яго боку магчымасці прамога кантакту. І —пажадана — выключна ў мірны час.  А калі сапраўдныя “шахіды” парушаюць ўяўныя чырвоныя лініі, найлепш, вядома, нікога нічым не ўражваць. 

Глядзіце таксама

Таму што пры ўсім багацці ўяўлення сёй-той разумее ўсё пра сваіх генералаў. І, можа, нават лепш, чым мы з табой.

Таму тэндэнцый сёй-той не назірае, а да вайны рыхтуецца. Ну, як можа... Вось раней у яго былі толькі армія, міліцыя, АМАП, унутраныя войскі, тэрытарыяльная абарона, народнае апалчэнне, 12 атрадаў генерала Карпянкова і паляўнічая-рыбалоўная брыгада генерала Шуневіча. А цяпер будзе яшчэ спецыяльны атрад ветэранаў спецназа, якія добра пажылі. Гэта значыць, пяцьдзясят, а месцамі нават шэсцьдзясят з гакам гадоў.

Таму што сёй-той можа, вядома, паставіць пад ружжо паўмільёна чалавек, але разумее, што абараняць яго ўсё роўна няма каму. Стрэльбу, канешне, гэтыя паўмільёна чалавек можа і возьмуць…

А беларускія генералы добрыя, калі трэба абараняць стэлу ад неверагоднага праціўніка. А на верагоднага праціўніка беларускія генералы не падпісваліся. Верагодны праціўнік не ўваходзіць у генеральскі сацыяльны пакет.

Ёсць, праўда, яшчэ старэйшы саюзнік. Які толькі і чакае зручнага выпадку, каб сяго-таго абараніць самымі рашучымі вербальнымі інтэрвенцыямі. Як Курскую вобласць, толькі яшчэ лепш. Вось дзеля абароны Курскай вобласці Пуцін не пакідаў за сабой права ўжыць ядзерную зброю. А дзеля кагосьці ўчора сказаў, што пакіне.

Глядзіце таксама

У якім канкрэтна месцы ён будзе ўжываць ядзерную зброю, Пуцін, праўда, не ўдакладніў. Хоць па маіх асабістым адчуваннем гэтае пытанне найлепш растлумачыць загадзя. Таму што, калі ты залятаеш на тэрыторыю саюзніка 45 “шахідамі” неапазнанай нацыянальнасці, а потым абяцаеш яго абараніць, шчырасць намераў выклікае смутныя сумневы. 

Таму трывожных тэндэнцый «па ўцягванні нас у вайну» найлепш сапраўды не назіраць і не бачыць. А яшчэ лепш — нават наогул не глядзець у іх бок. Каб лішняй назіральнасцю лішні раз не прыцягваць да сябе лішняй увагі. А то можа атрымацца горш, чым з пацуком, якога сокалы скінулі на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.