Мірнае неба ці рыторыка перамогі: Што збіраюцца «прадаваць» электарату?

Ці баяцца ўлады новых пратэстаў падчас выбараў і наколькі будзе ўзмацняцца рыторыка пра «чыстае неба над галавой»? На гэтыя пытанні чытачоў «Люстэрка» адказаў палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Няўжо фіцыйны Мінск рэальна "мяняе людзей на дэталі для самалётаў" і, можа, ёсць іншыя санкцыйныя тавары, за якія ўлады былі б гатовыя адпускаць палітвязняў?

«Уявіць сабе нейкія пратэсты ў такой сітуацыі складана. Але ўлада можа лічыць інакш»

— Аб'яднанне былых сілавікоў BELPOL пісала, што беларускія ўлады вырашылі правесці прэзідэнцкія выбары 23 лютага 2025 года. Кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што цяпер разглядаюцца чатыры даты правядзення электаральнай кампаніі. З пункту гледжання ўладаў, калі ім больш выгадна гэта рабіць?

— Паводле дзейнай Канстытуцыі, прызначаць дату прэзідэнцкіх выбараў трэба мінімум за пяць месяцаў. Таму названая BELPOL дата — 23 лютага — ужо не выглядае рэалістычнай: да яе засталося менш часу. Адзіны спосаб абысці гэтае абмежаванне для Лукашэнкі — добраахвотна падаць у адстаўку ці памерці, тады новыя выбары сапраўды павінны прайсці хутчэй — цягам 70 дзён.

У адказе на пытанне, калі ўладам больш выгадна праводзіць выбары, ёсць два вымярэнні — палітычнае і бюракратычнае. 

З пункту гледжання ўнутраных ці знешніх палітычных рызык, рэалістычна іх сёння на гарызонце няма. У краіне ўстаноўлены поўны, практычна таталітарны кантроль за любымі публічнымі праявамі незадаволенасці. Уявіць сабе нейкія пратэсты ў такой сітуацыі складана. 

Але ўлада, вядома, можа лічыць інакш і перастрахоўвацца. Мы гэта бачылі падчас парламенцкай кампаніі 2024 года, калі ніякіх намёкаў на пратэсты не было, але тым не менш выбары праводзіліся як спецаперацыя. Улада як быццам чакала, што рэвалюцыя можа сама раптам выскачыць з-за вугла.

І з гэтага пункту гледжання зіма ці халодная вясна, зразумела, зручней лета. У гісторыі, вядома, ёсць прыклады зімовых рэвалюцый: той жа Майдан 2014 года або Лютаўская рэвалюцыя ў Расійскай імперыі. Але ў цэлым, па агульнаму правілу, халоднае надвор'е не спрыяе доўгаму знаходжанню людзей на вуліцы. 

Плюс, чым раней будзе дата выбараў, тым меншая імавернасць, што да таго часу беларуская эканоміка сыдзе з сённяшняй траекторыі росту ВУП і заробкаў, якія, у сваю чаргу, выкліканыя анамальным попытам на беларускую прадукцыю ў Расіі. Ніхто не ведае, калі гэты ваенна-прамысловы стымул перастане дзейнічаць. Расійскі Цэнтрабанк ужо робіць крокі, каб астудзіць відавочна перагрэтую эканоміку. 

І таму ва ўладаў у Мінску можа быць спакуса выкарыстоўваць выгадны для сябе момант, пакуль ён не скончыўся, — гэта значыць, правесці выбары раней, чым да пачатку лета. З бюракратычнага пункту гледжання, навучальны год таксама больш зручны час, чым канікулы ў каледжах і ВНУ. Масы студэнтаў знаходзяцца пад больш шчыльным кантролем адміністрацый сваіх ВНУ і інтэрнатаў, і, адпаведна, іх лягчэй мабілізаваць на датэрміновае галасаванне.

Для мясцовых уладаў высокая яўка і 100%-е наведванне выбараў бюджэтнікамі і студэнтамі заўсёды былі ледзь не больш важным індыкатарам эфектыўнасці іх працы, чым выніковы вынік у пратаколах. 

Цяпер на выбарах не чакаецца інтрыгі, і, адпаведна, многія людзі, якія хацелі б бачыць сэнс у сваім паходзе на ўчасткі, гэтым разам, у адрозненне ад 2020-га, могуць застацца дома. І таму стварэнне тэлевізійнай карцінкі масавага народнага прыходу на галасаванне становіцца прыярытэтам.

Але ўсё гэта — рацыянальныя аргументы, і ўлада не заўсёды кіруецца імі. Я памятаю, як у 2019-м годзе было мноства размоў пра тое, што рацыянальней для ўлады спачатку правесці ў канцы года прэзідэнцкія выбары, а ўжо потым парламенцкія — у 2020-м. Але Лукашэнка вырашыў паказаць, які ён смелы, — праводзіць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары не будзе. Мы ўсе памятаем, чым гэта скончылася. Было б цалкам у гэтым стылі на фоне ўсіх спекуляцый аб правядзенні больш ранніх выбараў у лютым цяпер пайсці на прынцып і сказаць «не, яны пройдуць у гранічны тэрмін — у канцы вясны ці летам».

Арцём Шрайбман. Фота: «Люстэрка» 

Арцём Шрайбман. Фота: «Люстэрка» 

— Лукашэнка чарговым разам загаварыў пра вайну. Наколькі перад выбарамі будзе ўзмацняцца такая рыторыка і ці будзе разыгрывацца карта пра «чыстае неба над галавой»?

— У гэтым можна не сумнявацца. Мір застаецца галоўнай каштоўнасцю большасці беларусаў. Усе даследаванні пачынаючы з 2022 года паказваюць, што пераважная большасць грамадзян нашай краіны, незалежна ад палітычных поглядаў, не хочуць, каб беларусы ўдзельнічалі ў расійска-ўкраінскай вайне. Некаторыя апытанні нават паказваюць, што, гуляючы на гэтай тэме і прэзентуючы сябе як гаранта міру, Лукашэнка змог адыграць частку даверу, якую ён страціў у 2020 годзе.

Пакуль у суседзяў ідзе вайна, а ў нас з яе адгалоскаў — толькі дроны, якія падаюць, і зрэдку з'яўляюцца ў краіне [расійскія] войскі, для дзеючай улады няма нічога прасцей, чым прадаваць электарату статус-кво як сваё дасягненне, а любыя змены — як тыя, што патэнцыйна вядуць да вайны. 

А каб кантраст працаваў і вайна заставалася актуальнай у галовах беларусаў, Лукашэнка ўвесь час павінен пра гэта нагадваць, праходзячы паміж двума струменьчыкамі ў сваёй рыторыцы. 

З аднаго боку, трэба вечна палохаць людзей рэальнасцю вайны, гэта значыць пастаянна нагнятаць нейкія знешнія пагрозы. Таму мы рэгулярна чуем ягоныя выступы, што «мы гатовыя ўжыць ядзерную зброю, як толькі варожы бот пераступіць нашу мяжу», як быццам ля гэтых межаў ужо сабраныя ўдарныя групоўкі польскіх, украінскіх ці літоўскіх войскаў. З іншага — Лукашэнку трэба гэтак жа рэгулярна нагадваць пра сваю міралюбнасць, каб людзі не сталі ўспрымаць яго як галоўнага нагнетальніка вайны. Калі вы паглядзіце на любую яго гаворка на гэтую тэму за апошні год, то там нязменна будуць два гэтыя кампанента — міралюбівы і мілітарысцкі.

«Для заходнікаў бяспечней пачакаць, пакуль беларускія ўлады спыняць новыя арышты, і толькі потым распачынаць гэты гандаль»

— Нядаўна расійскі палітык Ілля Яшын сказаў: «Лукашэнка літаральна абменьвае людзей на дэталі для самалётаў. У яго праблемы з „Белавія“, і яму трэба рамантаваць самалёты, але ён не можа атрымаць неабходныя дэталі з-за санкцыяў». Гэта рэальна? Можа, трэба знайсці яшчэ пару пазіцый і ўсіх палітвязняў абмяняць?

— Гэтая інфармацыя гучыць для мяне не вельмі праўдападобна з некалькіх прычын. Па-першае, крыніца. Я магу дапусціць, што Яшын мае добрыя кантакты ва ўрадах заходняга свету, але незразумела, чаму такая таемная дамова паміж Мінскам і Захадам стала вядомая ў першую чаргу яму, але не дзясяткам журналістаў-расследвальнікаў, якія займаюцца гэтай тэмай. Такая гіпатэтычная здзелка не магла быць дасягнутая без ведама кіраўніцтва тых заходніх краін, якія ўводзілі санкцыі на авіяцыйнае абсталяванне. Бо тут ідзе гаворка пра таемныя выключэнні з рэжыму санкцый у межах палітычнага гандлю з дыктатурай. Строга кажучы, гэта незаконна. І такія адступленні ад нормаў права не можа сабе дазволіць чарговы клерк у міністэрстве ці нейкі вытворца асобных дэталяў для самалёта: яны проста пабаяцца трапіць у турму. Не кажучы ўжо пра тое, што на гэтым узроўні праблема беларускіх палітвязняў не з’яўляецца ні для каго прыярытэтам. Кіраўніцтва «Боінга» наўрад ці ведае прозвішча хоць аднаго беларускага актывіста за кратамі.

Таму мы атрымоўваем нейкую глабальную палітычную здзелку, дзе ёсць кіраўніцтва краін, якое прымае такія рашэнні, ёсць выканаўцы з рэгуляцыйных органаў, якія заплюшчваюць вочы на парушэнне рэжыму санкцый ці на выключэнне пэўных дэталяў [якія дасылаюць у Беларусь] з гэтага рэжыму. І ёсць вытворцы гэтых дэталяў, якія па палітычным загадзе зверху пастаўляюць гэтыя дэталі ў Беларусь.

То-бок мінімум дзясяткі, а магчыма, і сотні людзей удзельнічаюць у працэсе, але ўсе трымаюць таямніцу. Ніводнае міжнароднае ці заходняе медыя не ведае пра гэты абмен, пакуль нехта не вырашае зліць інфармацыю расійскаму апазіцыянеру. І заадно дазваляе публічна паведаміць пра гэта сотням гледачоў, якія прыйшлі паслухаць яго ў Вільнюсе. Гучыць гэта ўсё не толькі дзіўна, а проста непераканаўча ў сітуацыі, калі заходнія медыя штотыднёва публікуюць новыя злівы інфармацыі пра нейкія пакуль непублічныя рашэнні Вашынгтона ці Брусэля па тэмах вайны ва Украіне ці санкцый супраць Расіі.

Калі адысці ад гісторыі з Яшыным, я не думаю, што Лукашэнка быў бы прынцыпова закрыты для падобных перамоваў. Яму амаль нічога не каштуе вызваляць палітвязняў нават дзясяткамі, асабліва калі гаворка ідзе пра непублічных персон з адносна невялікімі тэрмінамі. У турмах іх сотні, і можна на іх месца заўсёды набраць новых, пакрысе вызваляючы сябе ад заходніх санкцый.

І, натуральна, авіяцыйная бяспека — гэта тое, што хвалюе беларускія ўлады, асабліва пасля гісторыі з іранскім прэзідэнтам Раісі, які разбіўся на сваім верталёце ў маі.

Лукашэнка нават пасля абвінаваціў у яго смерці ЗША і іх санкцыі. То бок лагічны ланцужок паміж уласнай бяспекай і санкцыямі на авіязапчасткі ў яго ў галаве ёсць. Але перашкоды тут, хутчэй, на заходнім баку. Даць Лукашэнку такую магчымасць пазбаўляцца ад некаторых санкцый таксама азначае даць і яму, і шмат якім іншым аўтакратам моцны камерцыйны стымул, каб набіраць новых закладнікаў. Мала які заходні палітык хацеў бы асацыявацца з такімі рызыкамі, нават калі ў працэсе можна вызваліць некалькіх палітвязняў. Для заходнікаў рэпутацыйна бяспечней пачакаць, пакуль беларускія ўлады спыняць рэпрэсіі і новыя арышты, і толькі потым распачынаць гэты гандаль.

Па-другое, гэта была б яшчэ адна дзірка ў санкцыях супраць Расіі. Як бы на Захадзе ні апякаліся інтарэсамі беларускіх палітвязняў, але захаваць сённяшні рэжым санкцый супраць Масквы, асабліва пакуль ідзе вайна, усё ж такі выглядае больш важным прыярытэтам. Асабліва у такой далікатнай сферы, як авіяцыя, дзе некоторыя запчасткі могуць мець падвойнае прызначэнне і выкарыстоўвацца на вайне. Таму, нават калі мы прыйдзем да гандлю — санкцыі ў абмен на палітвязняў — што ўжо неадначасова здаралася ў гісторыі як Беларусі, так і іншых дыктатур, то хутчэй заходнія краіны будуць пачынаць з сектароў, якія наўпростава не дапамагаюць Расіі ўзмацняць сваю вайсковую машыну. Гэта могуць быць калійныя ўгнаенні, ці драўніна, ці некаторыя персанальныя санкцыі на вышэйшых чыноўнікаў ці набліжаных да ўлады бізнэсоўцаў. А ў сектарах, якія моцна завязаныя на расійскую эканоміку ці могуць выкарыстоўвацца ёй для абходу сваіх санкцый, хутчэй за ўсё прыйдзецца чакаць нармалізацыі адносін паміж Масквой і Захадам.