Маглам не зразумець: Крывая логіка беларускай эканамічнай мадэлі

Навошта будаваць сабе нешта непатрэбнае, калі вы не ведаеце што рабіць з тым, якое ўжо ёсць? Які тут сэнс, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belarus_ekanomika_pradpryemstva_zavod_impartazamjaszczenne_2024_fota_novy_czas__1_.jpg

Прабач, буду сёння пра сумнае. Таму што я разгадаў сакрэт макраэканамічных фокусаў. І не тых фокусаў, якія нам цяпер паказваюць. Там асабліва і разгадваць няма чаго. Я разгадаў сакрэт фокусаў, якія нам яшчэ толькі збіраюцца паказаць.

Учора віцэ-прэм'ер Шулейка сказаў, што ўрад хоча пабудаваць сабе «адзін з велічэзных заводаў па вытворчасці халадзільнікаў». У прынцыпе, мае, вядома, права хацець. Праўда, адзін завод па вытворчасці халадзільнікаў у нас ужо ёсць. 

І з гэтым заводам усё настолькі добра, у яго столькі халадзільнікаў, што на заводзе не ведаюць, куды гэтыя лядоўні падзець. У літаральным сэнсе. Таму што, праз высокі сабекошт, у гэтых лядоўняў не атрымліваецца канкураваць з кітайскімі ў Расіі. А больш ім канкураваць увогуле ж і няма дзе. 

Увесну на заводзе нават памянялі дырэктара, каб новы дырэктар прыдумаў, куды падзець лядоўні, якія яны зрабілі. Ну, пакуль не прыдумаў… Пакуль завод “Атлант” прадае менш лядоўняў, чым летась. 

І вось калі ў вас ёсць завод па вытворчасці лядоўняў, лядоўні з якога няма куды падзець, то які наступны лагічны крок? Правільна. Пабудаваць сабе яшчэ адзін такі ж самы завод.

Глядзіце таксама

І добра б, яны хацелі пабудаваць сабе адзін толькі завод лядоўняў. Так у іх жа шмат іншых плённых ідэй.

Вось МАЗ ужо амаль дабудаваў новы завод па вытворчасці аўтобусаў, хоць аўтобусы МАЗ так гараць на працы, што ў Расіі іх ужо перасталі браць. А акрамя Расіі нідзе і раней больш і не бралі.

А ёсць яшчэ ідэя пабудаваць другі цэлюлозны камбінат. Хоць на першы выдаткавалі больш за мільярд долараў — і за дзесяць гадоў так і не дабудавалі. 

А яшчэ хочуць мадэрнізаваць цэментавыя заводы, якія мадэрнізуюць гадоў дваццаць. Колькі на гэта выдаткавалі, ніхто не лічыў. І гэтым заводам свае страты і так ужо няма куды складаць.

І гэта я цябе пералічыў літаральна некалькі прыкладаў. Таму што ўсе ідэі ў адным лісце не пералічыш. Каб іх пералічыць, можа і двух тамоў будзе замала.

І вось я доўга не мог зразумець адказ на адно простае пытанне. Навошта? 

Навошта будаваць сабе нешта непатрэбнае, калі вы не ведаеце што рабіць з тым, якое ўжо ёсць. Не, я б зразумеў, калі б ім Расія давала на гэта непатрэбнае крэдыт, якія потым можна не аддаваць. Таму што калі Расія дае сяброўскі крэдыт, то галоўнае — не пабудаваць, а асвоіць.

Але яны збіраюцца будаваць за свае грошы. І я доўга не мог разабрацца, навошта. Таму што там працуе нелінейная логіка. Маглам не зразумець.


Глядзіце таксама

А насамрэч усё проста. Калі ты будуеш завод па вытворчасці лядоўняў, ты атрымліваеш не толькі лядоўні, якія потым няма куды будзе падзець. Лядоўні тут наогул могуць быць ні пры чым. 

Пакуль ты будуеш завод, ты атрымліваеш сабе працэнты росту валавога ўнутранага прадукту. Таму што ВУП вызначаецца не эфектыўнасцю, а аб'ёмах праведзеных работы. І чым больш ты будуеш, вырабляеш і мітусішся, тым лепш для тваіх паказчыкаў ВУП. 

Таму што ў наступным годзе яны хочуць вырасціць сабе ВУП не горшы, чым у гэтым. А расці яму няма куды. Цэны на экспарт падаюць, на расійскім рынку беларускія тавары крыўдзяць кітайскія канкурэнты, а ўнутраны попыт яны падагрэлі так, што далей яго падаграваць небяспечна. Можа выбухнуць. 

Вось яны прыдумалі такое простае, элегантнае рашэнне: вырасціць паказчыкі ВУП, нават калі гэты ВУП нікому асабліва не патрэбны. А куды потым падзець тое, што пабудавалі, гэта, у сучасных гістарычных умовах, пытанне рытарычнае.

Ты, вядома, можа ўсумніцца. Сказаць, што гэта нейкая крывая логіка. Ну так, а што ў іх прамога?.. Асабліва з тых часоў, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.