Не ўсе вакол дурні: Гісторыі пра няўдалы геапалітычны манеўр

Чаму з геапалітычнымі манеўрамі трэба быць неяк асцярожней? Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» прыгадвае павучальныя факты са старажытнай гісторыі. Гэтым разам — пра аматара манеўраў фракійскага цара Прусія.

Фракійскія салдаты. Сучасны малюнак

Фракійскія салдаты. Сучасны малюнак

Цар Віфініі (маленькай дзяржавы, што знаходзіліся якраз на шляху з Азіі ў Еўропу) Прусій лічыў сябе вялікім майстрам геапалітычных манеўраў. Ну, таму што ўсе вакол былі дурні, а цар Прусій адзін быў разумны. І таму прытрымліваўся цвёрдых палітычных прынцыпаў: падмані ўсіх сёння — і заўтра падмануць будзе лягчэй.

Спачатку Прусій быў саюзнікам вялікай Македоніі. Як не быць, калі ён ажаніўся з сястрой македонскага цара?

Таму, калі Македонія пачала вайну з Рымам, цар Прусій падтрымаў сваяка самымі рашучымі вербальным інтэрвенцыямі. 

А іншымі інтэрвенцыямі не падтрымаў. І вельмі сябе за гэта хваліў. Таму што Македонія прайграла, і царскі швагер апынуўся ў палоне.

Абмежаваны кантынгент рымскіх войскаў рушыў у бок Віфініі, каб папрасіць цара растлумачыць яго пазіцыю адносна нядаўняга рымска-македонскага канфлікту.

Прусій сустрэў рымскіх палкаводцаў у рымскай тозе, рымскіх чаравіках з коратка-стрыжанай галавой і назваў сябе «вольнаадпушчанікам рымлян».

У шэрыя вайсковыя будні царскі перфоманс унёс прыемную разнастайнасць. Рымскія генералы пасмяяліся, цар Прусій атрымаў статус саюзніка рымскага народа і выкараскаўся з сітуацыі сімвалічным штрафам.

Пасля гэтага цар зразумеў, што яго дыпламатычным талентам няма роўных. І праз некаторы час пасля Македонскай вайны вырашыў паправіць свае тэрытарыяльныя абставіны за кошт суседа, які быў даўнім і адданым саюзнікам рымскага народа.

Глядзіце таксама

Рымскі сенат, калі атрымаў вестку пра гэта, запатрабаваў ад Прусія неадкладна спыніць рабіць брыдасці ды памірыцца з суседам.

Але ты памятаем, што Прусій быў разумны, таму ўсе астатнія былі дурныя.

Таму цар паклікаў суседа на перамовы, на якіх з кожнага боку павінен быў прысутнічаць абмежаваны кантынгент войскаў. Свой кантынгент войскаў цар абмежаваў усёй сваёй арміяй.

Але сусед аказаўся не такім даверлівым, як хацелася. Ён выслаў наперад разведчыкаў, разведчыкі заўважылі войска, якое наступала, і сусед збег разам рымскімі пасламі, якія павінны былі прысутнічаць на перамовах у якасці пасярэднікаў.

Прусію ў якасці суцяшэння дастаўся царскі абоз разам з багажом рымскіх пасланнікаў.

Рымскі сенат вельмі не любіў тых, хто рабуе маёмасць рымскіх паслоў. Таму наступнае рымскае пасольства накіравалася ў бок Віфініі ў суправаджэнні рымскай арміі.

Пасля гэтага цар раптам усё зразумеў, раскаяўся ва ўсім зробленым ды пагадзіўся заплаціць суседу кампенсацыю за нанесеную маральную шкоду.

Але адразу пасля гэтага Прусій адправіў у Рым старэйшага сына Нікамеда, каб той дамовіўся пра штрафу.

Дамовіцца ў спадчынніка не атрымалася. Затое пасля даверлівых гутарак з рымскімі сенатарамі ён падняў паўстанне супраць бацькі.

Глядзіце таксама

Пакрыўджаны Прусіем сусед падтрымаў дамаганні спадчынніка. Прусій адправіў паслоў са скаргай у рымскі сенат, але ў сената якраз здарыліся непрыёмныя дні. Таму адпраўка рымскіх пасярэднікаў у Віфінію крыху зацягнулася. А калі яны ўсё ж такі прыбылі, у цара ўжо мала што засталося ад яго царства.

З павагі да рымскіх пасланцаў прынц Нікамед сказаў, што ён гатовы памірыцца з бацькам. Але побач, паводле шчаслівага збегу выпадковых абставінаў, апынуўся просты віфінскі народ. І гэты просты віфінскі народ стаў гучна патрабаваць замены старога гаранта на новага. Рымскія пасланцы сказалі, што яны не могуць працаваць у такіх умовах, і вярнуліся дадому.

Тады цар адступіў у сталіцу, спадзеючыся адседзецца за гарадскімі сценамі. Адседзецца не атрымалася. У сталіцы пачалося паўстанне — і сталічнае насельніцтва адкрыла вароты арміі прынца.

Прусій спрабаваў збегчы, але яго апазналі ўдзячныя падданыя і закідалі камянямі. Прынц, дарэчы, потым зрабіў выгляд, што ён вельмі засмучаны.

Так што з геапалітычнымі манеўрамі трэба быць неяк асцярожней. Не ўсе вакол дурні. Часам проста рукі не даходзяць. І асаблівую асцярожнасць варта праяўляць пасля таго, як сокалы ўжо скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.