Пуцін змяняе ядзерную дактрыну Расіі: Ці набліжае гэта свет да ядзернай вайны?
У чым палягаюць змены ў ядзерную дактрыну Расіі, што прапануе Пуцін?
Уладзімір Пуцін прапануе ўжыць ядзерную зброю, калі атрымае інфармацыю пра масавы старт крылатых ракет, беспілотнікаў або іншых лятальных апаратаў па тэрыторыі Расіі. Пра ўнясенне змяненняў у дакумент аб асновах дзяржаўнай палітыкі ў галіне ядзернага стрымлівання і ваенную дактрыну Уладзімір Пуцін заявіў на нарадзе Савета бяспекі Расіі, піша «Настоящее Время».
Прапануецца таксама пашырыць спіс дзяржаў і ваенных саюзаў, у дачыненні да якіх праводзіцца ядзернае стрымліванне, а таксама дапоўніць «пералік ваенных пагроз, для нейтралізацыі якіх выконваюцца мерапрыемствы ядзернага стрымлівання».
Дзеючая дактрына, прынятая ў 2020 годзе, змяшчае чатыры ўмовы для прымянення ядзернай зброі Расіяй:
- зваротны ядзерны ўдар;
- прымяненне праціўнікам зброі масавага паражэння па тэрыторыі Расіі ці саюзнікаў;
- уздзеянне праціўніка на дзяржаўныя або ваенныя аб'екты, якое можа перашкодзіць нанесці ядзерны ўдар;
- пагроза існаванню Расіі.
Калі прапанаваныя Пуціным змены будуць прынятыя, Расія зможа ўжываць ядзерную зброю і ў тым выпадку, калі яе атакуе неядзерная дзяржава, але пры падтрымцы ядзернай дзяржавы, і ў адказ на прымяненне масіраванага паветрана-касмічнага нападу. Раней Уладзімір Пуцін папярэджваў, што ўдары Заходняй зброяй па Расіі з боку УСУ будуць успрымацца як удзел блока NATO ў вайне.
Напярэдадні нарады Рады бяспекі Расіі амерыканская газета The Washington Post са спасылкай на расійскіх чыноўнікаў і аналітыкаў пісала, што ядзерныя пагрозы Крамля пачалі страчваць сваю сілу — і таму Уладзіміру Пуціну даводзіцца шукаць «больш тонкі і абмежаваны» адказ у сітуацыі, калі Украіна можа атрымаць дазвол біць дальнабойнай заходняй зброяй па тэрыторыі Расіі.
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак назваў планы Крамля па змене ядзернай дактрыны шантажом. Паводле яго, у Пуціна больш не засталося ніякіх інструментаў для запалохвання.
А дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк назваў заявы расійскага кіраўніка «рэпутацыйным дном».
Тым часам Уладзімір Зяленскі, выступаючы на пасяджэнні Генасамблеі ААН, зноў паведаміў, што Масква рыхтуецца нанесці ўдары па атамных электрастанцыях ва Украіне.
«Пуцін плануе атакі на нашы атамныя электрастанцыі і іх інфраструктуру з мэтай адключэння станцый ад энергасістэмы. Дарэчы, з дапамогай спадарожнікаў іншых краін Расія атрымлівае выявы і падрабязную інфармацыю аб інфраструктуры нашых атамных станцый. Але чым гэта насамрэч пагражае? Любая ракетная або беспілотная атака, любы крытычны інцыдэнт у энергетычнай сістэме можа прывесці да ядзернай катастрофы», — падкрэсліў ён.
Патэнцыйную ядзерную пагрозу ва Украіне пракаментаваў польскі прэзідэнт Анджэй Дуда, які заявіў, што небяспека нападу на АЭС ва Украіне ёсць, і трэба лічыцца з магчымымі наступствамі. А прэзідэнт Славакіі Петэр Пелегрыні заявіў аб павышэнні пільнасці ў краіне. Там плануюць вымяраць узровень радыяцыі на мяжы з Украінай. Пелегрыні папярэдзіў, што магчымы напад Расіі на ядзерныя аб'екты Украіны можа прывесці да трагедыі, падобнай Чарнобыльскай.
У Крамлі заявы ўкраінскага прэзідэнта не каментавалі.
Ці могуць змены ў ядзернай дактрыне Расіі наблізіць свет да ядзернай вайны?
Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута ААН па даследаванні праблем раззбраення Павел Подзвіг пракаментаваў гэта журналістам Настоящего Времени
Са слоў эксперта, зменаў не так шмат, і формула, што Расія будзе ўважаць напад неядзернай дзяржавы пры падтрымцы ядзернай дзяржавы супольнай, існавала і раней.
«У любой формуле ідзе гаворка пра агрэсію, у адказ на якую Расія гатовая разгледзець і будзе лічыць, што мае права ўжыць ядзерную зброю. Што такое агрэсія? Ці будзе гэта агрэсія, як гэта запісана ў дактрыне, якая ставіць пад пагрозу само існаванне дзяржавы? У гэтым выпадку ўявіць такога кшталту агрэсію насамрэч вельмі складана, — кажа Павел Подзвіг. — Найбольш істотнае пытанне, на мой погляд – што значыць «ужыць ядзерную зброю»? Прымяніць яе якім чынам, з якой мэтай, супраць якіх аб'ектаў і іншае».
У любым выпадку, упэўнены эксперт, рашэнне аб удары будзе прымаць асабіста Пуцін. Але, на ягоную думку, пасяджэнне Рады Бяспекі не наблізіла свет да ядзернай вайны.
«Па-першае, гэта ўсё чакалася, — кажа ён. — Па-другое, па вялікім рахунку, істотных змен пакуль мы не бачым. Гэта пакуль усё застаецца на ўзроўні заяў, і нейкіх рэальных крокаў у бок эскалацыі мы таксама не бачым. Пакуль, я думаю, трэба быць напагатове, але з іншага боку, не трэба рэагаваць занадта моцна. Намаганні павінны быць накіраваны на тое, каб разумець, што рэальна прымяненне ядзернай зброі недапушчальна ў любой сітуацыі, і вакол гэтай пазіцыі [варта] спрабаваць аб'ядноўваць усе краіны, якія толькі магчыма».
Расійскі палітык Дзмітрый Гудкоў з гэтай нагоды напісаў:
«Добрай нетэрмаядзернай раніцы! Пачытаў заходнюю прэсу. Чарговая аранжыроўка ядзерных пагроз у выкананні Пуціна не трапіла на першыя палосы большасці СМІ. Хоць гэтым разам пагрозы былі нават як бы інстытуцыяналізаванымі — праз анонс правак у ядзернай дактрыне».
Ізраільскі журналіст, аўтар ТГ-канала «Вайна з Ардой» Сяргей Аўслендэрназваў заявы Пуціна “Жахалкай у чыстым выглядзе”:
— Паглядзеў пра «новую ядзерную дактрыну» арды, якую яны там абмяркоўвалі на дзіўным форуме. Жахалка ў чыстым выглядзе, дрэнна і на хуткую руку падрыхтаваная, таму і вельмі непераканаўчая.
Уласна, пасля фразы, што «Масква заўсёды ў вышэйшай ступені адказна падыходзіла да пытанняў выкарыстання ядзерных сіл» (згадайце эфіры Салаўёва — Кісялёва), можна было ўжо далей не глядзець, але мы ўсё ж глянем.
Там суцэльны ўмоўны лад, «калі так здарыцца», «каб», і фармулёўкі — якія вельмі непадыходзяць для «ядзернай дактрыны».
Што такое наогул «Ядзерная дактрына»? Гэта тое, у якіх выпадках дзяржава прыменіць ядзерную зброю і які парадак яе прымянення. Першае, другое, трэцяе... а тут: «пакідаем за сабой права», «прапануецца разглядаць» і таму падобныя мутныя фармулёўкі.
Вось, напрыклад. Спачатку Пуцін кажа: «Таксама выразна фіксуюцца ўмовы пераходу Расіі да ўжывання ядзернай зброі». Потым: «Будзем разглядаць такую магчымасць ужо пры атрыманні дакладнай інфармацыі аб масіраваным старце сродкаў паветрана-касмічнага нападу і перасячэнні імі нашай дзяржаўнай мяжы». Калі сродкі паветрана-касмічнага нападу перасякуць дзяржаўную мяжу ўжо будзе позна нешта «разглядаць». Там лік ідзе на хвіліны, а яны нешта будуць разглядаць.
Зразумела, што ўсё гэта звязана з выпрабаваннямі ракеты «Сармат», якая ў чарговы раз рванула на старце і дашчэнту разнесла палігон. Разам з тым, на сённяшні дзень у іх няма стоадсоткавай упэўненасці, што ракеты шахтнага базавання (галоўны стрымліваючы фактар) наогул паляцяць. «Ваяводы», якія стаяць там, ужо даўным-даўно выпрацавалі ўсе тэрміны. Таму трэба заняцца самасуцяшэннем і паказаць, як выказаўся Дзмітрый Анатольевіч Мядзведзеў «гнілому неанацысцкаму рэжыму і ўсім ворагам Расіі, якія штурхаюць свет да ядзернай катастрофы, што ёсць падстава задумацца». Вось у яго з фармулёўкамі — поўны парадак.