Калі на нас нападуць марсіяне, то пакуль улады прымуць патрэбны ўказ, беларусы атрымаюць марсіянскія пашпарты

Заблукалых у Беларусі беспілотнікаў так шмат, што цяпер, праз 4 месяцы, нават вербальных інтэрвенцый стала на ўсіх не хапаць. Давялося прымаць адмысловы ўказ, які цяпер дазваляе іх збіваць усім зацікаўленым і нават не вельмі зацікаўленым. Але і яго недастаткова. Гэтыя зацікаўленыя і цяпер яшчэ да канца не ўпаўнаважаныя. Таму што мала прыняць указ, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_belarus_zbroja_vojska_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo.jpg

Яны чаму раней беспілотнікі не збівалі? Таму што ў іх указа не было. А цяпер, з указам, яны адразу ўсе беспілотнікі збіваць пачнуць.

Раней жа як было? Раней беспілотнікі маглі збіваць толькі спецыяльна ўпаўнаважаная СПА. А ўчора нехта падпісаў указ. І паводле новага ўказу збіваць беспілотнікі (і авіямадэлі) упаўнаважаныя літаральна ўсе зацікаўленыя ў гэтым асобы. Асобы, якія не вельмі зацікаўленыя, і асобы, якія зусім не зацікаўленыя, таксама ўпаўнаважаныя. Гэта значыць, мытнікі, пажарнікі, следчыя, судовыя эксперты, паляўнічыя з рыбаловамі і пракуроры.

Вось, калі я табе той раз казаў, што беларускія ўлады абараняюць мірнае неба над галавой пастановамі пракуратуры, я ж думаў, што гэта я так жартую. І спадзяваўся, што можа быць нават трошкі смешна. А аказалася, што гэта наогул не смешна. Што яны па-іншаму проста не ўмеюць.

Я, праўда, трошкі здзіўляюся, адкуль у іх такая вера ў магічную сілу сваіх нарматыўна-прававых актаў. Беларуская СПА, да прыкладу, і раней была ўпаўнаважаная збіваць усё, што дрэнна ляціць. І нічога гэта беларускай СПА не дапамагло. Яно ўсё як лётала, так і лётае цяпер кожны дзень.

Ну добра. Дапусцім, гэта такі беларускі парадак, якія фарміраваўся стагоддзямі апошнія трыццаць гадоў. Калі любыя адносіны павінны рэгулявацца адпаведнымі нарматыўна-прававымі актамі.

Тады адкажы вось на якое пытанне. Хто кемлівы — тыя, якія без указа не здагадваліся, што варожыя беспілотнікі трэба збіваць, або той, хто здагадаўся выдаць указ толькі на чацвёрты месяц пасля таго, як гэтыя беспілотнікі сталі баразніць мірнае беларускае неба?

На самай справе, можаш не адказваць. Пытанне ж было з падвохам. Яны ўсе аднолькава кемлівыя. Але кожны па-свойму.

Ну вось, як ты сабе ўяўляеш, няўжо гарант можа збіваць гэтыя беспілотнікі, калі ў яго СПА не той сістэмы? Сваім верталётам ці што? Не, можна збіваць беспілотнікі вербальнымі інтэрвенцыямі. І хіба сёй-той гэтага не рабіў? Ды на яго вербальныя інтэрвенцыі ўжо балюча было глядзець.

Але беспілотнікаў так шмат, што нават вербальных інтэрвенцый стала на ўсіх не хапаць. Таму сёй-той дэлегаваў свае паўнамоцтвы.

А тых, каму ён дэлегаваў паўнамоцтвы, таксама можна зразумець. Яны ж службовыя асобы. Яны раней упаўнаважаныя не былі. 

Я табе больш скажу. Яны і цяпер яшчэ да канца не ўпаўнаважаныя. Таму што мала прыняць указ. У развіццё ўказа трэба яшчэ распрацаваць адпаведныя нарматыўна-прававыя акты. Таму што ва ўказе не прапісаныя ні функцыі адказных службовых асоб, ні парадак збівання беспілотнікаў, ні формы справаздачнасці. Як ты будзеш збіваць беспілотнікі (і авіямадэлі) калі ў цябе не зацверджана форма справаздачнасці? Гэта ж будзе хаос нейкі.

Памятаеш я калісьці перажываў наконт уварванне марсіянскіх трыножнікаў? Так усё. Ужо не перажываю. У сэнсе не перажываю за марсіянскіх трыножнікаў. Як сказаў мне ўчора адзін добры чалавек, калі марсіяне нападуць на краіну, то да таго часу, калі будзе прыняты ўказ (і адпаведныя нарматыўна-прававыя акты), усе ўжо атрымаюць марсіянскія пашпарты.

Таму што так уладкаваная беларуская стабільнасць. У беларускай стабільнасці ёсць адна галава, каб прымаць указы. А ў іншых галоў функцыя »думаць" не прапісаная ў службовых абавязках. А ў той галаве, якой прапісана, туман, натуральна ўзроставае запаволенне кагнітыўных функцый і засмучэнне вестыбюлярнага апарата.

Таму ў беларускай стабільнасці добра атрымліваецца рухацца па прамой загадзя зададзенай траекторыі і з рэгулярнай хуткасцю. А рэзкія рухі і змены вектара ў беларускай стабільнасці ўжо не вельмі атрымліваюцца. 

І добра на беспілотнікі стабільнасць адрэагавала нарматыўна-прававым актам толькі праз чатыры месяцы. А калі здарыцца чаго горшае? Як, напрыклад, сокалы, што скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.