960-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: аэрадром «Ханская» ў 450 км ад фронту папаў пад абстрэл — гараць боепрыпасы

Расія забівае мірных украінскіх жыхароў, а Украіна спрабуе паражаць аб'екты забеспячэння расійскай арміі. Мінулай ноччу пад абстрэлам аказаўся аэрадром у Рэспубліцы Адыгея.

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

Ілюстрацыйнае фота: Генштаб УСУ

***

Камандаванне акупацыйных расійскіх войскаў загадала праводзіць высокія тэмпы механізаваных наступальных аперацый ва Украіне для тактычных поспехаў да ўтварэння сезоннага бруду. Паводле ацэнак ISW, расійская наступальная аперацыя ў Данецкай вобласці, верагодна, дасягне кульмінацыі ў бліжэйшыя месяцы.

Аналітыкі мяркуюць, што расійскае ваеннае камандаванне, верагодна, загадала сваім войскам праводзіць адносна высокія тэмпы механізаваных наступальных аперацый ва Украіне, каб дасягнуць значных тактычных поспехаў да таго, як восенню 2024 года багністасць абмяжуе манеўранасць механізаваных падраздзяленняў.

«Дрэнныя ўмовы надвор'я ўвосень 2024 года і на пачатку зімы 2024-2025 гадоў, верагодна, ускладняць і абмяжуюць манеўры як механізаваных, так і пяхотных падраздзяленняў, але расійскія войскі могуць спрабаваць захаваць свой паслядоўны наступальны ціск на ўсходзе Украіны, нягледзячы на гэтыя цяжкасці».

Прадстаўнік Нацыянальнай гвардыі Украіны Руслан Музычук заявіў 8 кастрычніка, што расійскія войскі павялічваюць выкарыстанне бронетэхнікі на полі бою, асабліва на Харкаўскім і Пакроўскім кірунках, каб скарыстацца перавагамі сухіх дарог і мясцовасці да таго, як сезонныя дажджы выклічуць топкасць глебы.

Як адзначаецца ў аглядзе ISW, войскі РФ праводзяць высокія тэмпы механізаваных нападаў на захадзе Данецкай вобласці з канца ліпеня 2024 года і правялі прынамсі чатыры механізаваныя атакі на ўсходзе Украіны на ўзроўні батальёна з 25 ліпеня 2024 года.

Таксама акупанты аднавілі адносна буйныя механізаваныя атакі ўздоўж лініі Купянск — Сватава — Крэменная з канца верасня 2024 года.

«Расійскае вайсковае камандаванне, імаверна, імкнецца актывізаваць механізаваныя наступальныя дзеянні, каб дазволіць сваім войскам прасоўвацца па адкрытых палях і замацавацца ў прыфрантавых населеных пунктах, якія затым яны могуць выкарыстоўваць як плацдарм для падрыхтоўкі і правядзення наступальных аперацый, накіраваных на дасягненне аператыўных мэт — такіх як захоп Курахава на захадзе Данецкай вобласці або Пакроўска».

«Расійскія войскі, хутчэй за ўсё, не спыняць наступальных аперацый пасля восеньскага сезону бруду, хоць неспрыяльныя ўмовы надвор'я, верагодна, знізяць эфектыўнасць іх пяхоты».

Эксперты паказваюць на тое, што расійцы прыклалі мэтанакіраваныя намаганні, каб вярнуць сабе ініцыятыву на ўсёй тэрыторыі баявых дзеянняў увосень 2023 года, калі ўмовы надвор'я былі самымі складанымі для правядзення механізаваных наступальных аперацый і, магчыма, будуць спрабаваць утрымаць ініцыятыву на гэтай тэрыторыі з дапамогай паслядоўнага наступальнага ціску восенню 2024 года пры падобных умовах надвор'я.

***

Паводле ацэнак амерыканскіх чыноўнікаў, Украіна зможа ўтрымліваць тэрыторыю ў Курскай вобласці Расіі прынамсі некалькі месяцаў, калі не даўжэй, піша «Bloomberg» са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў.

Паводле слоў крыніц выдання, Украіна пакуль не сутыкалася з якімі-небудзь значнымі праблемамі з пастаўкамі ў Курскую вобласць, паколькі расійскія войскі праводзілі толькі абмежаваныя контратакі і засяродзіліся на прасоўванні на ўсходзе Украіны.

Акрамя таго, пасля месяцаў чаканняў украінскія войскі атрымалі стабільнае забеспячэнне боепрыпасамі. Яно стала магчымым дзякуючы намаганнямі саюзнікаў, уключаючы ініцыятыву Чэхіі па пастаўках боепрыпасаў і намаганні ЗША і Францыі, накіраваныя на развіццё артылерыйскага патэнцыялу Украіны ў доўгатэрміновай перспектыве.

У публікацыі адзначаюць, што летняя аперацыя Украіны ў Курскай вобласці спачатку ўразіла саюзнікаў Кіева сваім хуткім пачатковым поспехам. Але, разам з тым, выклікала неспакой сярод некаторых чыноўнікаў, што кошт аперацыі можа аказацца высокім, калі Масква пяройдзе ў контрнаступленне і выцесніць ўкраінскія войскі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна можа выкарыстоўваць гэтую тэрыторыю як разменную манету на перамовах, хоць незразумела, калі могуць адбыцца перамовы з Масквой, улічваючы тое, што кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін не дэманструе сур'ёзнай гатоўнасці да іх.

«Хаўруснікі Украіны выяўляюць, што Зяленскі, магчыма, рыхтуецца прыняць больш гнуткую пазіцыю, бо яны шукаюць спосабы дапамагчы пакласці канец расійскай вайн»е.

Выданне дадае, што Украіна спрабуе высветліць, як лепш за ўсё абараніць сябе зімой, але таксама пачынае планаваць дзеянні на наступны год, у тым ліку з дадатковымі брыгадамі, павелічэннем набору і паляпшэннем абсталявання і падрыхтоўкі.

***

За мінулыя суткі на фронце адбылося 149 баявых сутыкненняў з акупантамі, больш за ўсё — на Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ.

«За мінулыя суткі адбылося 149 баявых сутыкненняў. Паводле ўдакладненай інфармацыі, праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах чатыры ракетныя ўдары, ужыўшы сем ракет, а таксама 85 авіяцыйных удараў, у прыватнасці скінуў 160 кіраваных авіябомб. Акрамя гэтага, здзейсніў больш за чатыры тысячы абстрэлаў, з іх 135 — з рэактыўных сістэм залпавага агню, і задзейнічаў для паражэння больш за 1600 дронаў-камікадзэ».

У ноч на 10 кастрычніка расійская авіяцыя атакавала Украіну 62 ударнымі БПЛА і 8 ракетамі. Сілы супрацьпаветранай абароны збілі 41 паветраную цэль. Усяго радыётэхнічнымі войскамі Паветраных сіл Украіны выяўлена і ажыццёўлена суправаджэнне больш за паўсотні сродкаў паветранага нападу праціўніка: 

  • 2 балістычныя ракеты «Іскандэр-М» (раён пускаў — вось Крыма);
  • 1 кіраваная авіяцыйная ракета «Х-31П» (з паветранай прасторы Крыма);
  • 2 кіраваныя авіяцыйныя ракеты «Х-59/69» (з паветранай прасторы Крыма);
  • 3 зенітныя кіраваныя ракеты С-300 (з акупаванай Данеччыны);
  • 62 ударныя БпЛА (раёны пускаў — Прыморска-Ахтарск, Курск, РФ).

Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 да 10.10.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 665 200 (+1 080) чалавек;
  • танкаў — 8 945 (+1) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 17 765 (+14) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 19 263 (+41) адз.;
  • РСЗА — 1 225 (+2) адз.;
  • сродкаў СПА — 976 (+3) адз.;
  • самалётаў — 369 (+0) адз.;
  • верталётаў — 328 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 16 767 (+49) адз.;
  • крылатых ракет — 2619 (+1) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 26 314 (+74) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 386 (+1) адз.

***

Чатыры чалавекі пацярпелі і разбураныя прыватныя жылыя дамы ў выніку расійскіх удараў па Запарожжы раніцай 10 кастрычніка.

Як стала вядома, у выніку ранішняй атакі на Запарожжа разбураныя і пашкоджаныя 29 дамоў. 8 домаўладанняў адключаныя ад газазабеспячэння. Пацярпелі чатыры чалавекі, сярод іх — адно дзіця.

***

Расійскія войскі раніцай 10 кастрычніка ўдарылі па тэрыторыі аграфірмы ў Сінельнікаўскім раёне Днепрапятроўскай вобласці, у выніку чаго адзін чалавек атрымаў раненні, згарэў драўляны склад, пашкоджаная тэхніка і аўто, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram.

«Раніцай вораг атакаваў Сінельнікаўшчыну. Папаў па тэрыторыі аграфірмы. Адбыўся пажар — агонь знішчыў драўляны склад. Пашкоджаныя таксама грузавыя машыны і легкавік, гаспадарчая тэхніка».

У выніку расійскага ўдару 45-гадовы мужчына атрымаў раненні, яго даставілі ў бальніцу.

***

Расійскія войскі атакавалі Мікалаеў позна ўвечары 9 кастрычніка, у выніку чаго ўспыхнуў пажар на інфраструктурным аб'екце і пашкоджаныя склады, расказаў мэр горада Аляксандр Сянкевіч у Telegram.

«Ударылі па ваколіцах горада. Атака была па інфраструктурным аб'екце, папярэдне ракетамі Х-59 / Х-69. У выніку прылёту адбыўся пажар, які аператыўна ліквідавалі».

Таксама, паводле слоў Сянкевіча, пашкоджаныя складскія памяшканні. Але людзі не пацярпелі.

Пазней ён дадаў, што спецыялісты абследавалі тэрыторыю, побач з якой адбыўся прылёт, і высветлілі, што выбуховай хваляй разбіта некалькі вокнаў у навучальнай установе і ў шматкватэрным доме.

«Вядома, усё ў самыя кароткія тэрміны заменім» запэўніў мэр Мікалаева.

***

Жылая пяціпавярхоўка пашкоджаная, пацярпелі два чалавекі ў выніку расійскага ўдару дронамі па горадзе Крывы Рог, напісаў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Сяргей Лысак у Telegram.

«Раніцай расійскае войска атакавала Крывы Рог БпЛА. Пашкоджана пяціпавярхоўка. Інфармацыю ўдакладняем».

Потым ён паведаміў, што ў доме пашкоджаны дах, а ў адным з пад'ездаў разбураная лесвічная пляцоўка.

«З пашкоджанай часткі дома выратавалі 6 чалавек», — паведаміў кіраўнік АВА.

Таксама ў выніку атакі ў горадзе разбітая газавая труба, узнік пажар.

Пазней стала вядома, што ў Крывым Рогу ёсць пацярпелая. Гэта 82-гадовая жанчына, цяпер яна ў бальніцы ў здавальняючым стане.

***

Армія РФ ўдарыла па вёсцы Чаркаская Лазавая Харкаўскага раёна вядома пра пяцярых пацярпелых, сярод іх — трое дзяцей, паведаміў кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў.

«Акупанты ўдарылі па с.Чаркаская Лазавая Харкаўскага раёна. На гэтую хвіліну — пяцёра пацярпелых».

Пасля Сінягубаў дадаў, што сярод параненых — трое дзяцей: 2, 5 і 15 гадоў з вострай рэакцыяй на стрэс.

Таксама акупанты пашкодзілі прыватныя дамы.

***

Колькасць ахвяр расійскага ўдару па партовай інфраструктуры Адэскай вобласці ўвечары 9 кастрычніка ўзрасла да 8-мі, паведаміў кіраўнік рэгіёна Алег Кіпер у Telegram

«На жаль, колькасць ахвяр у выніку ўчарашняй расійскай ракетнай атакі ўзрасла да 7. Сёння раніцай у бальніцы памёр 46-гадовы супрацоўнік порта. Лекары рабілі ўсё магчымае, але раненні былі занадта цяжкімі».

Пазней стала вядома, што ў бальніцы памёр яшчэ адзін чалавек.

«Колькасць ахвяр учорашняй атакі павялічылася да 8 чалавек. Ад атрыманых раненняў у бальніцы памёр 26-гадовы хлопец. Шчырыя спачуванні сям'і».

***

У часова акупаванай Феадосіі пасля атакі дронаў 7 кастрычніка ўжо чацвёртыя суткі гарыць нафтабаза, 1137 чалавек эвакуіравалі з горада, стала вядома з ТГ-канала «Крым.Рэаліі».

Мясцовыя жыхары паведамляюць, што чорны дым дагэтуль падымаецца над гарызонтам, а ў бліжэйшых дамах выбітыя вокны. Падкантрольны РФ кіраўнік горада Ігар Ткачэнка 10 кастрычніка заявіў аб эвакуацыі 1137 чалавек.

У той жа час, праз значны расход вады на тушэнне пажару прадпрыемства «Вада Крыма» папярэдзіла пра магчымае пагаршэнне якасці пітной вады і перабоі водазабеспячэння.

Да таго ж, акупацыйныя ўлады папярэдзілі жыхароў пра запланаваныя вайсковыя навучальныя стрэльбы, якія павінны адбыцца 10 кастрычніка.

***

На адміністрацыйнай мяжы паміж Калмыкіяй і Валгаградскай вобласцю Расіі ўпаў ваенны вучэбна-трэніровачнага самалёта Як-130. Пра гэта піша расійскае прапагандысцкае агенцтва РІА «Новости».

Расійскія СМІ пішуць, што пілота самалёта Як-130 пасля катапультавання шпіталізавалі.

У Расіі гэтыя самалёты ўваходзяць у склад трэніровачных авіяпалкоў Паветрана-касмічных сіл і выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі лётчыкаў.

Як-130 можа выкарыстоўвацца для падрыхтоўкі пілотаў ва ўмовах, набліжаных да баявой сітуацыі, з умоўным або рэальным ужываннем узбраення тыпу «паветра-паветра» і «паветра-зямля».

Цяпер у складзе ПКС РФ знаходзяцца больш за сто вучэбна-баявых самалётаў Як-130.

***

Сілы абароны Украіны паразілі аэрадром «Ханская», што ў Рэспубліцы Адыгея РФ, паведамілі ў Генеральным штабе УСУ.

«Пад удар папаў склад боепрыпасаў, размешчаны на тэрыторыі вайсковага аб'екта. У раёне цэлі адзначалася праца варожай СПА, зафіксавана ўзгаранне».

Адзначаецца, што на аэрадроме базаваліся самалёты Су-34 і Су-27. Падрабязная інфармацыя пра наступствы паражэння ўдакладняецца.

«Задача выкананая сіламі і сродкамі СБУ, Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны і сіл спецыяльных аперацый УСУ», — падсумавалі ў Генштабе.

Паводле звестак крыніцы «Украінскай праўды» у спецслужбах, падчас атакі на аэрадроме знаходзілася адразу 57 расійскіх баявых і трэніровачных самалётаў і верталётаў. Сярод іх — Су-34, Су-35 і Мі-8. Колькі з іх знішчана або пашкоджана, цяпер высвятляюць.

«Але ўжо вядома, што на аэрадроме маштабныя пажары і дэтанацыя. Сярод іншага, гэта пацвярджаецца таксама спадарожнікавым маніторынгам. Мясцовыя ўлады абвясцілі эвакуацыю», — расказаў суразмоўца выдання.

Паводле яго слоў, Расія выкарыстоўвае гэты аэрадром у Краснадарскім краі (у 450 км ад лініі фронту) для дазапраўкі і ракетна-бомбавых удараў па падраздзяленнях Сіл абароны і населеных пунктах Украіны.

Суразмоўца УП таксама дадаў, што ў ноч на 10 кастрычніка дроны СБУ, ГУР, УСУ і ССУ разбілі склад «шахедаў» у раёне Ейска. Там зафіксавана некалькі моцных выбухаў, якія выклікалі пажар і наступную дэтанацыю на месцы захоўвання беспілотнікаў.