961-шы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: РФ акупавала яшчэ тры ўкраінскія населеныя пункты
Войскі РФ набліжаюцца да горада Мірнаград, які бліжэйшым часам будзе цярпець спробы захопу.
***
Паводле звестак аналітыкаў «DeepState», расійцы акупавалі тры населеныя пункты ў раёне горада Мірнаград Данецкай вобласці: Мікалаеўку, Чырвоны Яр, Круты Яр.
«Апошнім часам, на першы погляд, можна было назіраць пэўны спад актыўнасці ў раёне адрэзка Гродаўка — Новагродаўка, але расійцы ўвесь час спрабавалі прарывацца з рознай інтэнсіўнасцю праз пазіцыі ўкраінскіх вайскоўцаў.
Дзесьці яны сапраўды ўперліся і не маюць поспехаў, але ёсць участкі, якія яны ўсё ж прамацалі на слабасць. Вельмі часта поспех выяўляецца ва ўжыванні тактыкі абыходу месца, дзе праціўнік сустракае супраціў».
Як адзначаюць аналітыкі, Мікалаеўка, па сутнасці, з'яўляецца апошнім населеным пунктам перад Мірнаградам. Таму ў бліжэйшы час, верагодна, вялікі горад адчуе спробы ціску і прарыву на паўднёвыя ўскраіны.
«На сёння можна прасачыць пэўную тэндэнцыю, што расійцы ўперліся ў пазіцыі ў выглядзе ВНПаў і іншых інжынерна-фартыфікацыйных збудаванняў.
Але частка з іх падрыхтаваная недастаткова якасна, частка размешчаная абсалютна бессэнсоўна, таму асноўны поспех стрымлівання ляжыць проста на плячах нашых адважных байцоў».
Аналітыкі «DeepState» дадаюць, што для далейшага прасоўвання, акрамя пяхоты і тэхнікі, вораг можа актывізаваць артылерыю, авіяцыю, мінамёты і да таго падобнае.
«Не выключана, што менавіта ў гэты раён расійцы падцягнуць дадатковыя сілы, каб сабраць іх для развіцця ўжо дасягнутага поспеху».
***
Украінская армія кантралюе прыкладна 40-50% горада Тарэцк у Данецкай вобласці, тады як астатняя частка горада акупаваная расійцамі, заявіў начальнік Тарэцкай гарадской ваеннай адміністрацыі Васіль Чынчык.
«Блізу 40-50% горада знаходзіцца пад кантролем Узброеных сіл Украіны, астатняя тэрыторыя захопленая ворагам».
Паведамляецца, што цяпер у горадзе знаходзіцца 1150 жыхароў. Чынчык адзначае, што з горада ёсць магчымасць эвакуявацца: «Мы прыкладаем усе намаганні, каб вывозіць грамадзянскіх. Але гэта не тая сітуацыя, калі людзей можна цэнтралізавана вывозіць аўтобусамі і яны маюць магчымасць забраць каштоўныя рэчы і выехаць у бяспечныя месцы».
Начальнік Тарэцкай гарадской ваеннай адміністрацыі дадаў, што эвакуацыя праводзіцца толькі ў пэўныя часавыя інтэрвалы, калі гэтаму спрыяюць сітуацыя з бяспекай і ўмовы надвор'я.
***
На думку экспертаў амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW), украінскія ўдары па аб'ектах на тэрыторыі Расиі могуць паўплываць на наступальныя аперацыі на ўсёй тэрыторыі баявых дзеянняў ва Украіне.
Як паведамляецца, 9 і 10 кастрычніка ўкраінскія сілы нанеслі ўдары па базе захоўвання «Шахедаў» у Краснадарскім краі і складзе боепрыпасаў у Рэспубліцы Адыгея.
«Расійскія войскі выкарыстоўваюць беспілотнікі "Шахед" для нанясення удараў як па прыфрантавых, так і па тылавых украінскіх населеных пунктах і гарадах і расходуюць прыкладна 10 000 артылерыйскіх снарадаў у дзень па перадавых украінскіх пазіцыях».
У аглядзе нагадваюць, што ў верасні 2024 года ўкраінскія войскі нанеслі ўдары па складах боепрыпасаў «Акцябрскі», «Тарапец» у Цвярской вобласці і «Ціхарэцк» у Краснадарскім краі, а 8 кастрычніка — па расійскай базе захоўвання ракет і боепрыпасаў у Карачаве Бранскай вобласці, што прывяло да знішчэння дзясяткаў будынкаў для захоўвання боепрыпасаў, чыгуначных вагонаў і, верагодна, значнай колькасці боепрыпасаў, ракет і беспілотнікаў.
«Хоць наступствы аднаго ўдару наўрад ці істотна паўплываюць на ваенныя намаганні Расіі, паўторныя ўдары па складах боепрыпасаў на тэрыторыі Расіі могуць прымусіць расійскае ваеннае камандаванне прыняць пастанову аб рэарганізацыі і разгрупаванні сістэм падтрымкі і лагістыкі ў тылавых раёнах Расіі, каб змякчыць наступствы такіх удараў за кошт масавай аптымізацыі расійскай лагістыкі, якая выкарыстоўваецца для падтрымкі вайны ва Украіне».
Аналітыкі чарговы раз адзначаюць, што своечасовае зняцце абмежаванняў на выкарыстанне заходніх сістэм і далейшае развіццё ўласнага патэнцыялу Украіны па нанясенні удараў на вялікія адлегласці можа дазволіць украінскім сілам больш эфектыўна выкарыстоўваць такія расійскія ўразлівасці да таго, як Расія разгорне контрмеры.
«Украінскія ўдары па аб'ектах на тэрыторыі Расіі могуць паўплываць на наступальныя аперацыі на ўсім тэатры баявых дзеянняў ва Украіне, калі ўкраінскія войскі будуць мець матэрыяльную базу, магчымасці і дазвол на правядзенне маштабнай кампаніі па нанясенні удараў па аб'ектах лагістыкі і падтрымкі на тэрыторыі Расіі».
***
Удары Узброеных сіл Украіны па складах з артылерыйскімі боепрыпасамі РФ яшчэ больш паглыбяць недахоп расійскіх боепрыпасаў. Пра гэта сказаў кіраўнік выведцэнтра Сіл абароны Эстоніі палкоўнік Антс Ківісельг.
Украіна працягвае атакі ўдарнымі беспілотнікамі ўглыб расійскай тэрыторыі па складах з боепрыпасамі, сказаў Ківісельг. УСУ нанеслі ўдар па цэнтральным ракетна-артылерыйскім складзе ў населеным пункце Карачаў у Бранскай вобласці. Паводле даных з адкрытых крыніц, там захоўваліся боепрыпасы з Паўночнай Карэі. Гэта ўжо чацвёрты склад з артылерыйскімі боепрыпасамі, які быў знішчаны падчас нападаў беспілотнікамі.
Атакі на ваенныя склады РФ, відавочна, будуць працягвацца, што яшчэ больш пагоршыць недахоп расійскіх боепрыпасаў, адзначыў Ківісельг.
Ён таксама сказаў, што ў выніку высокадакладнага ўдару УСУ 3 кастрычніка загінулі шэсць паўночнакарэйскіх афіцэраў, якія знаходзіліся на расійскіх пазіцыях у зоне баявых дзеянняў.
«У сувязі з гэтым у расійскіх сацсетках успыхнулі чуткі пра магчымае прыбыццё паўночнакарэйскіх падраздзяленняў ва Украіну. Украінскія чыноўнікі пракаментавалі, што паўночнакарэйскія вайскоўцы суправаджаюць пастаўкі боепрыпасаў. Іх мэта складаецца ў тым, каб фіксаваць дэфекты і сачыць за выкарыстаннем боепрыпасаў», — адзначыў палкоўнік.
«Зыходзячы з гэтага, можна сказаць, што РФ усё больш залежыць ад дапамогі Паўночнай Карэі для працягу баявых дзеянняў», — дадаў ён.
Напрыканцы верасня брытанская выведка заяўляла, што ўдары Украіны па аб'ектах у расійскіх Ціхарэцку і Тарапцы амаль напэўна прывядуць да мінімум кароткатэрміновых перабояў у забеспячэнні расійскага войска.
У Эстоніі раней заявілі, што паспяховыя авіяўдары Украіны па знішчэнні ваенных складоў расійскай арміі павінны пачаць уплываць на лінію фронту ўжо ў кастрычніку.
***
Расія перакінула каля 50 тысяч вайскоўцаў у Курскую вобласць, чым аслабіла свае пазіцыі на фронце ва Украіне, заявіў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі, цытуе «Суспільне».
Паводле слоў Сырскага, расійскія войскі перакінулі гэтыя сілы з іншых франтоў, дзе яны вялі наступальныя дзеянні.
Галоўнакамандуючы ўкраінскага войска таксама падкрэсліў, што такія дзеянні РФ прывялі да паслаблення расійскіх груповак на іншых кірунках, у прыватнасці ў Запарожскай, Херсонскай і Краматорскай абласцях.
«Гэта, вядома, палегчыла нам умовы для вядзення абарончай аперацыі».
***
За мінулыя суткі на фронце адбылося 169 баявых сутыкненняў з акупантамі, больш за ўсё на Ліманскім, Пакроўскім і Курахоўскім кірунках, паведамляе Генштаб УСУ.
Таксама ў ноч на 11 кастрычніка расійцы выпусцілі па Украіне 2 ракеты і 66 ударных беспілотнікаў, 29 з якіх ужо ўдалося збіць, а 31 «лакальна страчаны».
«Праціўнік атакаваў Украіну балістычнай ракетай "Іскандэр-М" (раён пускаў — вось Крыма), кіраванай авіяцыйнай ракетай Х-31П (з паветранай прасторы над акваторыяй Чорнага мора), 66-цю ўдарнымі БПЛА (раён пускаў — Курск, РФ)».
За мінулыя суткі страты расійцаў забітымі і параненымі на фронце склалі 1 140 чалавек. Узброеныя сілы Украіны збілі таксама адзін варожы верталёт. Агульныя баявыя страты праціўніка з 24.02.22 па 11.10.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 666 340 (+1 140) чалавек;
- танкаў — 8 953 (+8) адз.;
- баявых браніраваных машын — 17 800 (+35) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 19 322 (+59) адз.;
- РСЗА — 1 229 (+4) адз.;
- сродкаў СПА — 976 (+0) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 329 (+1) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 16 837 (+70);
- крылатых ракет — 2619 (+0);
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 26 398 (+84) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3396 (+10).
***
Расійскія войскі атакавалі Адэскую вобласць балістычнымі ракетамі, у выніку чаго быў разбураны двухпавярховы дом. Загінулі чатыры чалавекі, сярод якіх — падлетак, напісаў старшыня Адэскай АВА Алег Кіпер у Telegram.
«У выніку атакі ў Адэскім раёне адбылося разбурэнне двухпавярховага будынка, дзе жылі і працавалі грамадзянскія. Пад заваламі аказаліся людзі».
Паводле яго слоў, ратавальнікі ДСНС выратавалі чатырох чалавек, яшчэ трое пад абломкамі будынка загінулі. Сярод загінулых — 43-гадовая жанчына, 22-гадовы хлопец і 16-гадовая дзяўчына. Яшчэ адна жанчына ад атрыманых траўмаў памерла ў бальніцы.
Таксама 10 чалавек атрымалі раненні і траўмы, дзевяць пацярпелых шпіталізаваныя. Чатыры чалавекі ў цяжкім стане.
Пазней у офісе генпракурора расказалі, што расійскія войскі ўдарылі па грамадзянскай інфраструктуры Адэскага раёна, папярэдне, балістычнай ракетай «Іскандэр-М» 10 кастрычніка каля 22:35.
***
Колькасць ахвяр расійскага ўдару па партовай інфраструктуры Адэскай вобласці ўвечары 9 кастрычніка ўзрасла да 9: раніцай 11 кастрычніка ў бальніцы памёр 48-гадовы мужчына, паведамляе кіраўнік АВА Алег Кіпер.
«Колькасць ахвяр расійскай ракетнай атакі па прыпартовай інфраструктуры ўзрасла да 9 чалавек. Раніцай у бальніцы памёр 48-гадовы мужчына».
Кіраўнік Адэскай адміністрацыі выказаў спачуванні сем'ям усіх загінуўшых і пажадаў хутчэйшага выздараўлення ўсім параненым.
Таксама Кіпер адзначыў, што за два дні расійскія тэрарысты забілі 13 грамадзянскіх людзей у Адэскай вобласці, большасць з якіх — моладзь.
***
Сілы супрацьпаветранай абароны збілі ўсе ўдарныя беспілотнікі расійскіх войскаў, якія ляцелі на Кіеўскую вобласць. Абышлося без пацярпелых. Паветраная трывога доўжылася амаль 8 гадзін.
Як паведаміў старшыня Кіеўскай АВА Руслан Краўчанка, «вораг не перастае масіравана атакаваць Кіеўскую вобласць БпЛА. Сёння ноччу і раніцай трывога працягвалася амаль 8 гадзін».
Дэталі: паводле яго слоў, у рэгіёне працавалі сілы СПА, варожыя цэлі былі знішчаны.
Пападанняў у аб'екты крытычнай або жылой інфраструктуры не дапушчана. Пацярпелых сярод насельніцтва няма.
«Падзенне абломкаў збітых варожых цэляў фіксуюцца па-за межамі населеных пунктаў на адкрытых участках мясцовасці», — адзначыў кіраўнік АВА.
Цяпер аператыўныя групы працягваюць працу па фіксацыі і ліквідацыі наступстваў варожай атакі.
***
11 кастрычніка армія РФ атакавала FPV-дронам грамадзянскі аўтамабіль у Казачай Лопані Харкаўскай вобласці. Паведамляецца, што ў выніку ўдару загінуў 38-гадовы мужчына, а яго 56-гадовая сястра адчула вострую рэакцыю на стрэс.