«Ёсць адчуванне, што з усіх кагнітыўных здольнасцяў у гаранта застаўся толькі рэфлекс сініх пальцаў»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра пошукі «народнай любові» да рэжыму Лукашэнкі.

aux_small_1628788016_20210812_elkin_360.jpg

Хацеў спачатку табе сказаць як Пуцін у чацвер заявіў, каб уразіць калектыўны Захад. Але нешта ні калектыўны Захад не ўразіўся, ні я, піша тэлеграм-канал. Уразіўся толькі расійскі рубель. Хоць якраз яго ніхто ўражваць не збіраўся. Але вось у чацвер за долар на расійскім міжбанку давалі сто рублёў, а сёння ўжо сто чатыры з паловай. Яшчэ трохі такіх уражанняў і будзе як у часы шчаслівай пуцінскай маладосці. За рубель будуць даваць па мордзе. (Прабач, не мог утрымацца).

Таму не буду казаць ужо пра ўражанні, а буду казаць пра народную любоў. Учора сёй-той шукаў вялікай і чыстай любові сярод студэнтаў МДЛУ. Таму паабяцаў ім перамены: назваць МДЛУ інязам і адключыць інтэрнэт. Ну, таму што іншых пераменаў, акрамя назваць інязам і адключыць інтэрнэт, сёй-той не ўмее.

А што ён яшчэ паабяцаў, я табе сказаць не магу. Таму што не зразумеў. Таму што кагосьці становіцца ўсё цяжэй зразумець. Нават тэлевізар ужо не заўсёды можа растлумачыць, што канкрэтна яго гарант меў на ўвазе. Ну, гэта значыць, тэлевізар заўсёды можа растлумачыць пра экзістэнцыяльную мудрасць. І чым цяжэй кагосьці зразумець, тым лепш тэлевізар тлумачыць пра мудрасць. Але вось канкрэтныя дэталі гэтай мудрасці ад разумення тэлевізара неяк выслізгваюць.

Праўда, я не ўпэўнены, што гарант і сам сябе разумее. У мяне месцамі ёсць адчуванне, што з усіх кагнітыўных здольнасцяў у гаранта застаўся толькі рэфлекс сініх пальцаў. А якія яшчэ патрэбныя рэфлексы ў яго ўзросце?


Глядзіце таксама

Таму спецыяльна ўпаўнаважаныя прадстаўнікі гаранта пайшлі шукаць масавай народнай любові, выяўленай у пісьмовай форме. Сабралі, кажуць, ужо паўтара мільёна. І ў адрозненне ад некаторых я вось асабіста не сумняваюся, што ім сапраўды праявілі гэтую любоў у пісьмовым выглядзе паўтара мільёна разоў. Таму што калі табе прапануюць добраахвотна і без усялякага прымусу абраць у які з двух спісаў ты хочаш патрапіць, то абярэш той, у якім потым не трэба будзе тлумачыць ГУБАЗіКу пра свае пачуцці.

І вось хачу табе сказаць, што чым больш яны збяруць подпісаў, тым менш застанецца народнай любові. Нават там, дзе яна, можа быць, і была. Я такіх месцаў у прынцыпе не ведаю, але дзесьці ж яна павінна быць. Таму што аперацыі прымусовага волевыяўлення грамадзян народнай любові не спрыяюць. Яны спрыяюць народнай непрыязнасці.

Вось у дваццатым годзе яны сабралі за гаранта два мільёны подпісаў. І што, моцна гэта гаранту дапамагло? Можа калі б тады пакінулі грамадзян у спакоі, то і непрыязнасці ў грамадзян было б трошкі менш.

Але яны ж іншай любові не ўмеюць. І калі хтосьці раптам нават хацеў бы ўжо забыцца пра свае пачуцці да гаранта, то яму цяпер нагадваюць усім апаратам стабільнасці.