У стабільнасці нічога, акрамя яе сведак, не засталося

Гуманізмам беларускім уладам займацца ўсё роўна прыйдзецца. І лепш з гэтай справай не зацягваць, лічыць аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

img_3146_logo_2.jpg

Калі ты раптам не ведала, то палітвязняў у Беларусі няма, але апазіцыя за іх не змагаецца. Таму што для апазіцыі чым больш палітвязняў (якіх няма) сядзіць у турме, тым лепш. А для таго-сяго — не лепш. Таму сёй-той вызваліў з турмаў некаторых палітвязняў, якіх там няма, па добрай волі, без прымусу — і выключна з-за ўнутранага гуманізму, каб «не карміць іх за дзяржаўны кошт».

І ведаеш, што я табе хачу сказаць? Я ўжо амаль веру, што сёй-той вызваліў палітвязняў, якіх няма, амаль з меркаванняў гуманізму. Што яму за гэта не заплацілі. І гэта, вядома, крыўдна… Таму што хацелася б, каб прымусовы гуманізм таксама быў аплачаным. 

Сваім гуманізмам сёй-той хацеў прыцягнуць увагу, каб яму прапанавалі наўзамен што-небудзь карыснае ў народнай гаспадарцы. А зацікаўлены еўрапейскі бок, з якім сёй-той можа мог бы нават заняцца карэкцыяй знешнепалітычнай арыентацыі, проста прыняў яго акт гуманізму да ведама. І нагадаў, што сёй-той вызваліў некалькі дзясяткаў чалавек, а палітвязняў (якіх быццам няма) у беларускіх турмах тысячы.

І калі хочаш звярнуць на сябе ўвагу, то не трэба саромецца свайго гуманізму. Трэба займацца гуманізмам смялей і маштабней. 

Я, вядома, разумею, што раптоўнага масавага гуманізму сёй-той не можа сабе дазволіць. Нават калі гэта гуманізм прымусовай уласцівасці. Таму што радыкальныя сведкі стабільнасці не ўхваляюць нетрадыцыйныя практыкі ў прынцыпе, а заняткаў гуманізмам — асабліва.

А сведкам стабільнасці страшна. Таму што ў стабільнасці нічога, акрамя яе сведак, не засталося. І сёй-той, вядома, не ў тым становішчы, каб дазволіць сабе такія раптоўныя жыццёвыя расчараванні. Сёй-той не можа ўжо справіцца нават з радыкальнымі сведкамі стабільнасці ніжняга ўзроўню. 

Так я хачу сказаць, што можна пачаць з чаго-небудзь не вельмі масавага, але прыкметнага. І сярод палітвязняў, якіх няма, вызваліць, скажам, Бабарыку, Калеснікаву ці — страшна сказаць — Ціханоўскага. 

І гэта будзе акт гуманізму, якім сёй-той дакладна прыцягне да сябе ўвагу зацікаўленых бакоў. І, можа быць, які-небудзь з гэтых бакоў нават захоча абмеркаваць тое-сёе на прадмет карэкцыі геапалітычнай арыентацыі.

Таму што гуманізмам, як я разумею, займацца ўсё роўна прыйдзецца. І лепш з гэтай справай не зацягваць. Цяперашняя геапалітычная вызначанасць для стабільнасці ўжо больш шкодная за масавы гуманізм. А чым даўжэй адцягваеш — тым больш можаш потым не паспець. 

Росквіт ня гумовае. Не факт, што ў цяперашнім стане яго атрымаецца дацягнуць да электаральнай кампаніі. Нават заўчасна. Таму што рызык у росквіту шмат, а стабільнасці ў свеце няма… Наогул жа, стабільнасці ў свеце неяк станавілася ўсё менш і менш з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.