Чаму ўлады хочуць зрабіць сабе карэкцыю геапалітычнай арыентацыі?

Гуманізмам беларускія ўлады па добрай волі і без прымусу займацца б дакладна не сталі. Што ж адбываецца на самай справе, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

marsz_adzinstva_6__36__logo__2_.jpg

З усё большым здзіўленнем я назіраю за тым, што беларускія ўлады выпускаюць у навакольную сусветную прастору. Мяне, вядома, насцярожылі яшчэ раптоўныя прыступы гуманізму, аж ад самага першага.

Таму што, як я табе казаў, гуманізм у беларускіх уладаў — гэта яшчэ не дыягназ, але ўжо сімптом. 

І я ж меў рацыю! Ад добрага жыцця беларускія ўлады займацца гуманізмам не сталі б. Вось пасля прыступаў гуманізму яны пачалі пасылаць вакол сябе сігналы. Гэта яшчэ не сігнал «Ратуйце нашы душы», але лёгкія ноткі адчаю ў гэтых флюідах адчуваюцца ўжо выразна.

Учора сёй-той даручыў цывільнаму (або штатнаму — не ведаю, як правільна) генералу Сяргеенку наладжваць (або накладваць) народную дэпутацкую дыпламатыю. У мяне, вядома, ёсць сумневы ў здольнасці хоць цывільнага, хоць штатнага генерала наладжваць хоць якую-небудзь дыпламатыю.

У беларускіх генералаў занадта своеасаблівыя ўяўленні пра навакольную сусветную рэчаіснасць. Але больш наладжваць усё роўна няма каму.

І генерал Сяргеенка адразу пайшоў наладжваць. Сказаў, што вось ён — просты беларускі генерал — стаіць перад імі, еўрапейскімі палітыкамі, і чакае, пакуль міма пройдзе якая-небудзь здаровая палітычная сіла. Ці не вельмі здаровая. Можна і зусім нездаровая. Галоўнае, не праходзьце міма.

А каб дакладна не прайшлі міма, генерал Сяргеенка сказаў, што яго хтосьці паклікаў паназіраць за амерыканскімі выбарамі. Улічваючы, што ЗША ў прынцыпе не запрашаюць замежных назіральнікаў на свае выбары — няма ў іх такой традыцыі, я б на месцы генерала Сяргеенкі насцярожыўся. Асабліва, калі яго папрасілі перад гэтым заплаціць невялікі рэгістрацыйны ўнёсак. Бываюць такія нядобрыя людзі, якія тэлефануюць пажылым генералам з карыслівымі намерамі.

А да гэтага быў генерал Вальфовіч. Які, вядома, распавёў, як беларускія генералы маглі б перамагчы любога ўмоўнага праціўніка.

Беларускім генералам патрэбны быў гэты сеанс псіхатэрапіі для аднаўлення пашкоджанай шахедамі самаацэнкі. 

Але галоўнае, генерал Вальфовіч сказаў, што з украінскага боку на беларускай мяжы стаіць усяго 14 тысяч вайскоўцаў. А не 140 тысяч, як казалі беларускія генералы раней. А з беларускага боку вайскоўцаў, па словах генерала Вальфовіча, у дзесяць разоў менш. Гэта значыць, генерал Вальфовіч дэзавуяваў усе манеўры, якія беларускія генералы здзяйснялі ў сябе ў тэлевізары каля ўкраінскіх межаў.

Яны нават дасталі Пратасевіча з цэхаў электрамеханічнага завода і адправілі яго ў Дубай са спецыяльнай місіяй.

Па-першае, каб паказаць шчаслівае жыццё простых раскаяных беларускіх зваршчыкаў.

А па-другое — каб распавесці пра ўяўных еўрапейскіх палітыкаў, якія ўступілі з беларускімі ўладамі ва ўяўны дыялог.

Ну гэта значыць, пакуль яшчэ не ўступілі. Нават уяўныя. Але ў сваім уяўленні ўяўныя палітыкі ўжо рыхтуюцца.

І вось я хачу табе сказаць, што наогул не разумею, навошта беларускім уладам гэтыя дыпламатычныя манеўры. Чаму яны хочуць зрабіць сабе карэкцыю геапалітычнай арыентацыі. 

Я б мог зрабіць грэх — падумаць пра беларускі росквіт. Але мне здаецца, што беларускі росквіт пакуль яшчэ не ў такой дрэннай форме. Я думаў, што да электаральнай кампаніі росквіту павінна хапіць. Асабліва, калі з электаральнай кампаніяй моцна не зацягваць. 

Хоць, беларускія ўлады пра свой росквіт дакладна ведаюць больш за мяне. Але, верагодна, акрамя росквіту ёсць і іншыя прычыны. Добра там дыпламатычныя манеўры ў тэлевізары. Але гуманізмам беларускія ўлады па добрай волі і без прымусу займацца б дакладна не сталі… У іх залозы гуманізму атрафаваліся задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.