Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 9 верасня: на верасень запланавана шмат палітычна матываваных судоў; украінскі рэсурс прызнаны «экстрэмісцкім»

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі апошнія навіны пра палітычны пераслед у Беларусі за сённяшні дзень.

hroniki_represij2_5_4_1.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1397 дзён, Дзяніс — 1277

***

У Брэсце яшчэ 10 чалавек пачалі судзіць за пратэсты 2020-га. Сярод іх — палітвязень Генадзь Васілюк, якога ўжо судзілі за «класы» ў «Аднакласніках», і яго жонка Ганна.

У Ленінскім судзе Брэста 9 верасня паралельна пачаліся два працэсы паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Судзяць 10 чалавек. Гэта Дзяніс Андрашчук, Генадзь Васілюк, Мікалай Пратасевіч, Раман Парфёнаў, Ганна Васілюк, Кірыл Рачанкоў, Аляксей Шыдлоўскі, Арсеній Пашко, Аляксандр Сяргеевіч, Аляксандр Клютко. Іх справы разглядаюць Андрэй Грушко і Святаслаў Каліна.

Некаторыя з абвінавачаных ужо фігуравалі ў публікацыях сілавікоў. Мяркуючы з іх, усіх 10 чалавек абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня 2020 года ў Брэсце, піша «Берасцейская Вясна».

***

У судзе Бярозаўскага раёна абвясцілі другі за апошні час прысуд за «ўдзел у акцыі пратэсту» з 10 на 11 жніўня 2024 года ў горадзе, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле ч.1 арт.342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») на паўтара года калоніі асудзілі адразу чатырох чалавек — Мікалая Кулака, Ігара Яўменава (Куля), Андрэя Рыбакова, Віктара Данілюка.

Справу разглядала Людміла Рудзіна.

Нагадаем, што 28 жніўня ў Бярозе асудзілі першых чатырох чалавек за ўдзел у акцыях пратэсту ў ноч з 10 на 11 жніўня. Усім прызначылі калонію.

***

У Мінскім абласным судзе пачалі разглядаць справу супраць 52-гадовай Наталлі Мікуліч. Яе абвінавачваюць паводле артыкулаў аб «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт.369-1 КК), «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК) і «паклёпе» (арт.188 КК), піша «Наша Ніва».

Паводле інфармацыі выдання, жанчына нарадзілася ў Вілейцы, у яе ёсць дачка. У сацсетках яна абвінавачвала зяця, што ён гвалтаваў сваю дачку, яе ўнучку. У траўні 2023 года зяць жанчыны падаў супраць яе пазоў аб абароне гонару і годнасці і выйграў яго.

Таксама ў сацсетках жанчына абвінавачвала сілавікоў і дзяржаўныя структуры, што тыя пакрываюць педафілаў. 14 лютага разам з мужам Мікуліч схадзіла на сустрэчу з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым у Валожыне. На старонцы Мікуліч у Фэйсбуку пазначана, што яна цалкам падтрымлівае палітыку Лукашэнкі.

***

У Гродзенскім абласным судзе пачалі разглядаць справу супраць жыхаркі Гродна Наталлі Антонавай. Яе абвінавачваюць паводле артыкулаў аб «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК) і «паклёпе на Лукашэнку» (ч.2 арт.367 КК), піша «Вясна».

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, вясной 2023 года Антонаву асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» па артыкуле аб «грубым парушэнні парадку» (ч.1 арт.342 КК). Паўторна жанчыну затрымалі зімой і змясцілі ў СІЗА.

***

26 чэрвеня суд Чэрыкаўскага раёна прысудзіў да 1,5 гадоў калоніі мясцовага жыхара Сяргея Козікава па артыкуле аб «паклёпе на Лукашэнку» (арт.367 КК), паведамляе «MAYDAY».

Працэс вяла Аксана Ратнікава. Падрабязнасці справы невядомыя.

Прысуд быў абскарджаны ў Магілёўскім абласным судзе 20 жніўня, але вынік апеляцыі невядомы.

***

У абноўленым «спісе экстрэмістаў» з'явілася імя 39-гадовага Андрэя Стабулянца, піша ТГ-канал «Віцебск, я гуляю!»Летась у яго за пяць «экстрэмісцкіх» улётак канфіскавалі аўтамабіль.

Сёлета ён праходзіў па аб'яднанай справе па арт. 361-1 КК. Па ім жа судзілі таксама глыбоцкага культуролага Аляксандра Шарабайку і яшчэ аднаго пастаўчука Дзяніса Цыбульскага.

Напрыканцы жніўня іх справа разглядалася ў Вярхоўным судзе.

«Віцебская вясна» даведалася, што мужчын судзілі за тое, што яны наведвалі палітычныя судовыя пасяджэнні і паведамлялі праваабаронцам пра тое, што там адбывалася.

Шарабайка і Цыбульскі раней ужо былі асуджаныя па іншых палітычных артыкулах. Яны прызнаныя палітвязнямі. У Стабулянца судзімасць першая.

***

У судзе Краснапольскага раёна пачалі разглядаць справу супраць супрацоўніка лясгаса Дзмітрыя КегелеваЯго абвінавачваюць у «паклёпе на Лукашэнку» (ч.2 арт.367 КК), паведамляюць праваабаронцы.

Паводле іх інфармацыі, Кегелеў — кіроўца аўтамабіля па вывазе лесу. Летась яго ўзнагародзілі Ганаровай граматай Краснапольскага лясгаса. У мужчыны ёсць непаўнагадовы сын.

Падрабязнасці справы праваабаронцам невядомыя.

***

У Гродне пачынаецца суд над Кацярынай Мендрык, якая дапамагала палітвязням піша праект «Права маюць».

Суддзя Руслан Гурын будзе разглядаць справу паводле чч.1 і 2 арт.361 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») у Гродзенскім абласным судзе.

Кацярыну Мендрык затрымалі пасля студзеньскага рэйду на салідарных з палітвязнямі, бо яна адпраўляла пасылкі і рабіла пераводы палітвязням у СІЗА.

Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманне адбылося крыху пазней, бо на момант рэйду дзяўчына была за мяжой — яе затрымалі па вяртанні ў Беларусь.

***

У раскладзе суда Аршанскага раёна і Оршы ў перыяд з 9 верасня па 16 верасня адзначыліся 27 імёнаў кіраўнікоў устаноў адукацыі, у асноўным гэта дырэктары, у некаторых выпадках — намеснікі дырэктараў. Падрабязны спіс прыводзіць тэлеграм-канал «Навіны Віцебска».

9 верасня пачалі судзіць Вольгу Касцюкову, Таццяну Юдзянкову і Галіну Старасельскую па арт.24.1 КаАП («Невыкананне пісьмовага патрабавання (прадпісання)»).  Сярод тых, хто трапіў пад «адміністрацыйку», — дырэктар Копыскай школы з малой радзімы Лукашэнкі.

***

Супраць палітвязня Сяргея Раманава ўзбудзілі новую крымінальную справу, піша «Вясна».

Паводле інфармацыі АЧК-Беларусь ад 7 верасня, палітвязню прад'явілі чарговае абвінавачанне паводле арт.411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»). Пры гэтым у сакавіку 2023 года Раманаву дадалі яшчэ 11 месяцаў зняволення паводле гэтага артыкула. Новы суд, верагодна, распачнецца ўжо праз некалькі тыдняў.

Нядаўна Сяргея, які толькі ў траўні выйшаў з ПКТ, дзе правёў паўгода, зноў адправілі туды на 5 месяцаў. Лісты ад Раманава не даходзяць ужо больш за месяц.

***

У Баранавічах сілавікі затрымалі двух братоў. Ролік з імі апублікаваны ў праўладным тэлеграм-канале, піша «Медыязона».

На міліцэйскім відэа мужчына ў спецадзенні гаворыць, што падчас мітынгаў у 2020 годзе яны былі ў цэнтры горада. Іншы брат кажа, што яны выязджалі і ў Мінск. У гэты момант паказваюць сэлфі аднаго з іх з палітыкам Паўлам Латушкам.

У сацыяльных сетках браты падпісаныя як Вадзім і Алег Хільчук.

Трэці затрыманы кажа, што 9 жніўня 2020 года знаходзіўся ў двары на вул. Камуністычнай, 18. На гукі сірэны і крыкаў яны вырашылі схадзіць у цэнтр горада.

5 верасня сілавікі зрабілі справаздачу аб затрыманні двух жыхароў горада, якія былі ў цэнтры Баранавічаў 9 жніўня 2020 года.

***

Набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым за ўдзел у пратэстах восенню 2020 года мінчуком.

На відэа беларус кажа, што яго затрымлівалі 10 жніўня 2020 года, пасля чаго ён адбываў арышт у Жодзіне, дзе яму выпісалі афіцыйнае папярэджанне. Таксама ён паведаміў, што пасля гэтага двойчы выходзіў на пратэсты, здымаўся на відэа з пратэснай сімволікай на праезнай частцы і захоўваў яе дома.

Па якім артыкуле абвінавачваюць мужчыну і ў якім статусе ён знаходзіцца — невядома, піша «Медыязона».

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 21 чалавека — цяпер у ім 4396 прозвішчаў, паведамляюць праваабаронцы.

Міністэрства ўнутраных спраў 6 верасня зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Сярод іншых, у спіс дадалі прадпрымальніка Артура Роліча, а таксама сям'ю ПрохаравыхВасіля, Паўла, Ларысу.

Таксама ёсць абнаўленні ў «Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў». Старонка ў «ВКонтакте» «Гомель Online» прызнаная «экстрэмісцкай» — на яе падпісаныя больш за 117 тысяч чалавек. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Чыгуначнага раёна Гомеля 6 верасня. Таксама ў «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты: «Арийская оргия», «Родны Лунінец», «Телеграф. Новости», «Телеграф UA Новини України», «Ихтиандры центр», «ихтиандры штаб»;
  • Старонкі ў «ВКонтакте»: «Минск Online», «Лида - наш город»;
  • Сайты: Telegraf.nеws, franak.оrg;
  • Старонкі ў Viber: «Телеграф», «ТЕЛЕГРАФ - НОВИНИ УКРАЇНИ ТА СВІТУ»;
  • Youtube-канал: «Telegraf UA»;
  • Х-старонкі: «Телеграф», «DW українською», «Голос Америки Українською», «Franak Viačorka», «Alex Kokcharov»;
  • Facebook-старонкі: «Сергей Петрухин», «Telegraf UA»;
  • Старонка ў «Аднакласніках»: «Дубровно Чемурако».

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 585 дзён, Максіма Знака — 579 дзён, Мікалая Статкевіча — 576 дзён, Ігара Лосіка — 567 дзён, Віктара Бабарыкі — 505 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 435 дзён, Уладзіміра Гундара — 398 дзён.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1355 чалавек.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1454 чалавекі. Сярод іх — 183 жанчыны і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.