Ці атрымаецца ва ўлады давесці стабільнасць да ўзроўню дваццатага года або вышэй?

Самае разумнае, што ўлады маглі б цяпер зрабіць, — гэта пакінуць народ у спакоі. Але ж не! А за два месяцы ініцыятыўны чалавек можа шмат чаго паспець зрабіць са стабільнасцю, чаго яна сабе не магла ўявіць нават у страшным сне, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

tarakan_pratesty_2020.jpg

Учора некаторыя экстрэмісты напісалі, што ў Гомельскай вобласці людзей масава выклікаюць у пракуратуру, каб узяць з іх падпіску пра ўзорныя паводзінах падчас электаральнай кампаніі. 

І я падазраю, што не ў адной толькі Гомельскай вобласці пракуроры збіраюць з грамадзян распіскі. Думаю, што ў іншых аюласцях робяць тое ж самае, проста пра іншыя мы пакуль яшчэ не ведаем.

Але я цяпер не пра гэта. Я пра што падумаў? Вось мы на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча асабліва нават і не спадзяемся. А яны ж яе баяцца. І, можа, нездарма баяцца? Таму што яны ведаюць пра дэстабілізацыю значна лепш за нас. Таму што яны гэтую абстаноўку дэстабілізуюць кожны дзень у рамках выканання сваіх прамых службовых абавязкаў.

Сёй-той на мінулым тыдні пахваліўся, што яму з беларускіх грамадзян сабралі ўжо паўтара мільёна подпісаў. І я не сумняваюся, што такімі тэмпамі яму збяруць усе тры. Таму што ў дваццатым годзе было два мільёны, а гэтым разам жа павінна быць больш! 

Але гэта ж не проста так подпісы. Гэта паўтара, на дадзены момант, мільёна чалавек, якім улада лішні раз нагадала пра сваё непрывабнае існаванне. Шмат каму ў грубай і пагрозлівай форме.

Мільёны прымусовых подпісаў добра мець для справаздачнасці, але яны не вельмі карысныя для масавай палітычнай лаяльнасці.

Зрэшты, не толькі падпісанты. Ёсць яшчэ тыя, каго сведкі стабільнасці прымушаюць радавацца за сваё народнае адзінства на канцэртах і марафонах. Каго заганяюць на лекцыі на тэму: «Беларусь — краіна мары, у якой я хацеў бы жыць». Ёсць тэлевізар, які раскупіў стратэгічныя рэзервы хлусні і нянавісці.

Вось “красаўцы” цяпер шырокім фронтам ідуць па краіне з масавымі прафілактычнымі арыштамі. Гэта значыць, нагадваюць, што яны нікога не пакінуць у спакоі. Што калі хтосьці, хоць бы адзін раз і нават па няведанні пераступіў адведзеныя яму рамкі палітычнай лаяльнасці, то ўлада гэта ніколі не забудзе і не даруе. А на гэтыя рамкі наступала ўся краіна. Нават найлепшыя сярод сведак стабільнасці па іх патапталіся.

Глядзіце таксама

А цяпер і Гомельская пракуратура распіскамі пра добрыя паводзіны падчас электаральнай кампаніі нагадвае фігурантам, што можна паводзіць сябе дрэнна. І як добра было фігурантам, калі яны сябе дрэнна паводзілі.

Насамрэч, самае разумнае, што ўлады маглі б цяпер зрабіць, — гэта пакінуць народ у спакоі. Намаляваць столькі, колькі ім трэба мільёнаў подпісаў. Адлюстраваць унутры сябе і тэлевізара народнае адзінства, не прыцягваючы ўвагі старонніх беларускіх грамадзян. І наогул, лішні раз не прыцягваць увагу грамадзян да сваёй электаральнай кампаніі.

Таму што кожны прыцягнуты да яе старонні беларускі грамадзянін дэстабілізуе стабільнасць самім фактам свайго ўдзелу.

Не ведаю, ці атрымаецца ў беларускіх уладаў да канца электаральнай кампаніі давесці стабільнасць да ўзроўню дваццатага года або вышэй. З аднаго боку, ніякіх знешніх прыкмет гэтага не назіраецца. У іх яшчэ два месяцы. А за два месяцы ініцыятыўны чалавек можа шмат чаго паспець зрабіць са стабільнасцю, чаго яна сабе не магла ўявіць нават у страшным сне. Не кажучы ўжо аб усялякіх нечаканых непрыемнасцях. Накшталт сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.

Глядзіце таксама