Хто цяпер праверыць беларускую стабільнасць трываласць?
Цяпер, пасля перамогі Трампа, беларускія генералы па-ранейшаму змогуць перамагаць у тэлевізары неверагодна ўмоўнага праціўніка, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».
А ты заўважыла, што паміж хаўруснікамі няма ніякага кансэнсусу з нагоды прэзідэнцтва Трампа? Вось Трамп яшчэ нічога дрэннага Расіі не зрабіў, а Пуціна ўжо паспеў трошкі расчараваць.
І пуцінскі тэлевізар ужо тлумачыць, як яму не будзе нічога добрага ад новага амерыканскага прэзідэнцтва.
А ў малодшага хаўрусніка — усё наадварот. Трамп не зрабіў пакуль нічога добрага для беларускай стабільнасці, але сёй-той ужо два разы распавёў, які той малайчына. І беларускі тэлевізар цяпер радуецца пра карысць ад Трампа для ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва. У сэнсе пра шкоду, якую Трамп прычыніць усім, каго ён і беларускі тэлевізар не любяць.
Карацей, пакуль старэйшы саюзнік загадзя расчараваўся, малодшы перапоўніўся заўчасных надзей. Таму што пры ўсіх знешнепалітычных кансенсусах надзеі на амерыканскія выбары ў саюзнікаў былі ўсё ж такі вельмі розныя.
Расійскія ўлады спадзяваліся, што Трамп не выйграе выбары, але не захоча гэтага прызнаць. Што штурм Капітолія чатыры гады таму быў для Трампа проста размінкай. Што, прайграўшы выбары, ён на ўсю краіну зладзіць касплей блокбастара «Грамадзянская вайна».
І тады перад імперскай веліччу маглі б адкрыцца бязмежныя магчымасці. І, можа быць, не толькі ва Украіне. З грамадзянскай вайной у ЗША яны маглі б дзе-небудзь у раёне Сувалкскага калідора праверыць на трываласць пяты артыкул Статута NATO.
Заўваж, я не кажу, што перад імі насамрэч адкрыліся б усе гэтыя бязмежныя магчымасці. Я кажу, што яны ў гэтыя магчымасці верылі. Ну як ва ўзяцце Кіева за тры дні. Таму што расійскія ўлады схільныя да пераацэнкі сваёй імперскай велічы.
І, вядома, цяпер яны трошкі расчараваныя. Таму што грамадзянская вайна ў ЗША для расійскіх уладаў была б лепшая за любога Трампа. А калі Трамп перамог, надзеі на грамадзянскую вайну ў ЗША адкладаюцца на нявызначаны тэрмін.
А сёй-той проста ціха маліўся, каб яго пранесла. Таму што сёй-той разумеў, што адседзецца, прыкрываючы расійскія флангі ад нападу NATO, у яго не атрымаецца. І калі сапраўды пранесла — сёй-той адчуў шчаслівае пачуццё эйфарыі.
Таму што цяпер ён і далей можа здзяйсняць звычайныя геапалітычныя манеўры ў адведзеных яму саюзнікам рамках. А беларускія генералы па-ранейшаму змогуць перамагаць у тэлевізары неверагодна ўмоўнага праціўніка. Замест таго, каб займацца неўласцівым беларускім генералам вайсковымі функцыямі. Карацей, што стабільнасць яго ніхто не праверыць на трываласць.
Але гэта, вядома, трошкі заўчаснае пачуццё эйфарыі. Таму што нічога для стабільнасці насамрэч не змянілася. Проста адной досыць умоўнай пагрозай для яе стала менш. А ўсе астатнія пагрозы стабільнасці нікуды не падзеліся. Таму што ніхто не можа нашкодзіць стабільнасці больш, чым яе гарант і яго сведкі. Яны яе разам папсавалі задоўга да таго, як сокалы скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.