Дубавец: Мы маем на чале Беларусі ўнутранага ворага беларушчыны
Лукашэнка даўно страціў давер народа і ніяк не можа гэта зразумець. Якія выбары магчымыя ў такіх абставінах?
Пасля мінулых «выбараў» у Беларусі разбураная грамадзянская супольнасць, запоўненыя палітвязнямі турмы, працягваюцца масавыя ўцёкі людзей за мяжу, ліквідаваныя рэальныя СМІ... Чарговая выбарчая кампанія вядзецца выключна гвалтам, фізічным прымусам і страхам — літаральна «пад дулам аўтамата». І гэта ўжо не метафара, піша на «Свабодзе»Сяргей Дубавец.
Выбары як давер/недавер
Звычайна выбары — гэта калі народ выказвае давер або недавер кандыдату. Усё вельмі проста, калі ёсць сапраўдныя выбары. Як захоплена пасля перамогі віншаваў Лукашэнка прэзідэнта ЗША: «Трамп як бульдозер!».Быццам пра сябе казаў — якім бы хацеў бачыць сябе самога. А Трамп не бульдозер, яго рэальна выбралі, яму выказала давер большасць амерыканцаў, гэта значыць, яго надзяліў адказнасцю народ. Нікога не абдурыў, не эфемерны самапрызначэнец, не ўзурпатар улады. Трамп — рэальная ўлада, якую не трэба бараніць ад народа ні бульдозерам, ні танкам. Наадварот, народ, які цябе выбраў, будзе цябе і бараніць як свой выбар. Тут дзейнічае зусім іншы механізм. Ты існуеш для народа, а не нейкі там «народзец» — для цябе.
Зразумела, Трамп далёка, на іншым кантыненце. Для Лукашэнкі бліжэйшы Пуцін. У Расіі пра давер асабліва ніхто і не гаворыць. Расія бязмежная і абстрактная: не нацыя, а імперскі народ. На гэтай розніцы калісьці і страціў Лукашэнка нюх: дзе яго сіла, а дзе слабасць. Згубіў нацыю, якая, па ідэі, мусіла быць яго абаронай, як у суседзяў, палякаў ці літоўцаў, з іх сувымернымі маштабамі і самым дарагім — адзінствам. Лукашэнка пайшоў у расійскі фарватар, уявіў сябе крэйсерам ці лайнерам, толькі няма той моцы, што зробіш. Беларусь — сярэдняга памеру еўрапейская нацыя і краіна. І цяпер яго зацягвае ў Расію Пуцін, проста змывае, няма як утрымацца. А з такога становішча ісці на выбары зусім ніяк. Грамадства разбуранае, ніхто не заступіцца за такога прэзідэнта. Хіба што «сілавікі» — але не за давер, а за грошы.
Без пераемнасці
Трамп, між іншым, 47-мы (і 45-ты) прэзідэнт ЗША. Гэта падкрэсліваецца як важная частка легітымнасці — які ты ў шэрагу гісторыі ад пачатку дзён. Кожны прэзідэнт хоча быць у гэтым шэрагу, звязаным з народам, які яго выбраў. Гэткім чынам ён упісваецца ў гісторыю нацыі, у яе культуру — у непарыўную повязь і сэнс існавання.
У Лукашэнкі нічога гэтага няма. Яшчэ з часоў, калі марыў заняць месца Ельцына ў Крамлі і адкінуў усе беларускія адметнасці — мову, сімволіку, гісторыю. Ён тады сказаў, што «Беларусь перарос».
Пачаўшы свой шлях з абвяшчэння незалежнасьці, Беларусь развівалася натуральна, як усе сувымерныя краіны-суседкі — са сваёй нацыяй, мовай, няпростай, але адзінай гісторыяй, адзіным самабытным вобразам у свеце. Толькі ў суседзяў за гэтыя трыццаць гадоў змянілася ўжо прынамсі пяць прэзідэнтаў, а ў Беларусі — аніводнага. Быццам нейкі ўнутраны вораг, Лукашэнка пачаў разбураць ідэнтычнасць беларусаў і самабытнасць нацыі і краіны.
Хто былі яго папярэднікі? Станіслава Шушкевіча ён «забыў». Першыя сакратары ЦК КПБ, апроч сімволікі і палітыкі савецкай русіфікацыі, таксама не маюць з ім нічога агульнага. У іх быў камунізм, у яго — «так і не адшуканая» нацыянальная ідэя, якую ён папросту не прыняў. Яго пераемнасць сягнула кудысьці ў ХІХ стагоддзе, да расійскіх генерал-губернатараў, вешальнікаў бясконцых беларускіх паўстанняў за свабоду.
Словам, пераемнасць разбураная і не мацуе трываласці і легітымнасці яго ўлады. А калі няма папярэднікаў, дык ці будуць наступнікі? Вісіць Лукашэнка ў паветры ўжо трыццаць гадоў дзякуючы Крамлю, пазбавіўшы Беларусь унутранага палітычнага развіцця, а цяпер яшчэ і дабіваючы ў ёй усякія памкненні быць самастойнай і самабытнай краінай.
Дый яго самога замяніць няма кім. За мінулыя трыццаць гадоў у сувымерных краінах-суседках вырасла свой уласны палітычны клас з самастойных палітыкаў, з паўнавартасных партый, з парламентаў, якія назапасілі немалы досвед працы. У Беларусі на гэтым месцы нуль. Ні палітыкаў, ні парламента. І з сыходам Лукашэнкі давядзецца пачынаць гэтую справу з нуля.
У выніку мы маем на чале Беларусі ўнутранага ворага беларушчыны, які фактычна васал Пуціна, а намінальна чапляецца за тытул прэзідэнта, матывуючы гэта (іншай аргументацыі няма) словам «надо». Дык за што галасаваць?
Кароль аказаўся хоць і ўзброены, але голы. Без уласнага курсу і без палітыкі, дзе ўсё трымаецца толькі на гэтай канкрэтнай персоне і толькі ў гэтым канкрэтным дні.
Падумаўшы, у Беларусі ніколі і не было паўнавартасных выбараў. Народ ведаў, што ад яго нічога не залежыць, і галасаваў за ранейшую ўладу. І так цягнулася столькі, колькі былі тыя галасаванні. Недзе ў падсвядомасці лічылася, што гэта і ёсць давер.
Па інерцыі тое ж было і пры Лукашэнку. Але ў 2020 годзе стала зразумела, што ўсё змянілася. Лукашэнка застаўся ранейшым, але цалкам змяніўся народ. Людзі паездзілі па свеце, начыталіся праўдзівых кніг і газет, прыйшлі новыя пакаленні... Людзі ўсвядомілі сябе нацыяй, салідарным грамадствам. Гэтых перамен не зразумеў, не змог зразумець толькі Лукашэнка і пачаў граміць, ваяваць з часам, з пераменамі, з самім паветрам. І канчаткова страціў давер. У 2020-м ад даверу не засталося і следу.
Некалькі тысяч фінансава залежных ад яго функцыянераў, мабыць, і ёсць тыя «Саша 3%», якія народ выпісаў яму ў адказ на яго 80%. За наступныя пяць гадоў месца даверу заняў страх. Праўда, і дэлегавання адказнасці няма. Няма з боку народа надзялення прэзідэнта адказнасцю. За што адказнасць? За тое, каб і далей знішчаў Беларусь, краіну і нацыю?
Каліноўскі наадварот
Сам грамадскі клімат, пазбаўлены даверу і адказнасці, псуецца на вачах, нішто ў ім ужо не супрацьстаіць бюракратыі. Прынцып Кастуся Каліноўскага «не народ для ўрада, а ўрад для народа» замяняецца на адваротны.
Каліноўскі ўяўляў сабе нацыянальную супольнасць як сям’ю. Калі ў сям’і няма даверу, жыццё ператвараецца ў сапраўднае пекла. Гэтаксама давер лічыцца асновай для ўсіх сацыяльных інстытутаў.
Нацыя жыве ў сваім доме як сям’я — вобразна так і ёсць. Прынамсі, калі ўсе да гэтага імкнуцца, жыццё для ўсіх робіцца больш камфортным. І беларусы даказалі, што яны салідарысты. Але Лукашэнка стаў караць за салідарнасць. Чаму? Толькі таму, што такой выразнай салідарнасці няма ў Расіі? Але навошта такі лад жыцця навязваць беларусам? Толькі таму, што прэзідэнт не хоча траціць высілкаў і сумленна перамагаць на выбарах, а пры тым трымаецца за ўладу падманам і сілай?
Звычайна грамадзянін выбірае ўладу, бо спадзяецца на яе клопат пра сябе — сваю бяспеку, палёгку на розных сацыяльных паваротах, спрашчэнне ўсялякіх бюракратычных працэдур. За мінулыя пяць гадоў мы ўвогуле нічога пра такія рэчы не чулі. Улада, не надзеленая адказнасцю, цісне на народ усімі, часта пачварнымі, спосабамі. У выніку няма даверу не толькі да Лукашэнкі, але і да ўсёй дзяржаўнай машыны, да судоў і міліцыі, да мясцовай улады, да банкаў... Да ЖКГ.
То-бок гаворка ўжо не толькі пра несправядлівыя суды і беспакаранасць «сілавікоў». Гаворка пра разбурэнне грамадскіх сувязей, якое ўчыняе Лукашэнка ў адказ на адсутнасць даверу да сябе. Гэтая помста ніякім чынам не беларуская ў сэнсе традыцыі і ментальнасці. Яна робіцца паводле расійскай схемы, бо ў Расіі ўмеюць жыць без даверу. Не Лукашэнка «перарос Беларусь», а беларусы перараслі Лукашэнку і яго «выбары пад дулам аўтамата».