Ілля Дабратвор: «Я застаўся адзін з пяццю дзецьмі…»

Грамадскі актывіст Ілля Дабратвор распавёў «Народнай Волі», чаму яго жонка вымушана была з’ехаць у Варшаву і як ён спраўляецца з вялікай сям’ёй.

illja_dabratvor.jpg.webp


У сакавіку гэтага года шматдзетнай маці Іне Дабратвор прызначылі неверагодна вялікі штраф за так званае «пікетаванне» — размяшчэнне фотаздымкаў апазіцыйных палітыкаў у акне ўласнай кватэры.
У выніку жанчыну прызналі вінаватай, у якасці пакарання ёй далі штраф у памеры 200 базавых велічынь (5800 рублёў).
— На гэтым справа не скончылася, і жонку затым другі раз судзілі за такое ж самае «пікетаванне», — кажа Ілля Дабратвор. — І суд ізноў прысудзіў штраф: 5800 рублёў.
Першае рашэнне мы аспрэчылі, Мінскі гарадскі суд зменшыў штраф да 150 базавых велічынь, але мы зараз усё роўна павінны заплаціць непамерна вялізныя грошы — 10 150 рублёў.
Я наогул не разумею, чым думаюць суддзі, калі выпісваюць людзям такія штрафы. Як іх выплаціць?
— Чаму жонка прыняла рашэнне з’ехаць у Польшчу?
— Яна і раней збіралася ехаць туды на працу, але трэба было спяшацца. Бо, калі судовыя рашэнні ўступяць у сілу (а зараз працэс абскарджвання яшчэ працягваецца), то праехаць цераз мяжу было б немагчыма. Таму яна рашылася і 9 красавіка пакінула Беларусь.
Дарэчы, праз тры дні пасля ад’езду жонкі ў Польшчу ад яе імя нехта накіраваў у Мінгарвыканкам заяўку на як быццам правядзенне 9 мая ля Вярхоўнага суда акцыі, якая павінна была завяршыцца самаспаленнем. Не выключана, што гэта інфармацыя магла аўтаматычна пайсці і ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках, хаця, натуральна, Іна нічога такога не дасылала. З гэтай нагоды міліцыянты мне патэлефанавалі, але, наколькі я зразумеў, ніякай праверкі не праводзіцца.
Нашу сям’ю ўжо даўно пачалі цкаваць, гэта такая дробная помста і за нашу пазіцыю, і за працу назіральнікамі на выбарах. Мне, напрыклад, не так даўно невядомыя адкруцілі гайкі ў колах аўтамабіля; добра, што мы гэта заўважылі. А маглі б ехаць па трасе з пяццю дзецьмі, да трагедыі быў адзін крок.
— Як жонка ўладкавалася ў Варшаве?
— Іна — настаўніца англійскай мовы, хаця сталую працу да гэтага часу яшчэ не знайшла. Натуральна, што складана жыць у чужым горадзе, без сям’і.
У хостэле пакуль жыве бясплатна, але пакрысе ўжо даюць зразумець, што за пражыванне давядзецца плаціць. Адным словам, знаходзіцца там на птушыных правах: могуць дапамагчы, а могуць і адмовіць. Калі ты пераязджаеш у другую краіну, трэба разлічваць толькі на сябе.
— У вас пяцёра дзяцей. Усе засталіся ў Мінску?
— Так, усе засталіся са мной. Сафіі зараз 17 гадоў, Яўсею — 15, Герману — 11, Марку — 9 і Агаце — 7.
Цяжка, безумоўна, але гэта не першы раз, калі жонка пакідала сям’ю на мяне, а сама з’язджала ў камандзіроўкі.
Самае складанае ў гэтай сітуацыі, што мне практычна немагчыма працаваць. Раней мы з Інай маглі падмяняць адно аднаго ў працы, доглядзе дзяцей, гаспадарцы, а зараз усё ўзвалілася на мае плечы. У любы момант могуць патэлефанаваць, каб ляцеў у дзіцячы садок, бо дзіця захварэла, або нешта іншае. З адным дзіцём складана, а тут пяцёра!
— Як у вас дзень распісаны?
— Пад’ём каля 7-й гадзіны раніцы. Сафія і Яўсей вучацца ў каледжы, малодшыя збіраюцца ў школу. Затым усіх раскідваю па навучальных установах, а ў 16.00 забіраю і вязу дадому.
За гэты час трэба і есці прыгатаваць (хаця ў гэтай справе ўжо і старэйшыя дапамагаюць), і нешта па гаспадарцы зрабіць, і папрацаваць у якасці журналіста-фрылансера, каб нейкую капейку зарабіць. Хаця ў апошні час з працай з’явіліся пэўныя праблемы, заказаў паменшала. А ад некаторых праектаў даводзіцца адмаўляцца, бо фізічна немагчыма гэта ўсё пацягнуць.
— Не плануеце пераехаць з дзецьмі ў Польшчу да жонкі?
— Такі варыянт не выключаны, але ў такім выпадку ты павінен трапляць пад міжнародную абарону. А гэта азначае, што так проста дадому ўжо не вернешся.
Думаю, у Польшчы арандаваць жыллё і пракарміць такую вялікую сям’ю проста нерэальна. А без грошай ты нідзе асабліва не патрэбны. Я ж не IT-спецыяліст, не змагу знайсці нейкую высокааплатную працу.
Таму выезд за мяжу разглядаю як крайнюю меру. Мабыць, калі давядзецца рабіць выбар паміж ад’ездам і турмой.
— Як штрафы збіраецеся плаціць? Сума ж дастаткова вялікая…
— Пакуль, як ужо казаў, яшчэ абскарджваем рашэнні, а далей час пакажа. Магчыма, дазволяць выплачваць у растэрміноўку.