Як 20 гадоў жыла сям'я зніклага Юрыя Захаранкі

Дачка былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі Алена з’ехала разам з маці, сястрой і сынам ў Нямеччыну, калі ёй было 24 гады. У мінулым засталіся вучоба ў Акадэміі МУС, праца інспектарам у справах непаўналетніх, шчаслівая сям’я, піша «Свабода».



Алена Захаранка

Алена Захаранка


Прызнанні былога байца СОБР Гараўскага развярэдзілі рану, якая ніколі не загоіцца, кажа 44-гадовая жанчына. Алена Захаранка ўпершыню дала вялікае інтэрв’ю пра гвалтоўнае знікненне бацькі і пра тое, як іх сямʼя жыве ў Нямеччыне амаль 20 гадоў.

 

Сцісла

·       Прачыталі ў інтэрнэце, што смерць бацькі не была хуткай, што яго катавалі, адрэзалі рукі, язык. Тады мы зламаліся. Зайздросцілі нават мёртвым.

·       Калі баец расказваў, як адбывалася забойства, я ўяўляла, што думаў у гэты момант бацька. Ён думаў не пра сябе, а пра нас, як мы застанемся без яго. Ён сышоў у нікуды без права на пахаванне.

·       Ні з кім з Беларусі не кантактуем. Рэжым прынёс страх. Мы павінны заставацца ў сваёй сямʼі і змагацца за жыццё ў Нямеччыне.

·       Наша менская кватэра стаіць пустая, бо бацьку 20 гадоў не прызнаюць памерлым, адпаведна мы не маем права на спадчыну, нягледзячы на шматлікія суды.

·       Іх будзе суправаджаць кроў і апошняе дыханне забітых, слёзы маёй бабулі, слёзы ўсёй нашай сямʼі, наша 20-гадовае страчанае жыццё.

·       Бацька казаў, што яны — не дурні, яны — нягоднікі. І гэтыя не дурні зробяць усё, каб зняславіць маю сямʼю, каб паказаць, што гэтыя людзі былі знішчаныя не па палітычных матывах.

 

«Пяць гадоў мы спадзяваліся, што яго пакінулі ў жывых»

Алена Захаранка з сынам Кірылам у першыя гады на чужыне

Алена Захаранка з сынам Кірылам у першыя гады на чужыне

З Аленай Захаранкай было цяжка дамовіцца на інтэрв’ю. Жанчына працуе практычна без выходных. Урэшце ў Алены з’явіўся вольны дзень, і мы пачалі размову пра фільм Deutsche Welle, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону смерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага 20 гадоў таму пад камандаваннем Дзмітрыя Паўлічэнкі.

— Інтэрв’ю з былым байцом паўплывала на псіхічны стан нашай сямʼі. Пяць гадоў наша сямʼя не была перакананая, што бацьку забілі. Недзе ў душы мы спадзяваліся, што, магчыма, яго пакінулі ў жывых. Як у гульні, калі туз пакідаюць на апошнюю чаргу. Была надзея, што яго трымаюць у нейкай турме КДБ. Потым мы сталі крыху ўваходзіць у рэальнасць, надзея гублялася.

Прайшло гадоў пятнаццаць, і мы прачыталі ў інтэрнэце (падаецца, Барадач пісаў), што смерць бацькі не была хуткай, што яго катавалі, адрэзалі рукі, язык. Тады мы зламаліся... Зайздросцілі нават мёртвым, нават сямʼі Карпенкі, якая змагла пахаваць блізкага чалавека. Гэты эмацыйны стан у нас працягваўся да таго моманту, як гэты чалавек, былы собравец даў інтэрв’ю Deutsche Welle. Я спадзяюся, што гэта праўда, што яго забілі хутка. Гэта стала трошкі аблягчэннем. Я хачу, каб завялі крымінальную справу на падставе канкрэтных дакументальных фактаў, каб быў суд. Не ўпэўнена, што цяпер гэта можа рэалізаваць.

 

«У нас вырванае жыццё. 20 гадоў сышлі ў бездань»

— Як жыве ваша сямʼя больш за 20 гадоў пасля таго, як вы папрасілі палітычнага прытулку ў Нямеччыне? Як маці, сястра? Як жывуць унукі Юрыя Захаранкі?

— У нас вырванае жыццё. 20 гадоў сышлі ў бездань. Гэтыя кашмарныя падзеі будуць з намі да канца жыцця. Не развітацца, не даведацца, як сапраўды ўсё адбылося, жыць, ведаючы, што вінаватыя знаходзяцца на свабодзе, што вінаватыя знаходзяцца пры ўладзе, што яны стварылі сабе падобных, ідэнтычных людзей, якія іх атачаюць... Беспакаранасць спараджае новыя злачынствы.

 

Алена Захаранка з сынам Кірылам і маці Вольгай. Архіўнае фота

Алена Захаранка з сынам Кірылам і маці Вольгай. Архіўнае фота

Усё нашае жыццё ў Нямеччыне звязанае з нашым мінулым. Вельмі цяжка аднавіць нармальнае жыццё, змірыцца з непазбежным. Цягне назад тое, што адбылося 20 гадоў таму. Маці, сястра Юля з сынам Дзянісам і я з сынам Кірылам жывем у Мюнстэры. Сюды мы прыехалі 20 гадоў таму, тут і засталіся.

Мой сын вучыцца ў школе. Мама на пенсіі, ёй ужо пад 70 гадоў. Я працую прадаўцом. Маральна мы «забітыя» нашым мінулым. Мая сястра Юля тут «згубілася», яна эмацыйна дагэтуль падаўленая. Нічога не магу сказаць пазітыўнага пра нас

— Ці змаглі вы інтэгравацца ў нямецкае грамадства? Разумею, што для маці гэта было цяжка, а для вас і вашага сына? 

Унукі Юрыя Захаранкі Дзяніс і Кірыл. Архіўнае фота

Унукі Юрыя Захаранкі Дзяніс і Кірыл. Архіўнае фота


— І для мяне цяжка. Сыну быў годзік, калі мы сюды прыехалі. Я расказвала яму пра дзядулю, але сыну было незразумела, як такое можа адбывацца ў цэнтры Еўропы.

Мы жывем у дэмакратычнай краіне, дзе кожны чалавек можа выказваць сваё меркаванне, і яно ўлічваецца, дзе не знішчаюцца апаненты.

Сын не можа зразумець, што ў наш час, калі няма вайны, адбываюцца такія страшныя падзеі.

 

«Мы павінны змагацца за жыццё ў Нямеччыне. Гэта чужая краіна, чужая мова, культура»

— Ці вы кантактуеце з роднымі іншых зніклых? З сямʼёй Красоўскіх, Ганчара?

— Не.

— А з кім падтрымліваеце сувязь у Беларусі?

— Ні з кім. Калі бацька быў у апазіцыі і проста вітаўся з былымі супрацоўнікамі, іх звальнялі на наступны дзень. Мы яшчэ тады сталі персонамі нон-грата ў Беларусі. З кім можна падтрымліваць кантакты, калі людзі баяцца, думаюць пра сваё жыццё і існаванне ў Беларусі. Рэжым прынёс страх. Мы павінны заставацца ў сваёй сямʼі і змагацца за жыццё ў Нямеччыне. Змагаемся як можам. Гэта чужая краіна, чужая мова, культура, менталітэт. Колькі б ні знаходзіўся на чужыне, ніколі не зможаш быць такімі, як яны. У нас зусім іншыя душы і думкі.

— Хто вас падтрымліваў усе гэтыя гады ў Нямеччыне?

— Некаторыя знаёмыя. Ёсць немцы, якія вельмі нас разумеюць. Дагэтуль маме дапамагае жанчына, якая ведае сітуацыю.

— А што нямецкая дзяржава вам дала як палітычным уцекачам? Жыллё, моўныя курсы...

— Так. Я і мой сын — грамадзяне Нямеччыны. Мама не хоча, у яе няма неабходнасці. Сястра таксама не хоча. Сыну трэба было атрымліваць адукацыю, а гэта вялікі мінус, калі няма грамадзянства, а толькі від на жыхарства.

 

«У Беларусі няма міліцыі, якая б абараняла свой народ»

— У Беларусі вы працавалі ў міліцыі. Што думаеце пра цяперашнюю міліцыю?

— Усё, што адбываецца ў Беларусі, і так думаюць многія, гэта запаведнік бяспраўя. Там няма міліцыі, якая б абараняла свой народ, а ёсць міліцыя як зброя для барацьбы з гэтым народам. Нічога станоўчага пра праваахоўныя органы Беларусі я сказаць не магу.

 

Юры Захаранка. Архіўнае фота

Юры Захаранка. Архіўнае фота

Цяпер перад прэзідэнцкімі выбарамі яны могуць паказаць, якім крымінальным быў мой бацька. Яны ўсё могуць прыдумаць, завесці крымінальную справу, каб яго зняславіць. Я гэтага чакаю. Знойдуцца і сведкі, і фальшывыя факты. Будзе падтасоўка, каб мяне, маю сямʼю і бацьку зганьбіць. Так атрымалася, што бацька пакінуў нас, але ён не пакінуў Беларусь. За гэта плацім мы, плаціць мая сямʼя, гэта хранічны боль, рана краваточыць увесь час.

 

«Нам не даюць магчымасці нічога зрабіць з мінскай кватэрай»

3cd68566_73bd_4108_8eb8_6de84a71b097_w1597_n_r0_st.jpg

— Нядаўна ў Мінску я праходзіла побач з домам, дзе вы жылі. Бачна, што кватэра нежылая, старыя вокны вылучаюцца на фоне суседскіх. Што з гэтай чатырохпакаёвай кватэрай? Ці магчыма яе прадаць, здаць у арэнду? Магчыма, вы яшчэ думаеце вярнуцца, і яна спатрэбіцца на радзіме?

— Гэта нонсэнс, калі чалавека 20 гадоў не прызнаюць памерлым. Мы не маем ніякага права на спадчыну. Нягледзячы на шматлікія суды, нам не даюць магчымасці нічога зрабіць з кватэрай. Мы вісім у паветры, кватэра вісіць у паветры. Крымінальная справа не раскрытая. І мы не спадзяемся, што яна будзе раскрытая пра ўладзе гэтых дзеячаў.

— Як вы думаеце, як мог скласціся ваш лёс, калі б не 7 траўня 1999 года?

 

Юры Захаранка з дачкой Аленай

Юры Захаранка з дачкой Аленай

— Калі б не адбылося гэтай трагедыі, нічога б з намі негатыўнага ў жыцці не адбывалася б. А так нам прыйшлося самім, жанчынам, змагацца за сваё жыццё на чужыне. Гэта вельмі цяжкі лёс. Мы ніколі не хацелі тут знаходзіцца. Нам тут усё было чужое. А што было б у Беларусі? Бацька быў нашым анёлам-абаронцам. Ён і цяпер мой анёл-абаронца. Калі б ён быў жывым, усё зрабіў бы, каб мы не пакутавалі.

Ці думалі вы пра помсту? Пра пакаранне для тых, хто гэта зрабіў, хто да гэтага спрычыніўся?

 

Алена Захаранка разам з бабуляй Ульянай Рыгораўнай. Архіўнае фота

Алена Захаранка разам з бабуляй Ульянай Рыгораўнай. Архіўнае фота

 — Можа для іх гэта і незразумела, але надыдзе час для кожнага падзельніка, саўдзельніка, якія былі, калі забівалі майго бацьку.

Яны застануцца адзін на адзін са сваім сумленнем.

Іх будзе суправаджаць кроў, апошняе дыханне забітых, слёзы маёй бабулі, слёзы ўсёй нашай сямʼі, наша 20-гадовая страчанае жыццё, нашы пакуты. Гэта не пройдзе проста так для забойцаў.

«Сын марыць служыць у нямецкім войску»

— Ці стала Нямеччына для вас другой радзімай? Як склалася тут ваша асабістае жыццё?

— Я працую на поўную стаўку, практычна без выходных. У мяне вельмі мала часу на асабістае жыццё. Маё асабістае жыццё — гэта мой сын. Мы размаўляем, я яму дапамагаю, маральна падтрымліваю. Сын марыць служыць у нямецкім войску. Мы пакуль яшчэ не ведаем вынікаў, але спадзяемся, што атрымаецца. Кірылу цяпер 21 год.

 

Кірыл, унук Юрыя Захаранкі

Кірыл, унук Юрыя Захаранкі

Не ведаю, хто ў Нямеччыне змог бы інтэгравацца без наступстваў. Нам было цяжка, цяпер цяжка, напэўна, і будзе цяжка. Мы — іншыя, імпульсіўныя, сардэчныя, глыбока перажываем. Гэта не ўласціва кожнаму, але мы такія. Нас тут лічаць расейцамі, паколькі па-руску гаворым. Многія немцы не ведаюць, дзе на мапе знаходзіцца Беларусь.

У Беларусі я вучылася ў Акадэміі міліцыі, паўтара года працавала інспектарам у справах непаўналетніх. Жыццё за мяжой давялося пачаць з нуля — вучыць мову, вучыцца новай прафесіі. Мая сястра Юля не працуе. Тут не ўсе мігранты працуюць. Матэрыяльна гэта не мае вялікага значэння. Я сама плачу за кватэру і за сваё існаванне, але калі чалавек беспрацоўны, то гэта робіць дзяржава.

 

Алена з маці на акцыі з нагоды справаў зніклых. Архіўнае фота.

Алена з маці на акцыі з нагоды справаў зніклых. Архіўнае фота.

Сястра жыве асобна, мама таксама, за дзесяць хвілінаў пешкі ад майго дому. Мы падтрымліваем адна адну. Мама не хоча гаварыць пра мінулыя падзеі, бо ёй гэта вельмі цяжка. Яна ўжо ва ўзросце, хоча крыху пажыць. А я не магу... У мяне быў сон, калі я трымала тату за руку, не хацела прачынацца, казала: «Тата, хаця б крыху я цябе адчую». Такіх лёсаў, як у нас, мала. Мы не маем магчымасці пахаваць і адпець бацьку. Ягоная душа і цяпер знаходзіцца паміж небам і зямлёй. Ён пакутуе за нас.

«Бацька сышоў у нікуды без права на пахаванне»

— Што вы адчувалі, калі глядзелі інтэрв’ю Гараўскага?

— Калі гэты баец расказваў, як адбывалася забойства, я ўяўляла, што ў гэты момант думаў бацька. Ён не думаў пра сябе. Ён думаў пра нас, як мы застанёмся без яго. Ён пакінуў нас і сышоў у нікуды без права на пахаванне. Колькі гадоў ён працаваў у органах, колькі гадоў змагаўся са злачыннасцю? Ён казаў, што «хунта прыйшла да ўлады», гэтыя злачынцы яго і знішчылі.

Я веру, што калісьці адбудзецца справядлівы суд, міжнародны трыбунал, але ці зможам мы гэта пабачыць? Зло вельмі актыўнае, яно ідзе наперад і не азіраецца назад. Зло мае вялікую сілу. Дабрыня, сардэчнасць не можа дазволіць сабе тое, што дазваляе нягоднік. Па словах бацькі, яны — не дурні, яны — нягоднікі. І гэтыя не дурні цяпер усё зробяць, каб зняславіць маю сямʼю. Яны зробяць усё, каб паказаць беларускаму народу, што гэтыя людзі былі знішчаныя не па палітычных матывах.

— Ці хацелі б вярнуцца ў Беларусь?

— Я не магу гэтага сказаць. Мой сын, можна сказаць, ужо немец. Ён не разумее нашых жартаў, ён крыху больш чэрствы ў параўнанні са мной. Ён не ўяўляе жыцця не ў Нямеччыне. Ён хоча зрабіць карʼеру тут. А я звязаныя з ім. Характар Кірыла вельмі падобны на характар майго бацькі. Такія людзі, як мой бацька, вельмі рэдкія. Гэта асаблівыя, класічныя людзі. Яны ніколі не сыходзяць, яны заўсёды застаюцца актуальнымі. Гэта сурʼёзныя барацьбіты за свой народ. Хай гэта гучыць пафасна, але гэта патрыёты, адзінкі, якія нараджаюцца раз у стагоддзе.

 

Што важна ведаць пра знікненне беларускіх палітыкаў

  • 7 траўня 1999 года быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністр унутраных справаў Беларусі, дзеяч апазіцыі генерал Юры Захаранка.
  • 16 верасня 1999 году зніклі без звестак былы старшыня Цэнтрвыбаркама і віцэ-спікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмент Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнесоўца Анатоль Красоўскі. Пазней на мінскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сляды крыві.
  • Прадстаўнікі беларускай апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная супольнасць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасці да іх знікненняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза і ЗША.
  • У верасні 2004 году Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку — як «самых сумленных, надзейных, адданых народу і дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Следчы камітэт паведаміў аб прыпыненні расследавання спраў аб знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У снежні 2019 года справу аб знікненні Захаранкі аднавілі.
  • 16 снежня 2019 года нямецкае выданне Deutsche Welle апублікавала інтэрв’ю, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону смерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваннем Дзмітрыя Паўлічэнкі.
  • 24 снежня 2019 году ў інтэрв’ю «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго, не мог даць каманду аб выкраданні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцці не аддаваў такую каманду» і не дасць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна, і «што змянілася, калі ў Беларусі не стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадскі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка звязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзідэнцкія выбары».

www.svaboda.org