Як дзяржава выціскае сваіх працаздольных грамадзян у іншыя краіны
Быць грамадска актыўным чалавекам нялёгка. Звальненне з працы цяжка перажыць нават у горадзе, дзе адносна шмат працоўных прапаноў. У вёсцы ж страта працы прымушае чалавека шукаць і іншае месца жыхарства.
А калі ў тваёй сям’і трое дзяцей і вось-вось на свет з’явіцца чацвёрты?
Жана Сімановіч, якая чакае чацвёртае дзіця, лічыць, што яе мужа, Рамана Сімановіча, звольнілі з працы ў ААТ «Праснакі» Капыльскага раёна з-за яе грамадскай актыўнасці.
— Наша сям’я пацярпела з прычыны маёй барацьбы за існаванне дзіцячага садка, — гаворыць мнагадзетная маці. — Дзіцячы садок я адстаяла, але з мужам, былым галоўным эканамістам ААТ «Праснакі» не падоўжылі кантракт. Малады спецыяліст з вышэйшай эканамічнай адукацыяй вымушаны працаваць качагарам узімку, а летам ахоўваць кароў. Да мужа ніякіх прэтэнзій падчас працы эканамістам не было. Але яго нават не ўзялі на працу бухгалтарам, калі ўзнікла вакансія. Муж — веруючы чалавек, грамадска не актыўны. Але ён сумленны, не зможа зрабіць які-небудзь падлог, альбо прыпісаць на паперы ўдоі ці прывесы.
Таксама мясцоваму кіраўніцтву магла не спадабацца і актыўная перапіска Жаны з вышэйстаячым начальствам з прычыны гвалтоўнага звальнення Рамана. Да таго ж яе маці, Ніна Смірнова,адстойвала ФАП, рамонт дарогі да крамы.
Маці Жаны, нягледзячы інваліднасць і цяжкія хваробы, настроена аптымістычна.
— Дасць бог, сям’я дачкі не прападзе. Галоўнае, што зяць — добры чалавек, не п’е, любіць дзяцей, клапоціцца пра сям’ю. Будзем з мужам дапамагаць, чым зможам. Муж зараз з’ехаў на заробкі ў цывілізаваную краіну, дапамагае маладой сям’і.
Быў час, калі Ніна Смірнова і яе муж Мікола Смірноў таксама былі вымушаны шукаць іншае месца жыхарства з-за сваёй грамадскай актыўнасці. Мікола Смірноў стварыў у канцы 90-х гадоў у вёсцы Вежы Слуцкага раёна суполку Беларускага Незалежнага прафсаюза. Амаль два дзясяткі рабочых саўгаса на працягу двух гадоў паспяхова адстойвалі права на дастойную працу і адпачынак. Яго жонка ў гэты час арганізавала сярод вясковых жанчын суполку Беларускай арганізацыі працоўных жанчынаў, распаўсюджвала сярод сельскіх працаўнікоў газеты «Рабочы» і «Салідарнасць».
Палітычнае жыццё ў Вежах тады віравала, як у сталіцы. У 1999 годзе шмат сябраў Вежскай жаночай арганізацыі сталі ўдзельнікамі выбарчых камісй розных узроўняў падчас альтэрнатыўных выбараў, якія праводзіў Віктар Ганчар. Школьнікі выязджалі на аздараўленне ў краіны Еўразвязу, ажыццяўлялі турыстычныя паездкі, у вёсцы быў заснаваны клуб выбаршчыкаў, праводзіліся семінары, дзіцячыя канцэрты. Механізатары атрымлівалі бясплатна рабочае адзенне, дадатковую аплату працы за выходныя дні, рыхтаваліся назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. І ўсё гэта рабілася на грамадскіх пачатках, пад пільным кантролем уладаў, занепакоеных такім ажыўленым грамадскім жыццём аграгарадка.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года пачаліся захады для таго, каб гэтая сям’я пакінула Вежы. Спачатку ўзяліся за гаспадара. Кіраўніка вясковага прафсаюза і кіроўцу аўтамабіля гвалтоўна перавялі ў паляводы. Калі ж ён адмовіўся выходзіць на палявыя работы — звольнілі за прагулы. Пасля ўспомнілі і пра жонку, якая 8 гадоў беззаганна адпрацавала прыбіральшчыцай на механізаваным двары.
— Усе ведаюць, як працуюць прыбіральшчыцы, — кажа Ніна Анатольеўна. — Прыйшла, навяла парадак за некалькі гадзін і пайшла. Заробак мізэрны, але збіраецца працоўны стаж і ёсць вольны час, у які можна падрабіць капейчыну. Мяне ж прымушалі знаходзіцца на саўгасным стане поўны 8-гадзінны працоўны дзень. Калі я аднаго дня сышла з працы раней — звольнілі за прагул. Пасля майго звальнення ніхто не прымушаў прыбіральшчыцу, якая прыйшла на маё месца, адпрацоўваць 8 гадзін.
Некалькі месяцаў абодва бацькі дваіх дзяцей прасядзелі без працы. На першы час выжыць дапамагалі грамадскія арганізацыі — Беларуская арганізацыя працоўных жанчын (БАПЖ), «Вясна-96», «Хартыя-97».
Грамадская актывістка Зінаіда Цімошак збірала грашовыя ахвяраванні на мітынгах у Мінску.
Дырэктар саўгаса Васіль Ачапоўскі быў зацікаўлены толькі ў адным — каб уся сям’я Смірновых як мага хутчэй пакінула саўгас. Таму ахвотна выкупіў іх кватэру, а яны пераехалі ў Слуцк. Колькі ні спрабавала жанчына ўладкавацца на працу ў Слуцку — не атрымлівалася. Аддзелы кадраў непакоіў артыкул звальнення. Патрымаўшы ў руках працоўную кніжку з запісам звальнення за прагул, Ніне Смірновай адмаўлялі ў працы. Тое ж некаторы час адбывалася і з працаўладкаваннем яе мужа. Толькі дзякуючы сур’ёзнаму знаёмству яму ўдалося ўладкавацца загадчыкам вясковага камбіната бытавога абслугоўвання. Заробак у камбінаце быў сімвалічны, але ў працоўнай кніжцы з’явіўся прыстойны запіс, які «пагасіў» артыкул. Дапамагалі не памерці з голаду і вернікі хрысціянскай абшчыны пяцідзесятнікаў, бо абое актывісты паступова сталі вернікамі.
Пасля Мікалай працаваў некаторы час кіроўцам у геолагаразведцы, у будаўнічай фірме, прарабам у калгасе. Заснаваў у Капыльскім раёне індывідуальнае сантэхнічнае прадпрыемства. Высветлілася, што работы па падводцы каналізацыі і вады ў глубінцы шмат, але для добраўпарадкавання сялянскіх і дачных сядзіб ў вяскоўцаў адсутнічуюць грошы.
— Я ж перанесла стрэс, захварэла, — прадоўжыла распавядаць жанчына. — Зараз — інвалід першай групы. На пенсію, дзяржаўныя дзіцячыя субсідыі, заробак беларускага сантэхніка і заробак зяця-вартаўніка пражыць цяжка, таму Мікалай, які мае добрыя рукі, з’ехаў на заробкі ў Польшчу.
— Вось так дзяржава выціскае сваіх працаздольных грамадзян у іншыя краіны, — робіць выснову Ніна Анатольеўна. Па яе словах, мужу вельмі падабаецца жыць і працаваць у Польшчы. Падабаецца культура жыцця палякаў, ветлівае стаўленне да рабочых з боку кіраўніцтва фірмы і адсутнасць страху перад кіраўніцтвам краіны і працадаўцамі.
Пакуль цесць працуе ў культурнай Польшчы і зарабляе на сям’ю, яго зяць з беларускімі дыпломамі бухгалтара і эканаміста, бацька траіх сыноў і будучага чацвёртага, добрасумленна сочыць за калгаснымі каровамі, каб іх ніхто не скраў. З’ехаць з краіны і пакінуць жонку адну з маленькімі дзецьмі ён не можа, бо хоча ўдзельнічаць у гадаванні і выхаванні сваіх маленькіх дзяцей. Яго жонка, Жана Сімановіч, хоць і канстатуе, што «ў нашай краіне ўсё, што павінна быць па закону, патрэбна выдзіраць», але не зацікаўлена ў ад'ездзе ў іншую краіну. Яна хоча, каб сыны раслі там, нарадзіліся, і мае намер рабіць свой унёсак у змены да лепшага.