Як маладыя мамы дзіцячы сад выратавалі

Мы ўжо пісалі пра тое, як жыхары вёскі Праснакі нечакана былі пастаўлены перад фактам, што іх дзіцячы садок зачыняецца: 25 мая Капыльскі райвыканкам прыняў рашэнне пра ліквідацыю дашкольнай установы з 1 чэрвеня. Але занепакоеныя бацькі распачалі змаганне.

prasnaki_002_logo_1.jpg


Бацькі напісалі калектыўны зварот у Капыльскі райвыканкам. Пасля публікацыі ў «Новым Часе» артыкула, прысвечанага ліквідацыі садка ў Праснаках, вяскоўцы асабіста наведалі старшыню Капыльскага райвыканкама. 



 

Маці дваіх дзяцей Жана Сімановіч распавядае:

 

— Я і шматдзетная маці Яўгенія Уласевіч даведаліся, што 3 чэрвеня супрацоўнікі аддзела адукацыі павінны былі ўжо перавезці мэблю з нашага дзіцячага садка ў Грозаў. Мы кінуліся да старшыні Капыльскага райвыканкама. Ён быў крыху незадаволены публікацыяй у інтэрнэце, але ў выніку наша размова скончылася пазітыўна. 

 

Старшыня райвыканкама пацікавіўся, ці збіраюцца маладыя сем’і ў Праснаках мець дзяцей, і паабяцаў, што дзеці змогуць наведваць наш дзіцячы сад.

— Калі вярнуліся з Капыля, убачылі, што з вялікагрузнага аўтобуса мэблю зноў заносілі ў наш дзіцячы садок, — распавядае спадарыня Сімановіч.

 

Зараз шасцёра дзяцей працягваюць хадзіць у дзіцячы садок, але бацькоў непакоіць адсутнасць ва ўстанове прафесійнага выхавальніка. Актыўныя маці чакаюць афіцыйны адказ на свой зварот у райвыканкам і маюць намер і далей змагацца за садок, у якім так утульна іх дзецям. Дарэчы, кіраўнік мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства таксама ўзрадаваны прыпыненнем ліквідацыі дашкольнай установы і паабяцаў набыць для садка разнастайныя цацкі для ўсебаковага развіцця дзетак.