Дабрачынная акцыя «Альтэрнатывы»

Актывісты грамадскага аб’яднання «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі) сумесна з прадстаўнікамі амбасады Францыі ў Рэспублікі Беларусь 8 чэрвеня зладзілі дабрачынную акцыю для дзяцей-сірот школы-інтэрната ў гарадскім пасёлку Рудзенск Пухавічскага раёну Мінскай вобласці.

img_5148_1.jpg


У Рудзенскай школе-інтэрнаце знаходзіцца 130 дзяцей — усе з неспрыяльных сем’яў альбо ад нараджэння з’яўляюцца сіротамі. Пры гэтым, пераважная частка выхаванцаў маюць пэўныя асаблівасці псіхічнага развіцця.    
“Сёння ў дзяржавы не хапае сродкаў на паўнавартасную падтрымку такіх аб’ектаў, як сацыяльныя прытулкі і школы-інтэрнаты, апроч таго, іх выхаванцам заўсёды не хапае ўвагі і маральнай падтрымкі з боку іншых. Таму мы імкнемся хоць неяк вырашаць такую праблему — аказваць адрасную дапамогу дзецям, збіраць патрэбныя рэчы і накіроўваць у такія сацыяльныя установы, ладзіць культурныя імпрэзы, стымуляваць ініцыятыўнасць, патрыятычны настрой і г.д.”, — каментуе ідэю акцыі лідар “Альтэрнатывы” Алег Корбан.
Падчас акцыі ў Рудзенскай школе-інтэрнаце, выхаванцы ўстановы актыўна расказвалі пра сябе, чыталі вершы і паўтаралі хуткамоўкі, спявалі песні і танчылі. Самым смелым актывісты “Альтэрнатывы” ўручылі прызы, а потым усім дзецям былі перададзеныя падарункі ад Французскай амбасады. Завяршылася сустрэча праглядам дзіцячага мультфільма і сумесным фота.
Паводле прэс-службы ГА “Альтэрнатыва”