Змаганне ў Праснаках працягваецца. Гэтым разам за ФАП

Дабіўшыся аднаўлення працы дзіцячага садка, жыхары вёскі Праснакі распачалі барацьбу за аднаўленне працы фельдшарска-акушэрскага пункта, які прыпыніў сваю працу яшчэ ў 2014 годзе.

img_6387_logo.jpg


Нагадаем, што з 1 чэрвеня 2016 года ў сувязі з дзяржаўнай эканоміяй сродкаў мясцовы дзіцячы сад-яслі павінен быў зачыненіцца. Бацькі не пагадзіліся з такім рашэннем Капыльскага райвыканкама і распачалі барацьбу за існаванне дзіцячага садка: звярнуліся за дапамогай «Новы час», сабралі подпісы пад калектыўным зваротам у райвыканкам і іншыя інстанцыі, пабывалі на прыёме ў старшыні райвыканкама. У выніку райвыканкам адмяніў рашэнне аб закрыцці дашкольнай дзіцячай установы, і надзвычай утульны дзіцячы садок працягнуў сваю працу.

img_6386_logo.jpg


Акрыленыя поспехам, найбольш актыўныя жыхары вёскі Праснакі вырашылі працягнуць барацьбу за лепшыя ўмовы пражывання: на гэты раз за дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне медыцыны.
Наша вёска — цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ «Праснакі», — распавядае Ніна Смірнова, жанчына сярэдняга ўзросту, інвалід 2-й групы па агульнаму захворванню. — Колькасць насельніцтва перавышае 300 чалавек, нямала людзей пражывае і ў навакольных вёсках: Жукі, Канюхі, Загараўшчына, Стараселле, Грывень. А мясцовы ФАП даўно ўжо не працуе.
Ніна Смірнова — адна з тых, хто не хоча мірыцца з імклівымі разбурэннямі сацыяльнай структуры вёскі. Так, па яе словах, у сувязі з праграмай згортвання сацыяльных стандартаў у вёсцы ўжо даўно зачынены сельскі клуб і бібліятэка. Асабліва вяскоўцы пакутуюць з-за закрыцця ФАПа.
ФАП перастаў працаваць у 2014 годзе нібыта з-за адсутнасці фельдшара. Малады спецыяліст адпрацаваў свой тэрмін размеркавання і пакінуў вёску. З медыцынскага абслугоўвання засталася толькі адна «Хуткая дапамога», якая прыходзіць з Капыля. Захварэўшым людзям за медыцынскай дапамогай трэба звяртацца ў Грозаўскі ФАП, які знаходзіцца прыкладна ў 7 кіламетрах ад Праснакоў. Пажылыя людзі, у якіх няма аўтамабіляў і якія нікуды не выязджаюць гадамі, фактычна застаюцца без медыцынскай дапамогі.
Пасля таго, як сяльчане сабралі подпісы пад калектыўным зваротам на імя галоўнага ўрача Капыльскай бальніцы, ім паабяцалі, што 1 раз у месяц у вёску будзе прыязджаць доктар з Грозава, а 1 раз на тыдзень у памяшканні канторы ААТ «Праснакі» медыцынскую дапамогу будзе аказваць фельдшар-акушэр Грозаўскага ФАП Сцяпура Л.В.
Фактычна нам прапаноўваюць хварэць па раскладу — 1 раз у тыдзень, альбо раз у месяц, — гаворыць жанчына. — Не ўсе хваробы лечацца таблеткамі: кагосьці трэба пракалоць антыбіётыкамі, камусьці паставіць кропельніцу, або памераць крывяны ціск. Здароўе механізатараў таксама патрэбна раніцай правяраць перад іх выездам на працу і на трасу. Быў выпадак, што чалавек з сардэчным прыступам адправіўся на трасу, ледзь не нарабіў праблем сабе і людзям.
Па сведчанню Смірновай, Сцяпура Л.В. па сваёй спецыялізацыі з’яўляецца акушэркай і наўрад ці зможа ўводзіць уколы ў вену.
Яшчэ адна суразмоўца, якая папрасіла не называць імя, ажыццявіла экскурсію па вёсцы і звярнула ўвагу на яе прыгажосць.

img_6391.jpg


Па яе словах, у будаўніцтва новых «прэзідэнцкіх» дамкоў дзяржава ўклала вялікія грошы. Сапраўды, вёска выглядае знешне па-еўрапейску, шкада, што пра іншыя — медыцынскія і культурныя патрэбы сельскіх жыхароў — дзяржава амаль не паклапацілася.

img_6389.jpg


Зараз мясцовыя жыхары чакаюць адказу па агучанай праблеме з Капыльскага райвыканкама і маюць намер працягваць змаганне за аднаўленне паўнавартаснай працы фельдшарска-акушэрскага пункта ў спецыялізаваным дабротным будынку — там, дзе ён працаваў раней. Пакуль што яго не разбурылі, але пасля двух гадоў прастоя яму патрабуецца ўнутраны рамонт.
Апроч вяртання ФАП вяскоўцы маюць намер палепшыць цвёрдае пакрыццё дарогі, якая вядзе да мясцовай крамы «Родны кут» і ўяўляе сур’ёзную небяспеку для руху аўтамабіляў, раварыстаў і пешаходаў.

img_6378_logo.jpg