Як на законных падставах не аддаваць дзіця ў дзяржаўную школу?

Беларуская сістэма адукацыі і без таго выклікала шмат нараканняў, але пасля падзей жніўня 2020 года многія бацькі і настаўнікі задумаліся аб тым, што з дзяржаўнай школай ім і іх дзецям не па дарозе.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Выйсце з гэтай сітуацыі шукалі падчас канферэнцыі «Школа маёй мары», арганізаванай мамай 13 дзяцей Вікторыяй Онахавай-Жураўлёвай, 8 дзяцей якой сёлета ў школу не пойдуць.
Сваіх дзяцей Вікторыя вырашыла перавесці на індывідуальны план навучання, яны будуць праходзіць школьную праграму дома. Па прадметах, з якімі мама, магчыма, не спавіцца, будуць дапамагаць рэпетытары.
Я думаю, усе, у каго ёсць дзеці-школьнікі, часта сутыкаюцца з расчараваннем ад сістэмы адукацыі ў Беларусі. Гэтая праблема цягнецца шмат гадоў, і мы ўсе — дзеці, бацькі, настаўнікі — з’яўляемся яе закладнікамі. Але сёлета мне стала зразумела, што працягвацца далей так не можа. Я не хачу, каб мае дзеці знаходзіліся ва ўмовах празмернага эмацыйнага ціску, каб школа навязвала нейкія паводзінныя патэрны, каб мне трэба было браць дадатковую адукацыю для маіх дзяцей у 9 і 11 класах. Мне здаецца, што можна вучыць дзяцей па-іншаму, у мяне ёсць такі досвед, калі двое маіх сыноў вучыліся дома на індывідуальным плане ў 1 і 4 класе. Гэта былі лепшыя школьныя гады ў іх жыцці, — гаворыць Вікторыя Онахава-Жураўлёва.
Вікторыя ініцыявала праект «Свабодная школа», створаны для таго, каб аб'ядноўваць бацькоў, дзяцей і настаўнікаў і агучваць свой запыт школе і грамадству, і шукаць спосабы яго рэалізацыі. Шматдзетная мама прапануе бацькам вучняў кааперавацца і шукаць пад свой запыт настаўнікаў, памяшканні альбо пераходзіць на анлайн-навучанне. Гэта дазволіць знізіць нагрузку на дзяцей з боку школьнай адміністрацыі і шукаць сябе. Праект запушчаны менш чым тры тыдні таму, а ў многіх раёнах Мінска ўжо створаныя кааперацыі бацькоў, якія гатовыя з 1 верасня вучыць сваіх дзяцей па-новаму. І для этага не патрэбная ніякая структура зверху ў выглядзе Міністэрства адукацыі.
 — Мне часта задаюць пытанне, як праходзіць атэстацыя такіх дзяцей. Атэстацыя праходзіць у школе, у якой аформлены індывідуальны план, дзеці атрымліваюць на рукі пасведчанне дзяржаўнага ўзору. Але атрымаць высокія адзнакі — не самае важнае для нашых дзяцей. Важна атрымаць базу, шырокія веды, захаваць цікаўнасць у дзіцяці, каб яно магло шукаць веды, — гаворыць Вікторыя Онахава-Жураўлёва.
Беларускае заканадаўства дазваляе розныя формы індывідуальнага навучання, але не ўсе ведаюць свае правы ў гэтай галіне. Ва ўстановах сярэдняй адукацыі прадугледжаны тыпавы навучальны план, па якім займаюцца ўсе школьнікі. Але артыкул 31 Кодэкса аб адукацыі кажа, што кожны навучэнец мае права на навучанне па індывідуальным плане.
Азначэння «хатняе навучанне» ў Беларусі няма. Але навучальны план прадугледжвае, што, калі дзіця не можа па пэўных прычынах наведваць усе альбо нейкія асобныя прадметы, бацькі маюць права звярнуцца з заявай ва ўстанову адукацыі. Навучанне па індывідуальным плане можа быць пастаянным, альбо цягам нейкага перыяду — гэта ў заяве трэба ўказаць. Таксама важна падмацаваць заяву дакументамі, якія стануць падставай для таго, каб дзіця можна было перавесці на індывідуальны план. Ёсць дзве катэгорыі дзяцей, якім прадастаўляюць магчымасць вучыцца індывідуальна: гэта калі дзіця надзвычай адоранае альбо калі не можа наведваць заняткі па стане здароўя. У першым выпадку падставай могуць стаць прафесійныя заняткі па нейкіх напрамках. Цягам 20 дзён кіраўнік установы разглядае гэтую заяву, задавальняе альбо не задавальняе яе. У заканадаўстве крытэры згоды альбо адмовы не прапісаныя. Парадак атэстацыі вучняў, якія праходзяць праграму па індывідуальным плане, — таксама, усё залежыць ад школы.
Нярэдка ў пераводзе на індывідуальны план навучання могуць адмовіць таму, што адміністрацыя школы баіцца сутыкнуцца з нечым невядомым. У школе павінны складаць планы індывідуальнага навучання, але не ўсе ведаюць, як гэта рабіць. Таму бацькі могуць прапанаваць сваю дапамогу.
Яшчэ важны момант: пераходзіць на індывідуальны план можна ў любы момант, таму не варта перажываць, калі вы не паспелі падаць заяву да 1 верасня. На практыцы для зручнасці перавод звычайна робіцца на пачатку чвэрці.
Эксперты звяртаюць увагу, што нярэдка пры пераводзе на індывідуальны план у вучняў зніжаюцца адзнакі. Таму трэба заўжды быць на сувязі з настаўнікамі і адміністрацыяй школы, каб не ўзнікла праблем з атэстацыяй.
Нярэдка стаўленне да дзяцей на індывідуальным навучанні бывае перадузятым — да гэтага трэба быць гатовымі. Але пагрозы сацыяльна небяспечным становішчам (СНП) у адносінах да такіх дзяцей не маюць пад сабой ніякіх падстаў. Калі адміністрацыя школы дазваляе сабе такія пагрозы, трэба пісаць пра гэта заяву ва ўпраўленне адукацыі.
Пры ўсім пры гэтым важна памятаць, што індывідуальны план патрабуе вялікай адказнасці і самаарганізацыі бацькоў, не кажучы ўжо пра тое, што павінна быць магчымасць быць з дзіцем дома. Таму такі метад навучання падыйдзе не для ўсіх.
Ёсць яшчэ варыянт прыватных школ. Але асноўная праблема там — кошт навучання. Зрэшты, у некаторых з іх бываюць спецыяльныя праграмы, па якіх нейкі адсотак вучняў могуць прымаць на навучанне бясплатна альбо са зніжкай — так што вывучайце прапановы і выбірайце, які варыянт падыходзіць вам і вашым дзецям.