Як перажыць сезон карпаратываў і не нашкодзіць здароўю?

Надыходзіць час навагодніх вечарынак і карпаратываў, калі не кожны зможа ўтрымацца ад лішняй порцыі алкаголю. Як дапамагчы сабе перажыць алкагольны сезон? «Салідарнасць» дзеліцца парадамі.

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

Перш за ўсё, адзначым, што найбольш здаровы варыянт — наогул не ўжываць алкаголь. Калі вам гэта недаступна, паспрабуйце не забываць пра ўмеранасць.

Рэкамендуюць ужываць не больш за 4 стандартныя адзінкі алкаголю ў дзень. Некалькі арыенціраў:

  • пінта піва сярэдняй крэпасці  2,2 стандартных адзінак
  • 150 мл чырвонага віна — 1,6 стандартных адзінак
  • 150 мл белага віна — 1,4 стандартных адзінак
  • 30 мл моцных алкагольных напояў (ром, гарэлка і г.д.) — 1 стандартная адзінка

Перад тым, як будзеце выпіваць, паешце: калі ў страўніку ёсць ежа, спіртное павольней усмоктваецца, піша bodyandsoul.com.au. У такім разе целу прасцей перапрацоўваць алкаголь. Варта ўжываць ежу — прасцей кажучы, закусваць — і тады, калі вы п'яце алкаголь, бо так вы павялічыце на 25-45% хуткасць, з якой алкаголь будзе сыходзіць з кровазвароту.

Пастаўце побач з сабой шклянку з чымсьці безалкагольным: дапусцім, там можа быць вада ці сок. У такім выпадку, калі вам проста захочацца піць, вы зможаце абысціся без алкаголю і пакінеце куфель са спіртным толькі на выпадак агульных тостаў, рэкамендуе Healthline. Дзякуючы гэтаму вы вып'еце менш.

Таксама не спяшаецеся выпіваць напой за напоем — лепш, каб паміж іх ужываннем прайшло не менш за гадзіну. Гэта дасць целу больш часу, каб перапрацаваць алкаголь і засцерагчыся ад залішняга ўжывання, ды і вы зможаце больш свядома вырашыць, ці сапраўды вам патрэбна гэтая дадатковая порцыя напою.

Рабіце ўпор не на колькасць алкаголю, а на яго якасць: да прыкладу, купіце прэміяльнае віно, дарагі лікёр або крафтавае піва. Але будзьце ўважлівыя, бо часам такія напоі ўтрымоўваюць больш алкаголю, чым напоі больш простыя (напрыклад, гэта датычыцца крафтавага піва).

Яшчэ адзін плюс — у такіх напояў звычайна ёсць дадатковыя адценні густу, і можна ад іх павольна атрымліваць асалоду замест таго, каб закідваць у сябе шклянку за шклянкай. Які б алкаголь вы не пілі, зважайце на яго колер, водар і густ: так вы атрымаеце больш задавальнення ад напоя і зможаце трохі запаволіцца, каб своечасова заўважаць уплыў алкаголю на ваш арганізм.

Замест таго каб рабіць алкаголь галоўнай часткай свята для сябе, сканцэнтруйцеся на цікавых гутарках з людзьмі і актыўнасцях, якія прыносяць вам задавальненне. Далучайцеся да групавых конкурсаў, пагуляйце з дзецьмі, надайце час агульным фота ці патанчыце  выбірайце самі, што вам даспадобы.

Не абавязкова заставацца на вечарынцы да ўзыходу сонца: прыходзьце туды пазней і вяртайцеся дадому своечасова. А ў дні пасля застолля, ды і перад ім, добра было б адмовіцца ад алкаголю ці як мінімум скараціць яго ўжыванне, каб даць арганізму надзвычай патрэбны перапынак ад спіртнога.