Як адкрыць беларускамоўныя групы ў садках

Для якаснага выхавання дзетак на роднай мове ў дашкольных установах. Гэтая праблема вечарам 26 верасня абмяркоўвалася на круглым стале, які адбыўся ў Мінску, у сядзібе «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».



kruhly_stol.jpg

Пасяджэнне круглага стала ў сядзібе ТБМ. Выступае старшыня грамадскага абяднання Алег Трусаў
Удзельнікі пасяджэння — актывісты ТБМ і бацькі прыйшлі да высновы, што ў кожным раёне сталіцы ўладам трэба вызначыць пэўную колькасць апорных садкоў з беларускамоўнымі групамі і прадугледзець, каб дзеці рознага ўзросту маглі патрапіць у гэтыя садкі. Прычым інфармацыя пра апорныя садкі з беларускамоўнымі групамі павінна быць даступнай для грамадзян і знаходзіцца як у раённых аддзелах адукацыі, так і ў інтэрнэце. 
Удзельнікі круглага стала выказалі неабходнасць звярнуцца да ўладаў па пытанню падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў для беларускамоўных груп у садках і выданню неабходнай метадычнай літаратуры. На пасяджэнні адзначалася, што ў дзейнасці па зняццю праблемы беларускамоўных груп у садках неабходна абапірацца на назапашаны вопыт бацькоў і веды юрыстаў, а таксама на пастаянны грамадскі кантроль за вырашэннем чынавенствам гэтага актуальнага пытання.
Усе гэтыя праблемы ў бліжэйшы час будуць выкладзены ў лістах старшыні грамадскага аб’яднання Алега Трусава ва ўпраўленне адукацыі Мінскага гарвыканкама і ў Міністэрства адукацыі.
У інтэрвью карэспандэнту НЧ першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім адзначыла, што спроба бацькоў па рэалізацыі натуральнага канстытуцыйнага права кожнага дзіцяці на атрыманне дашкольнай адукацыі па-беларуску вельмі часта застаецца безвыніковай. Паводле яе слоў, гэта адбываецца з прычыны абыякавага стаўлення да праблемы і ваяўнічага непрафесіяналізма беларускага чынавенства.
«Трэба сказаць, што ў сістэме адукацыі ёсць розныя людзі. Так, многія загадчыцы садкоў прыхільна ставяцца да жадання бацькоў аддаць сваіх дзетак ў групы, дзе выхаванне і адукацыя вядуцца па-беларуску. Але кіраўнічкі садкоў не могуць забяспечыць выхаваўчы працэс на належным узроўні, бо нашыя дашкольныя ўстановы адукацыі знаходзяцца ў вельмі бядотным стане – у кадравым і матэрыяльным плане. Гаворка ідзе пра недахоп выхавацеляў з добрым веданнем беларускай мовы, а таксама пра цякучку гэтых кадраў з-за мізэрнага заробку.
Вось чаму дзяржава высілкамі і вуснамі чыноўнікаў займаецца прыніжэннем бацькоў, якія жадаюць уладкаваць сваіх дзетак ў беларускамоўныя групы садкоў. Часам назіраецца сапраўдны гвалт над бацькамі і іх дзеткамі, якіх чыноўнікі ставяць у бяспраўнае становішча. Бо як інакш можна назваць сітуацыю, пры якой бацькі ў сваёй краіне, дзе яны працуюць і выплочваюць падаткі, не могуць забяспечыць канстытуцыйнае права сваіх дзетак на беларускомоўную адукацыю і выхаванне. Моцны стрэс атрымлівае і дзіця, якое першыя гады свайго жыцця выхоўваецца выключна ў беларускамоўным асяроддзі, але прыходзіць у садок, дзе знаходзіцца ў чужамоўным асяроддзі. Сітуацыя ўскладняецца, калі гэты стрэс дапаўняецца неспагадлівымі адносінамі да дзіцяці», — падкрэсліла Анісім.
На яе меркаванне, нягледзячы на нейкія знешнія праявы беларускасці, што адбываюцца пад уціскам грамадскасці, застаецца жахлівай сітуацыя з ужываннем беларускай мовы ў сістэме адукацыі, пачынаючы ад садкоў і заканчваючы вышэйшай адукацыяй. «Не адбылося аніякіх зменаў у лепшы бок ў гэтым пытанні за ўвесь час існавання самастойнай Рэспублікі Беларусь», — адзначыла першы намеснік старшыні ТБМ.
Паводле яе слоў, грамадскае аб’яднанне ў каторы раз будзе прымаць свае захады праз лісты, звароты, інфармаванне грамадзян ў СМІ дзеля таго, каб паставіць праблему адкрыцця беларускамоўных груп у садках пад пастаянны грамадскі катроль і не здымаць яго да поўнага вырашэння гэтага важнага пытання.