Паміж мовай і мовай

..Шпацыравалі з сябрам па скверы, што побач з вуліцай Багдановіча і плошчай Бангалор, вяла спрачаліся аб нечым, звыкла не звяртаючы ўвагі на недарэчнае спалучэнне мінскай тапанімікі. Падчас спрэчкі, што вялася па-руску, я працытаваў сказ з беларускамоўнага тэксту. І раптам пачуў: «А ты праз мову ўжо зусім стаўся нацыяналістам...»



russian.jpg

Ні асуджэння, ні ўхвалення я не заўважыў — нейкая бясколерная, без адценняў, канстатацыя. Але задумаўся: як гэта праз мову можна стацца нацыяналістам? Ці камуністам... Ці сацыял-дэмакратам... Ці лібералам...
Сябар мой, дарэчы, ліберальных поглядаў, выдатна валодае беларускай мовай, карыстаецца ёй па патрэбах. Але ў асноўным — рускай. Дык што, праз ужыванне той ці іншай мовы вызначаецца прыналежнасць да палітычнай плыні і ўвогуле — палітычны лад?

Многія лічаць, што ў Беларусі з яе балючай моўнай драмай — вызначаецца. Некаторыя публіцысты з ужывання ці не ўжывання беларускай мовы ўвогуле робяць нейкую прыладу накшталт «свой-чужы».


Цікавы нарыс пра рускіх у Эстоніі, нават пры штучнасці шэрагу высноў з тамтэйшых назіранняў, Дзмітрый Галко пачынае з прызнання, што «большую частку жыцця... карыстаўся рускай мовай. Яна была першай, вывучанай у дзяцінстве, і цяпер застаецца асноўнай мовай зносінаў». Але калі «...мова — культурны код, у якім закладзена філасофія жыцця чалавека, яго сістэма каштоўнасцей, стыль паводзін, лад мыслення, руская з цягам часу робіцца для мяне ўсё больш чужой. І гэта ненармальна — пастаянна ў глыбіні душы адчуваць сябе чужым сярод чужых на сваёй зямлі».

Разумею шчымлівасць, з якой аўтар робіць гэта прызнанне, бо ў «чужыя» трапляе пераважная большасць беларусаў. Але ці не хаваецца за гэтай шчымлівасцю пэўная няшчырасць? Што, калі аўтар карыстаецца беларускай мовай, ён беларус, а калі рускай — «чужы» беларус? То бок і не беларус, а немаведама хто з немаведама якой «філасофіяй жыцця» і «сістэмай каштоўнасцяў»?


Адмаўляць мове ва ўплыве на «лад мыслення» і «стыль паводзін», вядома, не выпадае. Але я не ведаю аніводнага рускамоўнага беларуса — ні з гарадскіх, ні тым больш з вясковых — чый лад і стыль цалкам не беларускія. Родная мова жыве не толькі і не столькі ў культурным, як лічыць Галко, кодзе беларусаў, бо культура і нацыянальная адметнасць нішчыліся разам з мовай, але найперш у тысячагадовым — «ад прадзедаў спакон вякоў» — кодзе беларускіх пакаленняў. І ў гэтым, упэўнены, паратунак і моўная будучыня нацыі.
Дык чаму ж «чужы»?

Няўжо частка беларускамоўнай інтэлектуальнай эліты сапраўды верыць у тое, што калі рускамоўнаму беларусу без перадыху дзяўбсці, які ён «чужы», і мова (дакладней, яе ўсеагульнае ўжыванне, бо мова, дзякуй Богу, жыве) адродзіцца, і беларус урэшце рэшт стане «сваім»?!


Не, нельга блытаць стаўленне да моўнай палітыкі са стаўленнем да рускай мовы як да «чужой».

Іншая? Так. Замежная? Магчыма. Але ўсё ж такі ў абмежаваным, геаграфічна-палітычным, так бы мовіць, сэнсе. Бо нельга не ўлічваць, што ў розных народаў станаўленне мовы адбывалася ў розных гістарычных абставінах. І адносіцца да рускай мовы, як, напрыклад, да ангельскай — глупства, якое толькі пашырае непаразуменне паміж беларусамі.


Роўна праз год пройдзе рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі. І што, калі шатландцы выкажуцца «за», дык адмовяцца ад ангельскай мовы і з імпэтам пачнуць карыстацца толькі кельцкай?..
Немагчыма, зразумела, параўноўваць сумнавядомы лукашэнкаўскі моўны рэферэндум з шатландскім аб незалежнасці — розныя метады і розныя мэты. Лукашэнкаўскі, што зрабіў рускую мову дзяржаўнай, — супраць незалежнасці, у працяг русіфікацыі, яшчэ больш жорсткай, чымсьці ў СССР.
Але адна справа — русіфікацыя, іншая — руская мова.

У пэўным сэнсе руская мова таксама ахвяра русіфікацыі. З чаго яшчэ, як не з гэтай ганебнай палітыкі, ужыванне рускай мовы ператвараецца, так бы мовіць, у злоўжыванне, а сама яна абвяшчаецца «чужой» ці нават «акупацыйнай»?! Дарэчы, таксама блытаніна паміж акупацыяй і анексіяй, якая па наступствах яшчэ горш...


Аднойчы да мяне трапіў ліст, аўтар якога з вялікім жалем і занепакоенасцю піша пра няведанне і нежаданне ведаць і ўжываць родную мову. Але вось выснова: «...каб змяніць чужую мову на сваю, трэба, па-першае, зразумець шкоднасць чужой мовы і культуры...»
Я не ведаю, як можна гэта зразумець.

Я наогул не ведаю, як страх перад «чужой» мовай і культурай і, адпаведна, моўная і культурная абмежаванасць, не кажучы ўжо пра варожасць, здольны спрыяць распаўсюду і развіццю нацыянальнай мовы і культуры. Падобна на тое, як пагардлівае стаўленне да беларускай мовы з боку адэптаў «великой и неделимой» ёсць на самой справе цемрашальства, не маючае аніякіх адносінаў да культуры і ўвогуле чалавечай годнасці.


Дык навошта нам такое падабенства? Каб «людзьмі звацца»?
Не, мала сёння людзьмі звацца. Трэба яшчэ заставацца людзьмі.
Сяргей Ваганаў, nn.by