Латвія. Валдзіс Дамброўскіс зачыніць рускія школы
Прэм’ер-міністр Латвіі Дамброўскіс абвясціў, што навучанне ў рускіх школах у хуткім часе будзе весціся толькі на латышскай мове. Партыя прэм’ер-міністра «Адзінства» стварыла працоўную групу для распрацоўкі адпаведнага закона. Па задуме «Адзінства», праз два гады ў краіне не павінна застацца не толькі дзяржаўных рускіх школ, але і дзіцячых садкоў.

Валдзіс Дамброўскіс
Сябры гэтай партыі матывуюць свой праект жаданнем «дапамагчы рускім інтэгравацца ў грамадства», паколькі латышская мова з’яўляецца адзінай мовай зносін з дзяржорганамі. Адзін з аргументаў на карысць такога законапраекту — правал моўнай рэформы 2004 года, паводле якой пераход на латышскую мову мусіў быць паступовым. Працэнт рускамоўных знізіць не ўдалося, і пра яе забылі.
Зрэшты, непапулярнай апынулася яшчэ ідэя надання рускай мове статуту дзяржаўнага. На рэферэндуме 2012 года «за» рускую мову прагаласавалі 24,88% грамадзян, а супраць — 74,8%.
Цікава, што цяперашні праект будзе тычыцца толькі мовы навучання ў дзяржаўных школах. На прыватныя школы гэта не распаўсюджваецца. Сёння ў Латвіі існуе мноства прыватных навучальных устаноў, дзе выкладанне вядзецца толькі на рускай мове.