Латвія ўводзіць еўра

З наступнага года Латвія далучаецца да вялікай сям'і еўразоны, што істотна палегчыць дзелавыя сувязі, а таксама падарожжа для жыхароў Еўрасаюза. Усе адказныя ўстановы і органы зоны еўра прызналі, што Латвія цалкам адпавядае крытэрам увядзення адзінай еўрапейскай валюты, што дазваляе ёй з 1 студзеня 2014 года стаць 18-й краінай еўразоны.



x03o2n_w465h262.jpg

Пераход з лата на еўра будзе ажыццёўлены ў адпаведнасці з ранейшым афіцыйным курсам, устаноўленым Банкам Латвіі, які складае 0,702804 лата або 70,3 сантыма за адзін еўра. Кошт аднаго лата складае 1,42 еўра. 

Пасля пераходу на еўра на працягу першых двух тыдняў у Латвіі наступіць перыяд паралельнага звароту латаў і еўра, калі жыхары краіны ў гандлёвых месцах яшчэ змогуць расплачвацца латамі, а рэшту ім будуць выдаваць у еўра. З 15 студзеня 2014 года плацяжы ў Латвіі можна будзе рабіць толькі ў еўра. 

У Латвіі будуць выкарыстоўвацца тыя ж еўрабанкноты, што і на астатняй тэрыторыі Еўрапейскага манетарнага саюза, а латвійскія еўраманеты ўпрыгожаць нацыянальныя сімвалы, абраныя ў свой час на конкурсе народных ідэй. 

На латвійскіх манетах наміналам у адзін і два еўра намаляваная дзяўчына ў народным строі з даваеннай пяцілатавай купюры. На манетах вартасцю 10, 20, 50 цэнтаў намаляваны герб Латвіі, на аднацэнтавых, двухцэнтавых і пяціцэнтавых манетах — малы герб Латвіі.

telegraf.by