Якая яна, праца маладога настаўніка

Уладзіслаў скончыў БДПУ імя Максіма Танка. Падчас вучобы ва ўніверсітэце ён, як і ўсе студэнты, спадзяваўся пазбегнуць адпрацоўкі па размеркаванні. Лёс усё ж закінуў яго ў школу Цэнтральнага раёна Мінска.



v04c_9o0p94_logo.jpg

Хто сказаў, што мары не здзяйсняюцца?

У дзяцінстве Уладзь хацеў пайсці па бацькавых слядах і стаць бізнесоўцам. У старэйшых класах, калі хлопец моцна зацікавіўся беларускай літаратурай і адначасова юрыспрудэнцыяй, ён захацеў паступаць на юрыста-міжнародніка. Марыў вучыцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Але ў выніку пачаў спраўджваць сваю другую мару — паступіў у Беларускі Дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Беларуская мова і літаратура. Літоўская мова»: «Я пайшоў туды, нягледзячы на тое, што, мажліва, гэта не зусім прэстыжны ўніверсітэт і факультэт, — як кажуць тыя, хто там не вучыўся. Я ж лічу, што там працуюць сапраўды моцныя і прафесійныя выкладчыкі».

Уладзь ведаў, што зможа быць някепскім настаўнікам беларускай літаратуры. А вось мова яму ніколі не давалася добра. Калі па літаратуры хлопец атрымліваў вышэйшыя балы, то па мове — толькі пяцёркі ды шасцёркі. Таму не меў ілюзій: ідэальнага настаўніка беларускай мовы з яго не выйдзе.

Многія аднакурснікі на працягу вучобы клапаціліся пра сваё размеркаванне — падпрацоўвалі ў школах. Але, па словах Уладзя, ва ўніверсітэце замацавалася сістэма: калі ты нарадзіўся не ў Мінску, то табе не даюць мажлівасць працаваць у мінскіх школах.

На старэйшых курсах хлопец усё ж паступіў у ЕГУ. Другая адукацыя, хоць і дыстанцыйная, але сумяшчаць яе з першай дзённай — справа не з лёгкіх. Уладзь не паспяваў вучыцца бездакорна: прыходзілася рабіць выбар паміж галоўным і другасным. Што падабалася — ён вучыў. Астатняе прыходзілася прапускаць.

Размеркаванне

На папярэдняе размеркаванне Уладзь прыйшоў з запытам ад фірмы, якая мае сувязь з літоўцамі. Туды яго бралі менеджэрам. Але дакумент у камісіі да ўвагі не прынялі. «Былі людзі з запытамі і з больш сур’ёзных месцаў працы, — падзяліўся Уладзь, — але ім таксама адмовілі. Для мяне гэта парадокс: відавочна, што ў школах гэтыя маладыя спецыялісты не змогуць праявіць сябе так добра, як на працы, з якой прынеслі запыты».

Камісія размяркоўвала толькі па прамой спецыяльнасці ў тыя месцы, адкуль ты паходзіш. Але, калі студэнт адвучыўся на спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Польская мова», то ў такім выпадку ў яго было больш шансаў размеркавацца выкладчыкам на нейкія моўныя курсы.

«Мы ж з вамі разумеем, — кажа Уладзь, — у нашых школах папросту не хапае настаўнікаў. Але вырашаць праблему нечым накшталт «абы хто трапіў» — кепскае выйсце. Многія, хоць і адвучыліся на педагогаў, але не здольныя імі быць па сваіх якасцях. Такія людзі могуць дапамагаць іншым сваімі ведамі ў тых сферах, якія з’яўляюцца блізкімі да педагогікі».

Уладзь — мінчанін, таму на размеркаванні яму далі магчымасць абраць любы раён Мінска, у якім ён хацеў бы працаваць. Хлопец абраў Цэнтральны раён, таму што той яму проста падабаецца: «Я не ведаў, што гэта за школа, колькі гадзін мне там давядзецца працаваць. Я ведаў толькі тое, што яна знаходзіцца ў Цэнтральным раёне».

Замест школы — у лякарню

Уладзю адразу не змаглі даць класы, каб настаўнічаць. Месца настаўніка вызвалялася толькі праз тры месяцы. На гэты час хлопцу прапанавалі папрацаваць… у лякарні.

Першы ўрок для дзетак з лякарні хлопец правёў без аніякага хвалявання. Настаўнік, які курыраваў Уладзя, сказаў яму канкрэтна: «Вось вучні. Вось праграма. Вось падручнік». Адзінае, чаго баяўся нядаўні студэнт, — што яго ведаў будзе недастаткова, каб вучыць дзяцей: «Але, калі ты знаходзішся ў сітуацыі, калі менавіта зараз табе трэба быць настаўнікам, то раптам узгадваеш тое, што, падавалася, раней і не ведаў».

Зараз Уладзь працуе ў школе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Нагрузка ў яго — паўтары стаўкі з факультатывамі і надомныя заняткі. У школе толькі два настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, таму працаваць даводзіцца сур’ёзна.

Удзень Уладзь мае па 6–7 урокаў, ды яшчэ і форткі. То бок у школе знаходзіцца па 8–9 гадзін Але, вядома, што праца настаўніка не абмяжоўваецца будынкам школы. Па прыходзе дадому Уладзя заўжды чакаюць дакументацыя, стос папер, якія трэба запоўніць, неправераныя сшыткі і яшчэ не напісаныя канспекты заўтрашніх урокаў.

Любімыя класы, любімыя вучні…

«Ці ёсць у вас любімчыкі?» — пытаю я. «Я вам так скажу: ёсць класы, з якімі працуецца добра і з якімі працаваць падабаецца. А ёсць класы, у якіх цяжка, бо там вучацца нявыхаваныя дзеці. Скажу шчыра, трымаць дысцыпліну маладому настаўніку вельмі складана. Шмат каму хочацца перад ім вылучыцца. Некаторыя не баяцца ні кепскіх адзнак, ні заўваг…»

Але Уладзь прыдумаў сваю сістэму працы з някепскімі, але абыякавымі да прадмету вучнямі. Такім дзецям малады настаўнік кажа: «У мяне ёсць дзесяць вучняў, якія працуюць, таму няхай яны сядаюць бліжэй да мяне. Астатнія — прабачце, але пад маю ўвагу вы не патрапіце». З тымі вучнямі, якія падрыхтаваліся да ўроку, Уладзь і займаецца. «А абыякавыя, нават калі нічога не прачыталі, пачынаюць падымаць рукі. О, добра, думаю, значыць звярнулі на мяне ўвагу». І пакрысе Уладзь пачынае перасаджваць «нядаўніх абыякавых» да «працуючых».

На момант я ўявіла сябе настаўніцай, уздыхнула і выказалася: «Ад такой працы мусяць існаваць сродкі-антыдэпрэсанты… Падзеліцеся рэцэптам?» «Дэпрэсія — гэта не пра мяне, — катэгарычна заявіў Уладзь. — Я займаюся спортам. Нават калі я адпачываю, усё адно думаю, як правесці ўрок так, каб вучням не было сумна. Безумоўна, ёсць не вельмі добрыя вучні, якія мяне жахліва стамляюць… Але яны таксама мяне выхоўваюць».

Як ставяцца да беларускай мовы?

Уладзь не падтрымлівае пазіцыю многіх настаўнікаў беларускай мовы, якія размаўляюць па-беларуску толькі на ўроках. Хлопец карыстаецца роднай мовай як з дзецьмі, так і з калегамі. Школьнікі гэта ацанілі, бо сказалі Уладзю: «Мы ўпершыню бачым настаўніка беларускай мовы, які і па-за ўрокамі размаўляе па-беларуску».

Некаторыя вучні неспрыяльна ставяцца менавіта да ўрока, а не да мовы, тлумачыць Уладзь. Бывае, канешне, кажуць: «А давайце па-руску». Але Уладзь пачынае пераконваць школьнікаў, што мова ў нас някепская. Палітыкі на ўроках хлопец пазбягае адмыслова: «На маіх уроках з памежных дысцыплін мы маем толькі гісторыю. Палітыка — гэта тое, што разбурае і ўносіць пахабнасць у педагогіку. Вучоба павінна быць вышэй за палітыку».

«Які ж заробак у сучаснага маладога настаўніка?» — маё пытанне паставіла Уладзя ў няпростае становішча. Наўпрост падлічыць уласны заробак для яго аказалася не так ужо і проста: «Апошні мой заробак — 6.150.000. Але гэта за тры тыдні працы па 30 гадзін плюс месяц працы менш за стаўку ў лякарні. Па факце, гэта заробак амаль за два месяцы».

Грошы ў хлопца ідуць на ежу, транспарт, вопратку. «Часам па выходных падпрацоўваю, таму што так званых «школьных» грошай мне не хапае. На адну голую стаўку пражыць немагчыма, калі не дапамагаюць бацькі і калі няма падзаробку», — прызнаўся Уладзіслаў.

Што душыць?

Я памятаю, як пакутавала ў школе праз тое, што ў нас пастаянна мяняліся настаўнікі па маім любімым прадмеце — гісторыі. Маладыя спецыялісты пасля двух гадоў адпрацоўкі сыходзілі, пакідаючы пасля сябе разбітыя сэрцы прывязаных да іх вучняў і недапісаныя з імі навуковыя працы. Тады я не разумела, чаму яны сыходзяць. Бачна ж было, што ім падабалася вучыць. Цяпер я разумею, што маладога настаўніка, апроч мінімальнага заробку, моцна душаць розныя паперкі і ўсялякія праверкі. Акрамя праблемы недахопу настаўнікаў у школе існуе яшчэ і праблема вялікіх класаў, бо 30 чалавек у адным класе — гэта шмат. Цяжка, калі такія класы ідуць канвеерам. Такі рэжым вельмі стамляе, асабліва дзяўчат, кажа Уладзь.

Бывае, што ў школах душыць сам калектыў. Але майму герою пашанцавала з калегамі: «Я шмат чуў пра кепскія калектывы, але ў нашай школе ён сапраўды добры. Усім нам прыходзіцца навучаць у досыць складаных умовах. Але я заўжды магу разлічваць на дапамогу сваіх калег».

Ці будзе Уладзь працягваць працу ў школе па заканчэнні адпрацоўкі? Ён адказаў так: «Мне складана думаць пра будучыню, бо існуе шмат сфер, у якіх я магу развівацца. Але мне вельмі падабаецца менавіта выкладаць. І калі пасля адпрацоўкі я знайду сабе іншую працу, то з радасцю панастаўнічаю, так бы мовіць, для душы, на палову стаўкі», — кажа ён.

Наперадзе ў маладога спецыяліста яшчэ амаль паўтара года працы ў школе. Пасля яго адпрацоўкі прышлюць новую «ахвяру» з ліку нядаўніх студэнтаў. І невядома, што і каго больш стамляе: канвеер класаў — настаўнікаў, ці канвеер настаўнікаў — вучняў...