Вільня. У касцёле св. Балтрамея будзе гучаць толькі беларуская мова
Касцёле св. Балтрамея ў Вільні перададзены беларускай грамадзе. "Ад сёння, 13 сакавіка, у касцёле св. Балтрамея ў Вільні набажэнствы будуць адбывацца толькі на беларускай мове".

Момант урачыстасці. Першы злева дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс
Такія словы прамовіў дапаможны біскуп Віленскай архідыяцэзіі Арунас Панішкайціс у часе нядзельнага набажэнства, паведамляе Аляксандр Адамковіч.
Далей ён зазначыў, у Вільні ёсць касцёлы, дзе набажэнствы адбываюцца толькі на адной мове, польскай, літоўскай, украінскай, то цалкам лагічна, што і беларусы павінны мець свой касцёл. Варта адзначыць, што нядзельную Імшу Яго Эксцэленцыя цэлебраваў па-беларуску. Тым самым у чарговы раз падкрэсліў, што беларусы не чужыя ні ў Віленскай архідыяцэзіі, ні ў Каталіцкім Касцёле. Упершыню, за многія стагоддзі іерархі да беларусаў звяртаюцца на іх роднай мове.
Цешыць вялікая прыхільнасць літоўскіх каталіцкіх іерархаў да беларусаў. Каля года таму, 27 лютага 2015 года, прадстаўнікі беларускай грамады мелі аўдыенцыю ў біскупа Арунаса, дзе ён паабяцаў, што не толькі дапаможа ў вырашэнні праблемы беларусам мець набажэнствы на роднай мове, але і паспрыяе разам з Я.Э. арцыбіскупам Гінтарасам Грушасам таму, каб касцёл св. Балтрамея быў цалкам беларускім. Сёння гэтыя абяцанні выкананыя.
Такім чынам, распачынаецца новая старонка ў гісторыі беларускага каталіцтва ў Вільні.
Душпастырам для беларусаў Вільні і ваколіц прызначаны брат Арыюш Малыска OFM Cap (Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, францысканец).
Набажэнствы на беларускай мове будуць адбывацца штодзённа а 18.00 вечара. У нядзелю будзе дзве Імшы на беларускай мове а 10.00 і 12.00.
Беларусы Вільні шчыра запрашаюць беларусаў наведваць беларускія службы ў Вільні. Іх далейшы лёс цалкам залежыць ад нас. А таксама выказваюць шчырыя падзякі Віленскай арцыбіскупскай курыі і яе
біскупам Гінтарасу Грушасу і Арунасу Панішкайцісу ды Беларускай Кустодыі Ордэна Братоў Меншых Капуцынаў.

Душпастыр беларусаў Вільні і ваколіц брат Арыюш Малыска OFM Cap


Сястра Алена OSF віншуе брата Арыюша OFM Cap

Беларусы Вільні рыхтуюцца прывітаць новага душпастыра

Момант урачыстасці. Брат Арыюш OFM Cap прамаўляе казанне

Момант урачыстасці
Паводле westki.info
Здымкі Змітра Карачуна