Айцец Чэслаў Курэчка: «Трэба даць зямлі дыхаць» (відэа)

Пробашч парафіі ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна айцец Чэслаў Курэчка лічыць, што чалавеку варта рабіць зямлю прыгажэйшай. Тут галоўнае — не нашкодзіць прыродзе.



rosica_2.jpg

Калі святар восем гадоў таму прыехаў працаваць у Росіцу, адразу за касцёлам быў вялікі сметнік. Зараз тут выкапаныя сажалкі, кругом цвітуць кветкі.

greenbelarus.info__files_field_ima_499875598572fa5948bbfc25f8b57915.jpeg

У мінулым годзе было ўпершыню праведзенае свята кветак «І кветкі хваляць Пана». Гэта свята плануецца зрабіць традыцыйным. Акрамя гэтага, сёлета тут пройдзе свята буслоў.

Напярэдадні 8-га сакавіка мы пагутарылі з айцом Чэславам пра тое, як яму ўдалося ўпарадкаваць і стварыць на месцы былой звалкі кветнік.

— Кожная травінка, раслінка, і птушкі — усё гэта след нашага Стваральніка, Бога. Калі я прыехаў працаваць у Росіцу, кругом былі сметнікі, усё высыпалася за касцёл, усё што ў людзей было: і вёдры, і бутэлькі, і пакеты поліэтыленавыя… Смеццедаходзіла аж да сценаў касцёла,  зазначае святар.

Завёўшы нас за касцёр айцец Чэслаў паказвае найбольш праблемнае месца ў мінулым  росіцкую звалку, на якую вясковыя людзі цягнулі ўсё барахло са сваіх падворкаў.

greenbelarus.info__files_field_ima_4ba0e92e3e9ce533b2c86c8498c8fa25.jpeg

— Тут стаяла зарослае травой балота, далей за якім каталіцкія могілкі. Да іх не магчыма было даехаць, нават трактары правальваліся. І першая праца, якую я вырашыў зрабіць — гэта навесці парадак у гэтым месцы. Каб гэта святое росіцкае месца было прыгожым, — кажа ён.

— А як мясцовыя жыхары аднесліся да вашай ідэі навесці тут парадак?

— Калі пачынаў, то ўсе пасміхаліся, маўляў, усім было добра, а ён тут нешта робіць. Ці атрымаецца ў яго? Ну, я працаваў, тэхніка працавала раённая… А мужчыны сядзелі групкамі па тры — чатыры чалавекі, курылі цыгарэты, і назіралі, што гэта ён тут выдумляе. А кругом былі выкапаныя ямы, паднятыя карчы, камяні…

Каб цяпер такое нанова рабіць, нават не ведаю (айцец Чэслаў хапаецца за галаву).Гэта так напэўна праз мяне сам Бог дзейнічаў, што я ішоў напралом.

— Вось і раней усе бачылі гэты сметнік, але ніхто нічога не рабіў, каб яго прыбраць. Чаму патрэбны быў ваш прыезд, каб арганізаваць усё гэта?

— Ну, сябе хваліць не выпадае (смяецца). Як кажуць, вочы баяцца, а рукі робяць. Калі чалавек нешта сабе пастанаўляе, калі ён упарты, то дасягне гэтай мэты. І мне гэта, дзякуй Богу, удалося. І цяпер, дзе было найстрашней, стала найпрыгажэй. А ўсё гэта людскія рукі, наша жаданне, сумесная праца. А якая прыгажосць тут летам!

Далей айцец Чэслаў пачынае пералічваць расліны, якія пасаджаныя ў гэтым месцы.

greenbelarus.info__files_field_ima_133e2ef89f3f45703a152cfb0ff10d8f.jpeg

— А колькі наогул відаў раслін ёсць у Росіцы?

— Я быў далічыў да двухсот, а потым збіўся. Думаю, зараз недзе каля трох соцень.

— А як зараз паступаюць мясцовыя жыхары. Так і выкідаюць смецце ў навакольныя кусты?

— А не, цяпер культурна ў нас. Смецце выкідваецца ў спецыяльныя ямы. Калі яны запаўняюцца, то іх засыпаюць і капаюць новыя. І ўсе стараюцца прыгажосць трымаць каля сваіх дамоў. Нават кветкі ў мяне бяруць, каб пасадзіць.

— А вам дапамагаюць?

— Так, больш сталі прыхінацца да мяне. І старыя бабулькі, і дзеткі, і настаўнікі… Зараз ужо і запрашаць не трэба, самі прыходзяць, пытаюць: «Можа, ойча, што дапамагчы трэба, маем пару вольных гадзін?» Я кажу «Калі ласка» і паказваю, што дзе трэба зрабіць. І студэнты падчас канікулаў мне дапамагаюць, і памежнікі (непадалёк ад Росіцы праходзіць мяжа з Латвіяй), і навучынцы семінарыі, і міністранты з Барысава, мае любімыя памочнікі. Цяпер шмат хто з іх вучыцца на ксяндзоў, але Росіца для іх была добрай загартоўкай. Тут яны прайшлі агонь, ваду і медныя трубы (смяецца).

greenbelarus.info__files_field_ima_d5f3dcfec9d2bf199f5062eba603069f.jpeg

— А як вам удаецца знаходзіць падыход да людзей? Бо да вас жа едуць людзі з розных куткоў Беларусі?

— Я ўсіх люблю, за ўсіх малюся, усіх запрашаю, усіх частую. Такі ў мяне характар, я тут не прыкідваюся. Я звычайны вясковы чалавек, з Загоршчыны, з Браслаўшчыны. Я жыў у вёсцы, бачыў гэту ўсю працу людскую, у полі, у гародзе…

Трэба рабіць зямлю прыгожай, трэба даваць ёй дыхаць. Бо яна наша маці, трэба яе любіць, бо яна нас корміць, на ёй мы жывём, і трэба каб квітнела наша зямелька…

Працу айца Чэслава Курэчкі заўважылі і ўлады, ён абіраўся «Чалавекам года Віцебшчыны», а ў пачатку гэтага года атрымаў прэзідэнцкую прэмію «За духоўнае адраджэнне». У мінулым годзе ўлады паклалі ў Росіцы новы асфальт.

greenbelarus.info__files_field_ima_ac09e3d67257d898eda34efc647569ee.jpeg

Росіца — вёска ў Верхнядзвінскім раёне, на мяжы з Латвіяй. У 1943 годзе карнікі падчас аперацыі «Зімовы цуд» спалілі вёску разам з жыхарамі. У агні загінулі тады 1528 жыхароў, шмат хто быў вывезены ў канцлагер. У агні тады загінулі два каталіцкія святары — Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Яны маглі выратавацца, але вырашылі да канца заставацца са сваімі вернікамі.

Росіцкі храм доўгі час быў занядбаны, пасля атрымання Беларуссю незалежнасці пачалося яго аднаўленне.


greenbelarus.info