Нудысцкі пляж. Фрагмент рамана «Дваістая душа Алісы»

Пляж непадалёк, трэба толькі прайсціся да канца праменаду, падняцца ўгару да гатычнай гарадской брамы, а потым спусціцца ў бухту па высечаных у скале сходах. Я нават бачу іх пачатак. 



beach_glamour_sea_summer_favim_com_2509411.jpg

«Ты, Аліса, хочаш сказаць, што пойдзеш зараз на нудысцкі пляж?» — пачынаю я традыцыйную спрэчку сама з сабою.

«А што такога? Абсалютна правільнае рашэнне, — прачынаецца мой унутраны голас. — Купальніка ў цябе няма. Чамадан з пляжнымі прычындаламі застаўся ў гатэльнай камеры захоўвання. У нумар цябе заселяць толькі пасля чатырнаццаці. А там усе галяком адпачываюць».

«Дазволіць іншым сузіраць мае інтымныя месцы?» — жахаюся я.

«Ну... гэта не забойчы аргумент, — не здаецца ўнутраны голас. — Урэшце, наўзамен ты атрымаеш мажлівасць сузіраць інтымныя месцы іншых людзей. Усё сумленна».

«Мне гэта трэба?»

«У цябе няма купальніка. Хочаш, сядзі да чатырнаццатай гадзіны на спякотным бульвары пад чэзлымі каталонскімі пальмамі. Хочаш, купайся ў нігліжэ. Зрэшты, цябе тут ніхто не ведае. Вырашай».

Маўчу, прыслухоўваюся да адчуванняў. Я баюся, што магу здзейсніць чарговы незваротны ўчынак і потым стану шкадаваць да канца дзён. Унутраны голас зноў спакушае.

«Ты журналістка. І мусіш быць кампетэнтнай у кожным пытанні».

«Ты мне параіш і наркотыкі пакаштаваць, і ў павеі запісацца?» — пярэчу я.

«Навошта скрайнасці? Што кепскага ў нудызме? Скупацца аголенай. Ты ж любіш падчас начнога радыё-эфіру, калі застаешся адна, распранацца ў студыі перад мікрафонам?» — нагадвае мне ўнутраны голас.

З ім цяжка спрачацца, ён ведае пра мяне ўсё. Ад яго не можа быць таямніц і нават маленькіх сакрэтаў. І ён гэтым падступна карыстаецца.

«Час сплывае, як пясок скрозь пальцы, — нагадвае голас. — Навошта ты перад адлётам шчыравала машынкай над сваім інтымным «лужком», дбайна падстрыгала яго? А?»

«Добра. Толькі потым не папікай мяне, што я раблю глупствы і здзяйсняю безразважныя ўчынкі».

«Маўчу, маўчу».

Чым бліжэй я падыходжу да сходаў, высечаных у скале, тым мацней хвалююся. Мне здаецца, што людзі з асуджэннем азіраюцца на мяне. Яны ведаюць, куды я накіроўваюся! Калі б у мяне быў купальнік, ні завошта не пайшла б туды. Але не станеш жа апраўдвацца перад сустрэчнымі, распавядаць ім пра замкнёны ў гатэлі чамадан з пляжнымі прычындаламі.

Вось і запаветныя сходы. Стаўлю нагу на верхнюю прыступку. Мне хочацца вярнуцца, але я супыняю сябе.

«Аліса, — кажу сама сабе. — Ты далёка зайшла, будзе крыўдна не паглядзець хоць адным вокам. Ты журналістка. Раптам хтосьці з радыёслухачоў патэлефануе ў прамым эфіры, завядзе гаворку пра нудысцкія пляжы, а табе няма чаго сказаць? Спусцішся да пляцоўкі, паглядзіш зверху і, калі зразумееш, што гэта не тваё, павяртайся».

Набліжаюся да пляцоўкі, там аголеная дзяўчына, у яе за плячыма пляцачок у выглядзе пацешнага мядзведзіка. Запавольваю рух і гляджу на яе занадта пільна, больш пільна, чым трэба было б. Яна весела ўсміхаецца ў адказ.

Людзей у пясчанай бухце, адгароджанай ад гарадскога пляжу скаламі, няшмат. Некаторыя з дзецьмі. Людзі як людзі — толькі голыя. Праўда, не ўсе. Тры жанчыны топлес. Па журналісцкай звычцы прыдумляю ім матывацыі. Хутчэй за ўсё, крытычныя дні. Каму захочацца паказваць, што ў цябе з аднаго месца, як у хлапушкі, вытыркаецца мышыны хвосцік вяровачкі тампона?

І вось ужо пад нагамі перасыпаецца пясок. Я магу разгле­дзець аголеных людзей у дэталях. Яны блізка ад мяне. Стараюся не затрымліваць позірк, удаю з сябе абазнаную нудыстку, для якой тут няма і не можа быць нічога нязвыклага. Мне трэба будзе на бліжэйшы час стаць адной з іх! Ці хопіць рашучасці? Я жудасна хвалююся, выбіраю месца бліжэй да лініі прыбою, далей ад людзей.

«Аліса, — звяртаюся да сябе. — Нічога гэткага не адбываецца, ты агалялася тысячы разоў. Уяві, што ты на самоце».

Ніхто да мяне асабліва не прыглядаецца. Апускаю на жвір пляцачок. Скідаю абутак. Няспешна вылузваюся з джынсаў. Калі б я распраналася на адзі­ноце або ў выключна жаночай кампаніі, то абавязкова б скінула спачатку майткі, а ўжо потым блузку. Але я адчуваю, што не магу так хутка перайначыць сябе, падставіць чужым позіркам свае патаемныя месцы. Бяруся нетаропка расшпільваць маленькія гузікі блузкі. Вецер абцякае мае грудзі.

Я стаю топлес. Мае цыцкі пышная, адзін са смокчаў злёгку «правалены» ўнутр. Але гэта менавіта тая разынка, якая прысутнічае ў кожнай дасканаласці. Калі я ўзбуджаюся, ён выходзіць вонкі. Пазіраюць на мяне не гэтулькі мужчыны, колькі жанчыны.

І тут я разумею: нішто на свеце не прымусіць мяне цяпер скінуць майткі. Я і так зрабіла дастаткова, каб перамагчы сябе, адолець сорам. Усяму існуе мяжа. Не дапамагаюць і лагічныя хітрыкі, кшталту, «карона з галавы не зваліцца», «боль­шасць мужчын прыйшлі са сваімі паненкамі», «голых дупаў тут і без тваёй аж занадта»...

«Мае майткі, — разважаю я, — калі глядзець на іх з адлегласці, цалкам могуць сысці за ніжнюю частку купальніка. Яны не карункавыя, светлы трыкатаж класічнага крою».

Так і не наважваюся распрануцца канчаткова.

Тое, што я белая, як гліста, ратуе. Інакш бы неапаленая паска выдала б мяне — ніякая я не нудыстка, проста прымазалася да чужых у безвыходнай сітуацыі. Мора вабіць. Іду ў хвалі.

Плаваць я амаль не ўмею. Таму, заграбаючы вакол сябе рукамі, хаджу па дне, пазіраю на пакінутыя на беразе рэчы. Ува мне з’явілася адчуванне волі, аголеныя грудзі зусім не бянтэжаць мяне.

На беразе з жахам выяўляю, што мокрыя майткі сталі празрыстымі, пад імі выразна праступае цёмны трохкутнік. Трэба ратавацца, на мяне глядзяць. Валюся жыватом на пясок. Цыноўкі або ручніка ў мяне няма, а заплечніка стае толькі на тое, каб пакласці на яго галаву. Ляжу са шчыльна зведзенымі нагамі. Адчуваю, як мая белая пасля беларускай зімы і змрочнай вясны скура ўсмоктвае міжземнаморскае сонца.

Мне хацелася б загарэць паболей. Не ўстаючы, заводжу руку за спіну і падкасваю майткі. Цяпер ужо і большая частка маіх клубоў «харчуецца» сонцам.

Ускладаю сонечныя акуляры. Цяпер ніхто не зможа дакладна вызначыць, куды я гляджу. Выдатна бачу тое, што зазвычай хаваюць бялізна і адзенне. Частка жанчын, маладыя і ва ўзросце, такіх тут таксама нямала, ся­дзяць, ляжаць, шчыльна звёўшы ногі. Але большасць абсалютна не турбуецца з тае прычыны, што яны дэманструюць свае геніталіі ва ўсёй пышнасці, падстаўляюць позіркам і сонцу старанна паголеныя «кляйноты». Набіраюся нахабства і бяруся цішком разглядаць мужчын.

Сярэдняга веку таўстун ста­іць каля самай вады, раз-пораз кратае свой «струк», быццам бы правярае, ці не згубіў яго. Не дзіва, небарака з-за жывата не ў стане ўбачыць яго.

Столькі чэлясаў я не бачыла не тое, што ў адной прасторы, але і за ўсё сваё жыццё. Я, вядома, падазравала, што існуе пэўная разнастайнасць, але рэальнасць пераўзыходзіць мае фантазіі. Даўжыня, таўшчыня, форма, выгнутыя... І ані ў каго няма эрэкцыі, хоць побач поўна распранутых жанчын,  некаторыя ледзь не павыварочвалі свае похвы вонкі. Заўважаю, як у аднаго з мужчын «струк» усё ж пачынае налівацца, на вачах пакрысе набракае. Ёсць ад чаго, непадалёк ад яго пульхная красуня шаруецца малачком для загару, яна без комплексаў нашмароўвае сябе і паміж ног. Мужчына, які стаў міжвольнай ахвярай, асцярожна перакульваецца на жывот.

Адзначаю, што полавыя органы і ў мужчын, і ў жанчын больш загарэлыя, чым іншыя часткі цела. Шукаю гэтаму тлумачэнне і знаходжу яго. Скура ў тых месцах цяпер зморшчаная, сцягнулася, а варта ёй распрастацца, загар зраўняецца па тоне. Працягваю цікавыя даследаванні, але пры гэтым не забываюся і пра сябе. Перакульваюся на спіну, трэба ж апаліцца і з другога боку. Мяне ўжо не турбуе, што мае грудзі аголеныя, дасяжныя чужым позіркам. Ляжу з заплюшчанымі вачыма, сонца шалёнае, нават цёмныя акуляры не дапамагаюць. Падхінаю беражкі майткаў, каб болей скуры падставіць прамяням. І дапінаю, як па-дурному выглядаю. Хочаш вызваліць больш скуры — проста скінь майткі. Тут так усе робяць. Навошта ж іх падкасваць? Тым больш, што мае майткі ператварыліся ўжо ў дзве мокрыя пераплеценыя вяровачкі і даўно праваліліся ў лагчынку паміж клубамі. Яны нічога не затуляюць, нават дагледжаную «расліннасць»! Варта зірнуць на мяне, і зразумееш: ніякая я не нудыстка.

Імкнуся не прывабліваць увагу, валтужуся на пяску, вызваляюся ад майткоў. Адчуванні дзіўныя. З аднаго боку, палёгка, нібыта, моцна страціла ў вазе. Але, з іншага боку, адчуваю няёмкасць, якая ўбівае мяне ў пясок глыбей. Пакуль яшчэ я не гатовая ў такім выглядзе ляжаць на спіне. Сорам перад уласным голым целам прышчэплівалі мне выхаваннем, літаратурай. Ад яго так проста не пазбавішся.

Я ляжу нагамі да вады і да сонца.

«За мной нікога няма», — кажу я сама сабе і злёгку рассоўваю ногі.

Яшчэ шырэй, яшчэ, і вось я ўжо адчуваю, як сонечныя прамяні кранаюць мяне ў апошнім недасяжным для іх раней месцы, а вецер абдзімае, лашчыць вільготную скуру. І гэта асалода. Ляжу з заплюшчанымі вачыма, рыхтую сябе да таго, каб пайсці купацца. Я павінна зрабіць гэта абсалютна натуральна, без усялякага інстынктыўнага прыкрыцця далонню. Хай, хто хоча, глядзіць. Мне няма чаго саромеецца.

«Я самая разумная, самая прыгожая, самая рашучая і адважная...» — накручваю сябе на чарговае «геройства».

І тут чую, як нехта падыходзіць да мяне і спыняецца. Па кроках, ды і жаночым целам сваім адчуваю, што з’явіўся мужчына. Гэтага яшчэ не ставала. Адбываецца нахабнае парушэнне звычаёвых правілаў паводзін на нудысцкім пляжы: «Не заведзена, каб мужчыны падыходзілі да незнаёмых жанчын. У скрайнім выпадку, гэта дапушчальна, калі жанчына знаходзіцца ў кампаніі іншых мужчын».

Складаю ў галаве словы, якімі адпрэчу нахабу. Мае клубы шчыльна сціскаюцца. Зсоўваю ногі і прыўздымаю галаву. Гэта не вельмі зручна, калі ляжыш на жываце. Першае, што бачу — мужчынскія, злёгку парослыя валасінкамі ногі і паміж імі пагойдваецца загарэлы амаль да чорнага «струк», ён такі ж цёмны, як і расліннасць, якая яго атачае, у ёй серабрыцца колькі сівых валаскоў.

Злёгку прыўздымаюся на локцях і ніякавею. Па-нада мною ўзвышаецца Герман Жарнасек. Той чалавек, які і выклікаў мяне ў Барселону, аплаціў маю паездку, каб я ўзяла ў яго інтэрв’ю, напісала артыкул. Яго трэніраванае цела пакрывае роўны загар.

— Рады, што не памыліўся, і гэта вы, — прамаўляе ён сваім характэрным, злёгку хрыпатым, нізкім голасам. — Бо тут не заведзена падыходзіць да самотных незнаёмых жанчын. Як даляцелі? 

— Я… Вы ... Я ... — выціскаю з сябе невыразнае.

Імкліва чырванею. Кроў хваляй прылівае да твару, вушэй і чамусьці да клубоў. Мільгае вар’яцкая думка, што чырвоныя плямы, якімі ўпрыгожана мая дупа, у выпадку чаго можна растлумачыць уздзеяннем сонца, маўляў, перагрэлася. Але навошта мне яму такое тлумачыць? Ад гэтага стане лягчэй? Мінулы раз мне ўдалося-такі выкруціцца з няёмкай сітуацыі, а цяпер мяне заспелі на гарачым.

— Дазвольце прысесці? Калі, вядома, не перашкаджаю. Можа, вы хацелі пабыць на самоце? — пытаецца ён так, нібыта мы зноў знаходзімся ў радыйнай студыі і ён просіць дазволу апусціцца ў крэсла перад мікрафонам.

Няпэўна кручу галавой, прыціскаюся да пяску і дазваляю:

— Зразумела.

Герман садзіцца побач. Ён спакойны. Нават голы — годны. Калені злёгку разведзеныя, яго «сябра» кранаецца пяску. Я ліхаманкава цямлю. Але прымусіць сябе сесці я пакуль яшчэ не здольная.

— Ваш шафёр сказаў, што вы будзеце занятыя да заходу сонца. Вось я і вырашыла... — змаўкаю, не ведаючы дакладна, як сфармуляваць гэта самае «вырашыла».

— Менавіта, да заходу сонца. А што рабіць на пляжы пасля змяркання?

— Я меркавала, у вас справы, сустрэчы, — вярзу чарговае глупства. — Пэўна, ваш час дорага каштуе.

Здаецца, сяброўка Марта мела рацыю, калі ў аэрапорце папярэджвала мяне, каб я не нарабіла глупстваў.

У мяне па-ранейшаму не стае рашучасці сесці. Але ж выцягваю шыю, кручуся. Трэба ж неяк выказваць ветлівасць. Адная цыцка выслізгвае з-пад мяне, «глядзіць» у бок спадара Германа. Злёгку прыўздымаюся на локцях, непаслухмянка зноў трапляе ў пясчаную лунку.

Спадар Герман усміхаецца аднымі вачыма так, як гэта могуць рабіць толькі мужчыны за сорак, з якімі ў жыцці здарылася ўсё, што толькі можа здарыцца з мужчынам. Апроч смерці, зразумела.

— Я цаню свой час. Асабліва вольны, такі, як цяпер. Але, калі вы таксама тут, можам пачаць працу над інтэрв’ю і артыкулам. Вы не супраць, спадарыня Аліса?

У мяне ў галаве дзеецца чорт ведама што. Мозг, літаральна, плыве. Лезу ў заплечнік.

— Вядома, не супраць. Я ж прыляцела сюды працаваць, — лапачу я. — У мяне і дыктафон з сабою.

Для радыёперадачы трэба карыстацца вынасным мікрафонам, каб гук быў якасным. Заміраю з дыктафонам у адной руцэ і вынасным мікрафонам з кліпсай у другой, паколькі разумею, што раблю чарговае глупства. Калі б спадар Герман быў апрануты, я б прымацавала кліпсу на кашулю або на пінжак. Але ён голы! Ад сораму я апускаю вочы, позірк спыняецца на загарэлым да чарнаты «сябры». Дзякаваць Богу, з-за цёмных акуляраў мой візаві гэтага не бачыць. Шляхетны Герман імкнецца мне дапамагчы. Ці мне тое здаецца? Магчыма, ён проста сілкуецца маёй разгубленасцю.

— Мяркую, — ён глядзіць на мора, — не варта адразу ж весці запіс для радыёперадачы.

— Чаму?

— Існуе колькі прычын. Чуеце, Аліса, як шуміць мора?

Зразумела, я чую хвалі.

— Гэты шум потым ні на адным кампутары не прыбярэш. Давядзецца тлумачыць слухачам, што мы гутарым на пляжы. Гэта не вельмі добра. Да сутнасці размовы не мае ніякага дачынення.

— Згодная.

— Прычына другая, — прамаўляе Герман. — Для інтэрв’ю, для шчырай размовы, мы павінны наладзіцца на адну хвалю.

— У сэнсе? — пытаюся.

Я ўжо трохі супакоілася, ва ўсялякім выпадку, настолькі, каб схаваць дыктафон у заплечнік. Мой позірк зноў чапляецца за загарэлы чэлес. Мне пачынае здавацца, што ён крыху адхіліўся ў мой бок. Але гэта не эрэкцыя, я ўпэўненая, што Герман занадта стрыманы для таго, каб дазволіць сабе гэта на публіцы.

— Прыкладна так часам робяць акцёры на рэпетыцыі. Проста разам спяваюць песню. Гэта збліжае, стварае агульны настрой. Не жадаеце выпрабаваць?

Уяўляю сабе карціну. Мы з Германам зацягваем беларускую народную песню на каталонскім нудысцкім пляжы, трапляем у цэнтр увагі.

— Не, я кепска спяваю, — знаходжу нязграбнае апраўданне.

— Шкада. Мне здавалася інакш. Ёсць яшчэ адно — радыкальнае, рашэнне разбурэння бар’ераў у зносінах. Мы можам абмяняцца ўспамінамі пра свой першы сексуальны досвед. Падзяліўшыся патаемным, мы здолеем пасля казаць пра больш складаныя рэчы шчыра. Менавіта так потым у перадачы і ў інтэрв’ю ўзнікнуць падтэксты.

Мой першы сексуальны досвед, у сэнсе адносін з процілеглым полам, з’яўляецца адначасова і апошнім, катастрафічна няўдалым. Усялякія пазнейшыя сексуальныя фантазіі і свавольствы не бяру ў рахубу. Не магу ж я распавесці яму пра тое, як на другім курсе ўніверсітэта я нечакана для сябе напілася і апынулася ў адным ложку з тым хлопцам, імя якога нават не хачу цяпер згадваць. Я спазнала толькі боль. Пара мітуслівых рухаў, вось і ўсё. Ён атрымаў задавальненне, а пра мяне не падумаў. Не, ён сказаў-такі мне «дзякуй». Ідыёт. У мяне было такое адчуванне, нібы ў мяне справілі патрэбу. З таго часу я ніколі больш не імкнулася паўтарыць той досвед. Баялася расчаравацца...

— Здаецца, радыкальны спосаб вас не вабіць, Аліса, — прамаўляе спадар Герман і мае рацыю. — Што ж. Для пачатку прапаную адкінуць звароты на ўсялякія «спадар», «спадарыня» і перайсці на «ты».

Я пагаджаюся. Насамрэч, неяк па-дурному гутарыць голымі і выконваць падобныя фармальнасці этыкету.

— Тады ў мяне да цябе, Аліса, ёсць прапанова пайсці ў мора. Да таго ж, твая спіна неўзабаве пачне шкварчэць пад сонцам.

 Не ведаю, што і сказаць. Для таго, каб пайсці ў мора, давядзецца падняцца… і «ўсё» яму паказаць. Але нельга спрэс ляжаць на жываце. Герман мае рацыю, спіну мне ўжо ладна прыпякло. Назаўтра скура палезе лахманамі. Пачынаю сябе ўгаворваць.

«Аліса, ты дзясяткі разоў ся­дзела аголенай у радыйнай студыі падчас начных эфіраў, уяўляла, нібыта нехта ба­чыць цябе. Ты ўжо наважылася і распранулася на нудысцкім пляжы. Што зменіцца, калі ты падымешся? Ты яшчэ галаву ў жоўты пясочак закапай, пакінуўшы наверсе свае счырванелыя ад сораму і сонца клубы».

— Хадзем? — пытаецца ён.

— Рэчы тут так і пакінем? — раблю я апошнюю спробу адступлення.

— На гэтым пляжы не заведзена красці рэчы. Магчыма, таму, што злодзею няма куды іх схаваць, — усміхаецца Герман.

Мужчына падае мне руку, каб дапамагчы падняцца. Адмоўлюся, значыць, пакрыўджу. Раблю цяжкае фізічнае практыкаванне. Самым арганічным і натуральным было б стаць на калені і пасля гэтага падняцца. Але гэта ў выпадку, калі б на мне былі б майткі. Таму даводзіцца перакаціцца на бок, сагнуць нагу, стаць на калена і толькі потым, скарыстаўшыся дапамогай, падняцца.

Я жудасна хвалююся, нягледзячы на тое, што прабавіла на нудысцкім пляжы ладны кавалак часу. Адна рэч, калі на цябе глядзяць незнаёмыя людзі, якіх ты потым у жыцці ніколі не сустрэнеш, і зусім іншая, калі побач з табой крыху знаёмы, значна старэйшы мужчына, з якім давядзецца сустракацца і, магчыма, працаваць надалей. У мяне імгненна ўзнікае жаданне зноў прыціснуцца да пяску. Цыцкі, жывот і асабліва «лужок» аблепленыя дробным пяском, нібы адбіўныя — паніроўкай. Інстынктыўна бяруся абцярушваць пясчынкі, але яны не жадаюць порстка высыпацца з кучаравых валасінак — сыплюцца і сыплюцца. Збянтэжаная, кідаю гэты занятак.

— Прымружся, — звяртаецца Герман да мяне.

— Навошта?

Ён двума пальцамі здымае з мяне сонцаахоўныя акуляры.

— Яны могуць патануць у моры.

Сонца слепіць вочы. Цяпер Герман не здаецца такім моцна загарэлым. Нашыя позіркі перакрыжоўваюцца. Я павінна стаць больш асцярожнай. Ён бачыць, куды менавіта я гляджу. Дзіўнае адчуванне, у мяне проста вочы свярбяць, так хочацца паглядзець ніжэй, а нельга.

Герман крочыць перада мной. Магчыма, ужо адчуў маю нудысцкую неспрактыкаванасць і збянтэжанасць, таму і дае мне кароткую пярэрву. У яго трэніраваныя, падцягнутыя клубы, яны пругка сціскаюцца пры кожным кроку, з іх хутка абсыпаецца наліплы пясок. Спадар Герман рухаецца вельмі натуральна. Я лаўлю позіркам, як разгойдваецца паміж яго нагамі «струк». Але не паспяваю зрабіць з гэтага лагічных высноў.

Мы стаім на мокрым пяску. Накочваюць хвалі. Я саромеюся таго, што адмыслова разглядала яго ззаду.

— Аліса, як далёка сёння ты гатовая заплысці? — пытаецца мужчына.

Пытанне застае мяне знянацку. Яно гучыць дваіста. З аднаго боку, яно быццам бы бяскрыўдна тычыцца адлегласці. Але, з другога боку, ёсць у ім іншы сэнс, той самы падтэкст, пра які паспеў сказаць Герман. Так, я ўжо далёка сёння «заплыла», а дзень яшчэ не скончыўся.

Калі нават апранутыя жанчына і мужчына стаяць блізка адно да аднаго, самі сабой у галаве складаюцца пэўныя думкі. Мы заўсёды «прымерваем» сябе да іншых. А тут мы стаім аголеныя, зусім побач. І я не магу не думаць пра тое, ці падыходзіць Герман да мяне, ці падыходжу яму я. Яшчэ нічога дакладна не ведаю, але мне прыемна на яго глядзець, прыемна знаходзіцца побач. Брыдкі ўспамін з мінулага, па-ранейшаму, не пакідае мяне, я памятаю свой першы і апошні сексуальны досвед у дэталях, дотыках.

— Я кепска плаваю. Дакладней, амаль не плаваю, — прызнаюся.

Ну вось, Аліса, ты сама зніжаеш свой кошт. Пару хвілін таму прызналася, што кепска спяваеш, цяпер — плаваеш. А што ты наогул умееш рабіць дасканала? Прызнайся яшчэ ў тым, што панічна баішся блізкасці з мужчынам.

— Я не дазволю табе патануць, хадзем.

Хваля змывае з мяне наліплы пясок. Крадком праводжу далонню па «лужку», пяску няма і там. Спыняемся. Вада то падымаецца мне да шыі, то спадае па талію. Герман трымаецца тварам да мяне, бокам да хваляў. Я бачу яго злёгку парослыя жорсткімі валасінкамі грудзі.

— Асцярожна! Падскоквай, — папярэджвае мяне Герман.

На нас коціць высокая хваля. Яшчэ не дайшоўшы, яна ўскіпае шумам. Я падскокваю, грэбень б’е мне ў плячо, хваля хоча пацягнуць да берага. Але Герман паспявае схапіць мяне за руку. Вадзяная плынь падхоплівае нас, закручвае, на імгненне збліжае, сутыкае нашыя целы. Я хачу адхіліцца, заграбаю рукой, але плынь, якая ўжо адыходзіць ад берага, мяне выварочвае. Адзін неасцярожны рух, і далонню я датыкаюся яго. Мне здаецца, плоць крыху напружаная. А можа, я проста даткнулася яго нагі, рукі? Хваля сыходзіць. Вада цяпер мне па пояс. Пена не дае разгледзець, што ж дзеецца ў Германа там — ніжэй. Лаўлю сябе на думцы, што мне карціць пабачыць, ну... хоць бы злёгку набраклую плоць. Павінна ж я яго хваляваць, проста, як жанчына.

Мы ўжо не дакранаемся адна да аднаго, дотык доўжыўся крыху больш за секунду, але яна, ва ўсякім выпадку, для мяне стала электрычным разрадам, працяла розум. Цяпер і адчуванні мае ў вадзе сталі іншымі. Я, літаральна, скурай, геніталіямі адчуваю, што нашы целы абцякае адна і тая ж вада. Адна на дваіх. Праз яе я адчуваю і Германа, хоць і стаіць ён на адлегласці.

«Як далёка ты гатовая заплысці сёння?» — згадваю я пытанне.

А я і сама не ведаю. Бо плаваю зусім кепска. Добра, калі не патану.

litaraturnaja_bielarus