Абраннік сонечнага феба

"Стральцоў адыходзіць і ад бальшавіцкае ідэалогіі, і ад спароджанай ёю эстэтыкі сацрэалізму. Ён шукае іншую эстэтыку, і дзеля гэтага чытае французскія раманы і замежныя раманы наагул". Прапануем прадмову Анатоля Сідарэвіча да выдання Міхася Стральцова «Выбраныя творы» (Мінск, 2015, серыя «Беларускі кнігазбор»). Друкуецца ў скароце.



stralcou_photo.jpg

Міхась Стральцоў. Фота www.lit-bel.org

…Каралішчавічы. Не вёска, з якое родам Язэп Пушча, а Дом творчасці і адпачынку пісьменнікаў, што непадалёк ад вёскі. У гэтых Каралішчавічах у лістападзе 1964 года мы і сустрэліся першы раз.

Хто «мы»? Міхась Стральцоў і я. Бо трошкі раней, у доме № 9 па вуліцы Энгельса, дзе месціўся Саюз пісьменнікаў, а ў часе вайны была рэзідэнцыя Вільгельма Кубэ, я пазнаёміўся з двума крышачку старэйшымі хлопцамі. Аднаго — ружавашчокага ды бялява-кучаравага з дробнымі кудзеркамі — звалі Алесем. Калі б ён быў яшчэ кірпаты, круглатвары, невысокі ды пульхны, выглядаў бы як анёлак. Але быў Алесь рослы і меў ледзь не класічны профіль. Алесевага земляка з Бярозаўскага раёна — сімпатычнага, невысокага — звалі Толем, Толікам. Прозвішчы іхныя — Разанаў ды Казловіч. Нас ды яшчэ два дзясяткі старэйшых (а некаторыя нам здаваліся і зусім старымі) паклікалі на нараду маладых — страшна сказаць у шаснаццаць-сямнаццаць гадоў — пісьменнікаў…

Галоўным заняткам на нарадзе былі творчыя семінары: чытанне і разбор вершаў, апавяданняў і да т. п. Тут з намі працавалі рэдактары ды загадчыкі аддзелаў у рэдакцыях часопісаў ды кансультанты СП.

Аддзелам прозы ў «Маладосці» загадваў М. Стральцоў. Тады і там, у Каралішчавічах, мы і пазнаёміліся.

Да восені 1964-га я ўжо ведаў, што ёсць пісьменнік М. Стральцоў, яшчэ малады, не сацрэаліст, бо ў апавяданнях ягоных няма камсамольцаў, партыйцаў, трыбуннасці і лозунгаў. Такая літаратура вабіла мяне.

…я купіў кніжачку «Блакітны вецер». А на паўгода раней — напрадвесні 1964-га — прачытаў у «Маладосці» апавяданне «Сена на асфальце», загаловак якога крытыка ўзяла «на ўзбраенне»: сенам на асфальце пачалі называць учорашніх вяскоўцаў, што ўцяклі ад фінагентаў і калгасных пустапарожніх працадзён у горад. У апавяданні літаральна адным мазком быў напісаны і вобраз фінагента, што здзіраў з вяскоўцаў падаткі, забіраў у іх за нядоімкі дабро. Звалі таго фінагента Куфар. Можна ўя­віць, як ён вышуквае ў куфрах нядоімшчыкаў рэчы, прыдатныя для продажу ў гарадскіх камісійных крамах…

«Сена на асфальце» — гэта пакаленне, якое не магло прыжыцца або кепска прыжывалася ў месце. Гэта пакаленне і М. Стральцова, і маё…

Тады і там, у Каралішчавічах, у мяне з М. Стральцовым, здаецца, не было ніякіх літаратурных размоў. Затое ён навучыў мяне гуляць з пушкаю з-пад запалкаў: пакласці пушку этыкеткаю дагары на краёк стала і знізу даць пстрычку; калі, падляцеўшы, пушка ўпадзе этыкеткаю дагары, гульня пераходзіць да твайго партнёра, а калі на этыкетку — 5 пунктаў, на доўгі вузкі кант — 10, на кароткі вузкі кант — 15.

Хударлявы, светлагаловы, з трохі хвалістымі валасамі, шляхетна белатвары М. Стральцоў меў нягучны голас. Не прамоўца. Мог нешта казаць, казаць лагічна, паслядоўна, адале збіцца з тэмпу, нібыта збянтэжыцца і ўжо гаварыць больш самому сабе, каб змоўкнуць.

Яго турбавала адвечная праблема адэкватнасці, сумеру думкі і слова, пачуцця і слова, праблема правільнага разумення ды інтэрпрэтацыі выказвання суразмоўцам. Калі падчас размовы не знаходзіў патрэбнага вызначэння ці параўнання, бянтэжыўся. Гэтым я тлумачу ягоную пэўную скаванасць у дыялогу. Гэтым я часткова тлумачу і непладавітасць, неразмашыстасць Стральцова-празаіка, Стральцова-крытыка.

Я не мог яшчэ сфармуля­ваць, але інтуіцыя мне падказвала, што пісьменніцтва для Стральцова — справа інтымная, духоўная. Але разам з тым і грамадская. Не ў тым вульгарным разуменні гэтага слова, што мастак, маўляў, павінен слу­жыць грамадству, вызнаваць прынцыпы партыйнасці і народнасці, а грамадская ў тым значэнні, што Стральцоў служыў слову…

Яшчэ да асабістае сустрэчы з М. Стральцовым я ўжо вёў дыялог з ім.

Так здарылася, што кожны празаічны твор М. Стральцова, напісаны ў 1965–1973 гадах, быў (прынамсі для нас, маладзейшых) падзеяй.

«Свет Іванавіч, былы донжуан»… Апавяданне з’явілася ў «Маладосці» пад канец 1965-га. Ужо не было Хрушчова. Патыхала палітычнымі замаразкамі. Вось-вось на лаву падсудных пойдуць Андрэй Сіняўскі і Юлі Даніэль, а з Масквы прагоняць Алеся Адамовіча.

У гэтым апавяданні вабіла фронда. І тая галантнасць, дасціпнасць, з якою яна была прадэманстравана.

Зноў чытаю тыя радкі — і ахоплівае журба. Гэта не толькі пра пакаленне, што нарадзілася да вайны. Гэта і пра нашае, на дзесяць–дванаццаць гадоў маладзейшае за Стральцова. Тады прыўзнялася «жалезная заслона». Пасля Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве (1957) з’явіліся «стылягі». Катастрафічна вузелі штаны не толькі ў кавалераў, але і ў нас, падшпаркаў. А ў дзевак — спадніцы...

Мы прыйшлі ў самастойнае жыццё, калі насталі замаразкі і маразм, але ў нас быў ужо сякі-такі набытак, але «жалезную заслону» ўжо нельга было апусціць дарэшты, а побач з намі былі старэйшыя — і аднадумцы, і суддзі. …мы тым часам прачытаем аповесць «Адзін лапаць, адзін чунь» са свабоднымі вершамі на пачатку і ў канцы твора і з малітваю дзеда Міхалкі ў пятым раздзеле. Я і цяпер не магу знайсці адказу на пытанне: як яе, тую малітву, прапусцілі ў друк? Пачытайце яе — гэта сапраўды хрысціянства. Мо я памыляюся, але мне здаецца, што гэтая малітва можа быць самастойным творам. Ва ўсякім разе я не сустракаў у найноўшай беларускай літаратуры твора, роўнага ёй, такога камернага, інтымнага дыялогу чалавека (кроплі хваляў) з Богам. «Магутны Божа» Наталлі Арсенневай надаецца для калектыўнага, харавога выканання, бо там просім мы для нас, для Беларусі, а тут чалавек, выспавядаўшыся Богу, просіць для сваіх унука-сіраты, дачкі-ўдавы і жонкі. Для сябе — адно «Даруй мне, божа…»

Пакаленне тых хлопцаў, што адпускалі доўгія валасы і падымалі каўняры куртак ды пінжакоў, расло без рэлігіі, было ў пераважнай большасці сваёй атэістычным. І Стральцоў быў у ім ці не адзіным празаікам, хто пэўным чынам пераадолеў уплыў атэістычнае школы, камсамолу, партыі.

Жыццё складвалася так, як складвалася. Пераадольванне ўплыву школы, камсамолу і партыі, мусіць, не магло пачацца раней, чым пачалося. Юны М. Стральцоў верыў у Сталіна. Першы надрукаваны ягоны твор меў загаловак «Товарищу Сталину». Аўтару тады, у 1952-м, было пятнаццаць гадоў. Але «недзе на трэцім курсе» ён (а ў Свет Іванавічу, ведама ж, нямала ёсць ад аўтара) не толькі «адпусціў доўгія валасы» і «падняў каўнер курткі». У ягонай свядомасці адбываецца пераварот. На трэці курс М. Стральцоў пайшоў пасля ХХ з’езду КПСС, пасля пачутага на камсамольскім (ці партыйна-камсамольскім) схо­дзе закрытага пісьма ЦК КПСС пра культ асобы Сталіна, пасля адпаведнае пастановы ЦК.

Стральцоў адыходзіць і ад бальшавіцкае ідэалогіі, і ад спароджанай ёю эстэтыкі сацрэалізму. Ён шукае іншую эстэтыку, і дзеля гэтага чытае французскія раманы і замежныя раманы наагул.

…Ён не быў у ліку шумных франдзёраў канца 50-х — пачатку 60-х, ён не ўступіў у КПСС і не стаў сацрэалістам.

З другое паловы 60-х я пачаў раўнаваць Стральцова. Да паэзіі. Ніяк не мог пагадзіцца, што ён яшчэ і паэт. Нават і сказаць не магу, хто з добрых празаікаў пераходзіў у паэты. А тут чалавек пачаў пісаць рыфмаваныя тэксты… Мо да яго стасуюцца перайначаныя словы Ганны Ахматавай: «Паэзія заўсёды здавалася мне і таямніцай і спакусай»? А мо потребовал поэта к священной жертве Апполон? А мо яго чытанне Багдановічавых вершаў натхніла? Шкадую, не папытаўся.

Так і не ведаю адказу: Багдановіч натхніў Стральцова пісаць вершы ці так само па сабе атрымалася. Адно магу сказаць: стральцоўская «Загадка Багдановіча» спрычынілася да рэнесансу Багдановічавай паэзіі.

Тое, што Стральцоў піша вершы, настройвала на мінорны лад. А тое, што ў адным годзе ўбачылі свет і паэтычны зборнік «Ядлоўцавы куст», і апавяданне «Смаленне вепрука», падказвала мне, што празаік Стральцоў больш нічога не напіша. Дарма кружлялі чуткі пра аповесць «Конь гуляў на волі», якую нібыта піша Міхась Лявонавіч. Чытаючы «Смаленне вепрука», бліскучае апавяданне, жанр якога сам аўтар вызначыў як «эпітафію апавяданню», я ўнутрана — нават у грудзёх зашчымела — зразумеў: круг замкнуўся. Не хацелася верыць прадчуванню. Кволая надзея яшчэ была. Не ў аднаго мяне. Быў жа ў Стральцова-паэта радок «Люблю я прозы дух цвярозы»…

З 1973 года перанясуся амаль на дзесяць гадоў наперад — у 1982 год.

Пінск. У гатэлі «Прыпяць», у нумары, у якім спыніўся Уладзімір Калеснік, сабралася немаленькая грамада беларускіх ды ўкраінскіх літаратараў, якія прыехалі на святкаванне 100-х угодкаў з дня нараджэння Якуба Коласа. Была і чарка. Узнікла нагода пагаманіць і пра тое, чаму не адзін пісьменнік меў такую слабасць — выпіваць на шкоду свайму здароўю, творчасці, дабрабыту. Дацэнт Калеснік, спасылаючыся на прыклад Міхася Рудкоўскага, генералізаваў ды выводзіў прычыну гэтага з’явішча з таго, што чалавек, бачачы прорву паміж належным і рэальным, не можа прыстасавацца да гэтага рэальнага. Адсюль я рабіў выснову, што такі чалавек не мог стаць і не быў маральным рэлятывістам: не меў аднае маралі ў адных выпадках і іншае — у іншых. Але гэты чалавек і не змагар, не прапаведнік. Бачачы разрыў паміж належным і сапраўдным, ён не фармулюе палітычных, эканамічных, сацыяльных ідэяў, не кліча да змагання за іх здзяй­сненне. Дацэнт Калеснік даў зразумець: былі б іншыя магчымасці для самарэалізацыі чалавека, мажліва, больш спрыяльна склаўся б і ягоны асабісты лёс.

У 1982-м Стральцоў быў там — у Мазыры, у ЛТП (абыдземся расійскаю абрэвіятураю словаў «лячэбна-працоўны прафілакторый»).

Вестка пра тое, што Стральцоў там, не прагучала для мяне навіною…

Мусіць, першасная бяда Стральцова была ў тым, што ён не мог адмовіць напорыстым аўтарам. І рабіў з іх пісьменнікаў, г. зн. перапісваў іхнія тэксты. Мне называлі імёны тых людзей. Тыя людзі — Брыль з іншае трагічнае прычыны назваў іх памочнікамі (у сэнсе: памочнікі смерці) — дзякавалі свайму рэдактару.

Ведама, апынуўшыся на «вольным хлебе», стаўшы «вольным мастаком», можна было пражыць і літаратурнымі заробкамі, але пры трох умовах: што ты шмат пішаш, што ў цябе выходзяць кніжкі, што ты жывеш сціпла. У час «вольнага мастакоўства» (бяру 1973–1980 гг.) у Стральцова выйшлі тры арыгінальныя зборнікі паэзіі і крытыкі («Ядлоўцавы куст», «У полі зроку», «Цень ад вясла») і кніга выбранага «У чаканні радасці». І ў перакладах нешта было. Быццам і няблага, але…

Другая палавіна 70-х. 1977 ці 1978 год. (У «ЛіМе» — Асіпенка. Газета аджывае, і ўжо можна зайсці ў рэдакцыю. Да гэтага і прывязваецца дата.) Славуты «подыум» — узвышэнне, з якога пачынаецца шлях у калідоры «ЛіМа», «Беларусі» і «Полымя». Ці не пяць літаратурных нікчэмнасцяў і іхні дабрадзей Стральцоў. Усе яны, нават малодшы за мяне ці не на дзесяць гадоў П., з ім на «ты». І гэтае Міша…

І собіла ж мне са Стральцовым на іх натрапіць!.. Акружылі Міхася Лявонавіча, гаворка адразу ж пайшла пра адно. Я не магу і не хачу бачыць Міхася Лявонавіча ў застоллі з гэтымі людзьмі, у кепскім стане, а таму паціхеньку сыходжу. Не развітваючыся. І не мецьму з ім кантактаў да 1982 года.

І вось 1982-гі, і мы размаўляем у гасцінічным нумары Уладзіміра Калесніка. А потым я адкрыю для сябе, што ў Стральцова папросту не было сябра. Не было душэўнага сябра. Што ён, кажучы словамі дзеда Міхалкі, быў сіратою між людзей.

Жахлівая сітуацыя: ёсць кампанія — і няма сяброў, ёсць размовы, выпіўкі — і няма бяседаў. Не было каму пастаяць каля душы. Не было каму сяброўскім словам накіраваць, як кажуць, на шлях ісціны і падтрымаць на гэтым шляху. Чалавек застаўся адзін…

Было яно гэтак. Генадзь Пашкоў выпусціў зборнік сваіх вершаў і вельмі хацеў, каб у «ЛіМе» з’явілася рэцэнзія на яго. Добрая рэцэнзія. І за рэцэнзента ён абраў сабе М. Стральцова. Было ў яго такое спадзяванне, і жаданне, і, мусіць, дамоўленасць была, што Стральцоў напіша. І ўсё «даставаў» ён нас, лімаўцаў: калі? Галоўны рэдактар тыднёвіка Алесь Жук сказаў, каб я напісаў адпаведны ліст Стральцову. Туды. І я такі ліст напісаў (хто даў той мазырскі адрас — не памятаю; магчыма, так і сказалі: Мазыр, ЛТП, Стральцову). Алесь Пісьмянкоў, з якім я разам працаваў у аддзеле крытыкі і бібліяграфіі, прасіў перадаць Міхасю Лявонавічу прывітанне. І я склаў ліст ад нас абодвух. Звычайны ліст-заказ аўтару. Незвычайнае ў ім толькі тое, што аўтары яго — абодва супрацоўнікі аддзела. Мы разумелі, што гэта не проста ліст-заказ, а пэўным чынам — дэманстрацыя салідарнасці і спагады.

Адказ прыйшоў 19 траўня 1982 года. Рэцэнзіі не было — быў ліст, і былі вершы. Усё змесціва канверта сакратарка рэдакцыі Тамара Нікіціна пазначыла нумарамі 1367—1371, а на лісце, адрасаваным мне з Пісьмянковым, Алесь Жук напісаў рэзалюцыю: «Скажыце Міхасю сваю думку пра яго вершы… Я іх надрукую». Алесь намякаў: пахваліце Стральцу (такая была мянушка ў Міхася Лявонавіча) ягоныя вершы.

Ці трэба казаць, што той аркуш-ліст з рэзалюцыяй я ў Тамары выпрасіў?

Цяпер мушу прызнацца як на споведзі: да таго дня, да 19 траўня 1982 года, я не прачытаў аніводнага верша паэта М. Стральцова ад пачатку да канца. Матыў просты: любячы празаіка і крытыка Стральцова, я баяўся расчаравацца ў Стральцове-паэце. Дый рэўнасць да паэзіі. Такі псіхалагічны суплёт…

19 траўня 1982 года я мусіў прачытаць дасланыя вершы. Прачытаў. І Пісьмянок прачытаў. Пісьмянок быў захоплена-ўзрадаваны (не перавёўся порах у парахаўніцы!), я — задаволены: добрыя вершы, не давялося расчаравацца. Вось з гэтым набыткам я пайшоў да стральцоўскага аднакурсніка і спачувальніка, намесніка галоўнага рэдактара Міколы Гіля. Тым болей, што сам Міхась Лявонавіч прасіў пака­заць ягоныя творы Гілю. Настрой у мяне быў радасны, мне хацелася жартаваць, а таму я звярнуўся да Міколы па-расійску (а мог бы і па-польску):

— Николай Семенович, тут у меня написались стишата. Послушайте. Может, в них есть толк. Вот…

Што я чытаў? «Два подступы да верша», «Экспромт», «Міцкевіч на Беларусі», «Пара асвойваць і прагрэс…», «Хоць ад пары, калі мяне…»? Дальбог, не памятаю. У мяне быў добры настрой, я чытаў добры верш, у мяне быў уважлівы, удзячны слухач. І гэта было галоўнае.

Калі я скончыў чытанне, Мікола сказаў:

— Здаецца мне, Анатоль Міхайлавіч, што гэты верш напісаў не ты, а хтосьці іншы. Ці не Міхась Лявонавіч Стральцоў?

— Мікола! — у здзіўленні выгукнуў я. — Як ты здагадаўся?

І мы загаманілі пра Міхася Лявонавіча…

Стральцоўскія вершы (названыя вышэй) былі апублікаваныя 6 жніўня. Наш фотакарэспандэнт, фоталетапісец літаратуры і мастацтва Беларусі Уладзімір Андрэевіч Крук дзеля гэтае публікацыі дастаў са свайго архіва фота маладога, прыгажэннага — абраннік сонечнага Феба! — Міхася Стральцова. Вера Сямёнаўна Палтаран была ў захапленні ад тае публікацыі. Слова «прыгажэнны» — ейнае. (А мо яна сказала харашэнны?)

А публікацыі стральцоўскіх вершаў у «Полымі», пра якія аўтар турбаваўся ў лістах да Пісьмянка і да мяне, у 1982 годзе не было. Яна з’явілася там ці не ўвесну наступнага года, калі, зарабіўшы «на дарогу ды на штаны», пісьменнік вярнуўся ў Менск...

А хада падзей была такая. Недзе ў канцы 1983-га ці на пачатку 1984-га, недзе праз год па вяртанні Міхася Лявонавіча адтуль, быў у Саюзе пісьменнікаў адкрыты партыйны сход, на якім па абавязку службы прысутнічаў і я. Памятаю, як Віктар Карамазаў (ён быў сакратаром партбюро) упікнуў кіраўніцтва часопіса «Полымя»: у рэдакцыі ёсць вакантнае месца ў аддзеле крытыкі, а добры крытык Стральцоў ходзіць без працы. Слова ўзяў намеснік галоўнага рэдактара «Полымя» Генадзь Пашкоў і сказаў такое: мы з павагай ставіліся да Мішы і тады, калі ён піў, і зараз яго паважаем… У зале ўсталявалася цішыня, трывожлівая, напятая. Генадзь зразумеў, што сказаў не тое, што ляпнуў. Заірдзеўся і збіўся (а так добра пачаў!). Скончыў тэму словамі накшталт: мы не супраць, уладкуем.

Генадзь не падумаў пра маштабы творчае асобы Стральцова і Пашкова. І проста асобы — таксама. Гэтыя Міша і піў, прамоўленыя з трыбуны, зала ўспрыняла як абразу. Так я зразумеў тую напятую цішыню. І парадаваўся за Міхася Лявонавіча: калегі паважаюць яго.

Не вытанцавалася ў М. Стральцова рэцэнзія на кнігу Генадзя Пашкова. Не натхніўся крытык. Але ж і не пайшоў Стральцоў працаваць у «Полымя». Неўзабаве ён стаў загадваць аддзелам у «Нёмане». Анатоль Кудравец прыняў яго адразу ж, як адкрылася вакансія…

Мы — сябры, таварышы, прыяцелі — ледзь не маліліся: хаця б устаяў, не сарваўся.

Калі Міхась Лявонавіч быў там, маладыя літаратары на сустрэчы з Янкам Брылём спыталіся, як ён глядзіць на стральцоўскую праблему. «Міхась — мой боль», — адказаў класік, і аўдыторыя, было відаць, па­дзяляла ягоныя пачуцці.

Калі Міхась Лявонавіч вярнуўся, мы баяліся ў ягонай прысутнасці прамовіць словы «гарэлка», «віно», «выпіўка» і г. д…

Хто зрабіў той здымак, якім адкрываецца кніга выбраных твораў М. Стральцова (1987), які змешчаны і ў «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», і ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі»? Здымак сталага чалавека, які нямала перажыў і перадумаў, чалавека з глыбокаю складкаю паміж бровамі. І чалавека, які ўсё ж здольны ўсміхнуцца вясёлаю ўсмешкаю.

Усё складвалася добра.

Была праца. Была павага калегаў. Былі добразычліўцы і душэўныя сябры.

У тую пару я ўжо не абмінаў стральцоўскія вершы, чытаў іх уважліва. Чытаў і напісаныя раней. А ў глыбіні, ці не ў падсвядомасці, было: ці вернецца Міхась Лявонавіч да прозы?

Нельга было не радавацца творчым поспехам Стральцова. На пачатку 1986 года Міхась Лявонавіч падпісаў мне свой новы, цудоўна аздоблены зборнік — «Мой свеце ясны». Калі падпісваў яго, я сказаў: прэмія імя Аркадзя Куляшова кнізе гарантаваная. «А дзяржаўная, Купалаўская»? — спытаўся паэт у мяне. «Дык нібыта спачатку Куляшоўская ідзе…» Вось не памятаю дакладна, што сказаў Міхась Лявонавіч, але выказаўся ён у тым сэнсе, што «Мой свеце ясны» — той выпадак, калі магчымае выключэнне з правілаў.

Цяпер, калі чытаю зборнік, бачу: сапраўды, ён — выключэнне. У паэтычным патоку таго часу ягоны зборнік вылучаўся роздумам пра вечныя загадкі быцця. Ведама, чалавек, паэт не можа не пытацца ў сябе: што будзе потым? Здаецца, і адказ маецца («…болей чым імгненне не прыме вечнасць ад цябе»), але ж нешта і не дае спакою: і «непрыкметна, спакваля расце і шырыцца трывога», і «скаланецца раптам сэрца, ліхой збаяўшыся мяжы». Хоць і не верыцца зусім «у тое наша адцвітанне», але апаноўваюць сумлевы: «Вось год мінуў. Яшчэ міне?» І як бы там ні было, «ужо і сэрца абняла, і пранізала тайны сіла».

Ці было ў тых вершах прадчуванне? Няма ў мяне адказу. Гэта цяпер я такое пытанне фармулюю, а тады, у 1986-м, такія матывы ў стральцоўскай паэзіі ўспрымаліся як філасофская лірыка.

У студзені 1986 года выйшаў зборнік вершаў, а недзе праз месяц у друк была падпісаная яго кніжка крытыкі і эсэ «Пячатка майстра». А яшчэ Міхасю Лявонавічу належала ўкласці кнігу выбранага: набліжаліся пяцідзясятыя ўгодкі, і паводле звычаю належала падсумаваць зробленае. Напачатку меркавалася, што гэта будзе двухтомнік. Але на двух- ці шматтомнік патрабаваліся ўзгадненні ў шмат якіх інстанцыях. Інстанцыі ж вырашылі, што Стральцоў да двухтомніка «не даспеў».

І ўсё ж, нягледзячы на дробныя прыкрасці, у сярэдзіне 1980-х Міхась Лявонавіч меў прыемны клопат: чытаў карэктуру аднае кнігі, чакаў карэктуру другое і рыхтаваў для выдавецтва трэцюю. І думаў — не мог не думаць — пра наступныя.

І ў асабістым жыцці ўсё складвалася нязгорш. Здаецца, спраўджвалася тое, пра што пісаў сам Стральцоў:

А будзе час, калі і без нагоды,

А проста так, ад шчодрасці быцця,

Успомняцца ранейшыя нягоды

Раней нязнанай мерай пачуцця.

І тое, што ўсё некалі балела

І што гняло варожай варажбой,

Падасца смуткам — скрухай пераспелай,

А ўвогуле — харошаю журбой.

«Пры ўсёй складанасці іхніх адносін яна яму патрэбна была вельмі…» Гэта — зноў цытата з Брыля. Гаворка — пра жонку Міхася Стральцова, пра Лену. Цешыла Міхася Лявонавіча меншая дачушка, Алеся. Бацьку за сорак пяць, а яна — малая (Кнопкаю называў). У такім узросце бацька ўжо па-дзедаўску мудры, ведае псіхалогію маленькага чалавека, умее з ім паразумецца.

…Ад каго я пачуў пра хваробу М. Стральцова? Ці не ад Карласа Шэрмана? Ці ад Віктара Карамазава? «Цяжка гэта — ілгаць замоўчваннем блізкаму чалавеку… пра хваробу». Цытата з Брыля. Сябры замоўчваюць, родныя — кажуць няпраўду, а яны, хворыя, «калі не ведаюць, дык здагадваюцца пра сваю асуджанасць». Ды як не здагадвацца? Адно слова «Бараўляны» можа каторага забіць. Бо ў рэшце рэшт дактары вымушаныя будуць сказаць: «Вам трэба легчы на абследаванне». Яны ўжо напэўна ведаюць дыягназ, і гэтае «абследаванне» гучыць для супакаення: маўляў, нічога страшнага пакуль яшчэ няма.

Гэтае журботнае падарожжа ў Бараўляны з Алаю Сямёнавай і Карласам. Мы ведаем дыягназ: рак стрававода. Прычыны? А хто ведае прычыны? Мо і курэнне (маглі мы напусціць поўны кабінет дыму; з форткі, як з коміна, ішоў).

Стральцоўская ўсмешка (няўжо ён не ведае праўды?). І мы, удавана бадзёранькія. Ага, Карлас узяў з сабою фотаапарат. Па ўсмешцы відаць: яшчэ кволіцца надзея.

А потым Карлас паведаміць мне пра аперацыю і пра ўскладненне пасля яе. Медыкі ў такіх выпадках кажуць, што аперацыю рабілі нямытымі рукамі. Быў занесены нейкі кок. Патрабаваліся і моцныя антыбіётыкі, і інтэнсіўная тэрапія. Неабходна было лячыць ад дзвюх хваробаў адразу...

24 жніўня 1987 года Янка Брыль і я ішлі па вуліцы Румянцава. І тут, амаль ля Саюза журналістаў, адбылася прызначаная сустрэча Брыля з жонкаю Стральцова. Я першы раз бачыў яе. Яна казала, у які касцюм адзе­не Міхася Лявонавіча, ягонае цела… Казала, што развітанне будзе заўтра і што будзе яно нядоўгае, бо занесеная інфекцыя такая, што нельга, каб цела больш працяглы час ляжала ў нармальных — пакаёвых — умовах.

…Раніцай у дзень пахавання я зразумеў, што мне лепш не ісці на грамадзянскую паніхіду. Мне не хацелася бачыць памочнікаў, якія — я гэта ведаў — абавязкова прыйдуць, каб вынесці Мішу. Але, мусіць, я больш баяўся ба­чыць мёртвага Міхася Стральцова.

Міхась Стральцоў застаўся ў маёй памяці жывым.

litaraturnaja_bielarus