Забыты беларус з Наваградчыны

«Летапіс ТБШ» за кастрычнік-лістапад 1933 года надрукаваў на вокладцы партрэт студэнта матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта ў чорнай рамцы. Пад партрэтам тэкст: "Пятро Першукевіч. Памёр у Наваградку 4.XII.33".



vokladka_casopisa_z_partretam_piatra_piershukievica_logo.jpg

Моладзь Заходняй Беларусі, даведаўшыся пра смерць Першукевіча, была шакаваная. Для беларусаў смерць юнака з Наваградчыны была вялікім неспадзяваным горам.

Пятро Першукевіч быў вельмі таленавітым юнаком. Але звестак пра яго няшмат. Вядома, што ён нарадзіўся ў вёсцы Паплавы на Наваградчыне. Пра гэта сказаў мне дзятлаўскі краязнавец Валерый Петрыкевіч. Дарэчы, Валерый Петрыкевіч — сын Міхася Петрыкевіча, які некалі вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі. Па словах Валерыя Петрыкевіча, яго бацька памятаў Пятра Першукевіча: у гімназіі юнака ведалі ўсе, бо ён вылучаўся матэматычным талентам і быў добрым спартсменам.

pjatro_pershukevch_logo.jpeg

Пятро Першукевіч — навучэнец Наваградскай беларускай гімназіі

Вёскі Паплавы ўжо не існуе. Знаходзілася яна недалёка ад мястэчка Нягневічы. Моладзь Нягневічаў была даволі дзейснай і актыўнай ва ўсіх беларускіх культурна-масавых мерапрыемствах у 1920-я — 1930-я гады, хоць знаходзіліся яны тады ў Польшчы. У Нягневічах, дзякуючы Першукевічу і яго сябрам, была набытая вялікая хата, якую вясковыя хлопцы і дзяўчаты пераабсталявалі пад Народны дом. Там паказвалі беларускія спектаклі, канцэрты мастацкай самадзейнасці, чыталі лекцыі. Гэты Народны дом будзе створаны пазней — дзесьці ў пачатку 1930-х гадоў, калі Пятро Першукевіч вучыўся ў Вільні.

Першапачатковую адукацыю юнак атрымаў у Наваградскай беларускай гімназіі. Андрэй Чэмер у сваёй кнізе «Наваградская беларуская гімназія» (Вільнюс, 1997) прыгадвае, што Пятро Першукевіч быў вельмі старанным і акуратным, як большасць вучняў з-пад Нягневічаў і Шчорсаў.

navuchenci_navagradskaj_belaruskaj_logo.jpeg

Навучэнцы Наваградскай беларускай гімназіі. Чацвёрты справа Пятро Першукевіч. Канец 1920-х гадоў

Пасля заканчэння гімназіі ў Наваградку, хлопец адразу паступіў на матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Там ён актыўна ўключыўся ў беларускі моладзевы рух. З 1920 года ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя дзейнічаў Беларускі студэнцкі саюз (БСС). У снежні 1932 года Пятро Першукевіч становіцца вольным сябрам ураду БСС. А ў студзені 1933 года яго абіраюць сакратаром гэтай арганізацыі.

Вядома, што напачатку калядных канікулаў Беластоцкая акруговая ўправа запрасіла студэнтаў Віленскага ўніверсітэта Марыю Мілючанку (Мілюць), Пятра Чэчку і Пятра Першукевіча, а таксама студэнта Варшаўскага ўніверсітэта Мікалая Орсу на Беласточчыну, каб яны прачыталі беларусам цыкл навукова-папулярных лекцый. Студэнты пагадзіліся. У Беластоку да іх далучыўся і сябра ТБШ Васіль Лукашык.

vl_nja_logo.jpg

Вільня

Пятро Першукевіч у Беластоку прачытаў лекцыі на тэмы «Што мы павінны ведаць аб сусвеце?» і «Цуды тэхнікі», у вёсцы Тапільцы — «Людское жыццё і прырода», у вёсцы Валілы — «Аб прымяненні тэхнікі на вёсцы» і г.д. Першукевіч становіцца адным з самых актыўных сяброў не толькі БСС, але і ТБШ у Заходняй Беларусі. Ён з сябрамі пешшу абышоў ці не ўсю Беласточчыну. Лекцыі студэнтаў вельмі падабаліся людзям. Сяляне ішлі паслухаць выступоўцаў за 10–15 кіламетраў. Яны шчыра віталі лектараў, просячы іх зноў прыязджаць, не забываць іх. Амаль пасля кожнай лекцыі, задавалі выступоўцам сотні пытанняў. А ў некаторых вёсках маладых адукаваных беларусаў не хацелі адпускаць. «Мы ўжо іх карміць, апранаць і, як найлепей, даглядаць будзем», — казалі вяскоўцы.

Паслухаць студэнтаў прыходзілі сяляне, якім было ўжо па 70 і болей гадоў. Старэйшыя беларусы былі вельмі здзіўленыя, што хлопцы і дзяўчаты з гарадоў адкрыта і смела гутараць з імі па-беларуску. Ад такіх доўгіх гутарак, сустрэч, маладыя лектары не паспявалі часам вярнуцца ў Беласток, таму прыходзілася начаваць у вяскоўцаў. Людзі з радасцю іх прымалі дома, стараліся як найлепей сустрэць і пачаставаць іх, просячы прабачэння, калі што не так.

Акрамя лекцый і дакладаў Пятро Першукевіч, Марыя Мілючанка, Мікалай Орса і Васіль Лукашык у памяшканні ТБШ у Беластоку наладзілі вячэрнія заняткі для дарослых. Мілючанка выкладала гісторыю беларускай літаратуры, Лукашык — гісторыю і беларускую граматыку, Орса — біялогію, анатомію і прыроду, а Першукевіч — матэматыку і фізіку. Заняткі адбываліся амаль месяц.

Не забываў Пятро Першукевіч і сваю родную Наваградчыну. Ён актыўна рыхтаваўся да мерапрыемстваў у сваім Нягневіцкім Народным доме. Найперш юнак планаваў правесці цыкл лекцый «Культура і народ» для вяскоўцаў. Але зра­біць гэта не паспеў. 4 снежня 1933 года яго не стала.

budinak_navagradskaj_belaruskaj_logo.jpg

Будынак Наваградскай беларускай гімназіі

Што здарылася з Пятром — дагэтуль застаецца загадкай. Па адной з версій, ён памёр ад сухотаў. Але ў гэта мала верыцца, бо юнак быў фізічна моцным, дагледжаным і матэрыяльна забяспечаным. Ёсць і іншая версія: Андрэй Чэмер у сваёй кнізе «Наваградская беларуская гімназія» сцвярджае, што Першукевіч памёр «без пары з-за аварыі з аўтобусам, якая пакінула сляды». Магчыма, Першукевіч некалі трапіў у аварыю, якая і нанесла шкоду юнаку. Што гэта была за аварыя, калі і дзе яна здарылася, і ці была яна наогул — невядома. Але беларуская грамада, і найперш моладзь, страціла вельмі перспектыўнага і здольнага чалавека.

Пра смерць Першукевіча напісалі і прыгадалі многія віленскія беларускія выданні. Той жа «Летапіс ТБШ» (1933, № 5–6) пісаў: «Усё сваё маладое жыццё ён ахвяраваў працоўнаму народу, ад якога сам паходзіў… Да самай смерці, пакуль білася сэрца, ён не сыходзіў з поля бітвы за асвету народную… Маладая галава не ўмела хіліцца перад няўдачамі. Ён даводзіў задуманае так, як гэта можа зрабіць толькі сапраўдны змагар… Зусім яшчэ мала сярод беларусаў такіх інтэлігентных сілаў, што ўсёй душой лучыліся б з сялянствам і работніцтвам, і вось таму гэта страта для нас асабліва балючая… Пакрыўджаны і прыніжаны беларускі народ пазбаўляецца свайго маладога абаронцы, а наша старонка — слаўнага сына…»

Віленскі часопіс «Шлях моладзі» (1933, № 13) таксама балюча ўспрыняў смерць юнака: «Ён многа чытаў беларускіх лекцый і ладзіў беларускія прадстаўленні. Смерць Першукевіча сумным рэхам адбілася сярод беларускага студэнцтва і старэйшага грамадзянства».

Фота з уласнага архіву Сяргея Чыгрына