ЕГУ запрашае на канферэнцыю «Еўропа-2016. Дэ-канструкцыя крызісу: у пошуках новых форм ведаў, ідэнтыфікацыі, салідарнасці»

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (Вільня, Літва) запрашае студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм да ўдзелу ў XVIII міжнароднай студэнцкай канферэнцыі «Еўропа-2016. Дэ-канструкцыя крызісу: у пошуках новых форм ведаў, ідэнтыфікацыі, салідарнасці», якая адбудзецца 6-8 траўня ў Вільні.  



ehu4.jpg

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт / students.ehu.lt

Тэрарыстычныя атакі ў Парыжы, уцекачы, расійска-ўкраінскі канфлікт, глабальная рэцэсія сталі прыкметамі нашага часу і зрабілі ненадзейнымі, а то і немагчымымі тыя спосабы суіснавання ў адзінай еўрапейскай прасторы, якія склаліся за апошнюю чвэрць стагоддзя. Як рэагаваць на гэтыя шматлікія выклікі? Ці толькі праз умацаванне межаў, абвастрэнне супярэчнасцяў, вяртанне прапаганды, надзвычайнага становішча і страху? Як можа дапамагчы аналіз гістарычнага і культурнага вопыту артыкуляцыі сацыяльных, палітычных, эканамічных, псіхалагічных, экзістэнцыяльных, эпістэмалагічных ускладненняў і практык іх пераадолення? Як мы сёння можам выкарыстоўваць рэсурс гуманітарных навук, сацыяльных праектаў, культурніцкіх і адукацыйных ініцыятываў, каб па-новаму акрэсліць сітуацыю, якая склалася? Як пераасэнсаванне ключавых для сацыягуманітарыстыкі канцэптаў – ідэнтычнасці, рэлігіі, этнічнасці, гендару, удзелу – дапаможа нам знайсці дзейсныя адказы на балючыя пытанні сучаснасці?

Адной са звыклых назваў для ўскладненняў, бедстваў, сацыяльных, геапалітычных і асабістых драмаў ёсць крызіс – неістотна, ці Карыбскі, ці сярэдняга ўзросту. Крызіс, апісаны Карлам Марксам як рэвалюцыйная сітуацыя, Эрыкам Эрыксанам як падлеткавае шво ідэнтыфікацыі або Джэфры Аляксандэрам як траўматычны абвал значэнняў. Эксперты, палітыкі, інтэлектуалы лёгка – мабыць, занадта лёгка – ставяць чалавеку і грамадству гэты дыягназ. Прапаноўваючы крызіс у якасці тэматычнага падмурку для штогадовай студэнцкай канферэнцыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, мы запрашаем задумацца пра тое, што гэты канцэпт дае для разумення і фарматавання не толькі востраактуальных абставінаў, але і сацыяльных, эканамічных, псіхалагічных траекторый увогуле? Як арганізавана веда пра самыя разнастайныя крызісы? І як ідэнтыфікуюцца крызісы самой веды? Як змяняецца жыццё чалавека і свету, калі сітуацыя іх існавання называецца крызісам? Хто і чаму мае права дыягнаставаць крызіс? Як асобныя індывіды, супольнасці, інстытуцыі пражываюць свае крызісы і адольваюць іх?

У межах канферэнцыі будуць праведзеныя наступныя секцыі:

  • Крызіс і трансфармацыі: як краіны ЦУЕ і былога СССР рэагуюць на новыя выклікі?
  • Крызіс у гістарычнай перспектыве: дэградацыя і/ці развіццё грамадства.
  • Праблемы станаўлення міжнароднага і еўрапейскага правапарадку.
  • Публічная палітыка і дзяржаўнае кіраванне: глабальныя тэорыі і лакальныя практыкі.
  • Tрансфармацыя нацыянальных прававых сістэм у кантэксце інтэграцыйных працэсаў і канстытуцыяналізацыі.
  • Рэлігія, грамадзянства і правы чалавека ў сучаснай Еўропе.
  • Крызіс (у) медыя: палітыка, тэхналогія і крытычная тэорыя двайной рэпрэзентацыі.
  • Вяртанне прапаганды: археалогія безабароннай свядомасці.
  • Украінскі крызіс і медыя.
  • Гендарныя даследаванні ў крызісныя часы: ад новых формаў няроўнасці да пошуку салідарнасці.
  • Адносіны між пакаленнямі ў актуальным сацыяльным кантэксце: формы няроўнасці і перспектывы дыялогу.
  • Спадчына і супольнасць. Спадчына як інструмент пераўтварэнняў.
  • Папулярызацыя ўрбанізму і новыя прафесійныя ідэнтычнасці.
  • Дэканструкцыя вобраза: бязвобразнае і пачварнае ў сучасным мастацтве.
  • Дызайн паміж мінулым і будучыняй: стратэгіі ўзаемадзеяння дызайнераў з грамадствам у кантэксце актуальных выклікаў сучаснасці.
  • Журналістыка ў эпоху новых медыя: крызіс ці новая якасць вытворчасці інфармацыі?
  • Камера як інструмент палітычнага выказвання: сацыяльна-крытычны патэнцыял сучаснага кінематографа.
  • Турызм ва ўмовах крызісу: выклікі, рызыкі, магчымасці.
  • Дызайн. Іронія і салідарнасць.
  • Паміж гісторыяй і спадчынай: у пошуках месцаў памяці сучаснай Еўропы.
  • Рэжымы і практыкі дачыненняў з Іншым ва ўсходнееўрапейскіх культурах: паміж гасціннасцю і канфрантацыяй.
  • Практыкі ідэнтыфікацыі ў сітуацыях крызісу: паміж надзеяй і стомленасцю.
  • Крызіс і наратыў: распавядаць, канструяваць, пражываць.

Таксама падчас канферэнцыі плануецца правесці шэраг лекцый, круглых сталоў, прэзентацый кніг і студэнцкіх навуковых праектаў. Акрамя асноўнай праграмы канферэнцыі, удзельнікі атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з працай магістарскіх і бакалаўрскіх праграм ЕГУ.

Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да15 сакавіка 2016 г. запоўніць і падаць анлайн-заяўку з тэзісамі даклада (аб’ём 3000-6000 знакаў). Заяўкі прымаюцца ад студэнтаў бакалаўрскіх і магістарскіх праграм (альбо эквівалентных ім).Удзел у канферэнцыі – на падставе конкурсу (будзе зроблены адбор заявак). Вынікі конкурснага адбору будуць паведамленыя не пазней за 28 сакавіка2016 г.

Удзел у канферэнцыі бясплатны (без рэгістрацыйнага ўнёску). Канферэнцыя ВОЧНАЯ: патрабуецца абавязковая асабістая прысутнасць удзельніка ў Вільні і выступленне з дакладам.

Працоўныя мовы канферэнцыі: англійская, беларуская, руская.

Візавая падтрымка

Студэнты, якім неабходная візавая падтрымка, павінныя ў заяўцы пазначыць пашпартныя звесткі для атрымання візаў. Віза выдаецца бясплатна. Выдаткі на праезд да Вільні і назад удзельнікі аплачваюць самастойна.

Жытло

На перыяд правядзення канферэнцыі (6–8 траўня) удзельнікам прадастаўляецца жытло (бясплатна).

Месца правядзення канферэнцыі: навучальны корпус Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (вул. Валакупю, 5, Вільня, Літва).

Зборнік навуковых працаў

Па выніках канферэнцыі плануецца выданне зборніка навуковых працаў, куды ўвойдуць артыкулы ўдзельнікаў па профільнай тэматыцы канферэнцыі, рэкамендаваныя да публікацыі на падставе выступу на канферэнцыі.

Кантакты

Кантактны адрас: studentconference@ehu.lt За абнаўленнямі сачыце на старонцы канферэнцыі, а таксама на нашых старонках у сацыяльных сетках: VK,Facebook.