«Яндэкс» пачаў эвакуяваць супрацоўнікаў з Беларусі

«Яндэкс» на мінулым тыдні вывез з Беларусі частку супрацоўнікаў свайго мясцовага офіса, а тых, хто адмовіўся выяжджаць з краіны, эвакуявалі з Мінска ў загарадныя дамы, распавялі The Bell дзве крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй у кампаніі. Гэта адбылося пасля ператрусаў сілавікоў, якія прайшлі ў кампаніі 13 жніўня.

new_cover_2.jpg

Для вырашэння праблемы беларускага офіса ў кампаніі дзейнічае спецыяльны оперштаб: ён дапамагае вырашаць пытанні бяспекі мясцовых супрацоўнікаў і аказвае юрыдычную дапамогу тым, каму яна патрабуецца, кажа яшчэ адзін суразмоўца The Bell.
Сам беларускі офіс, як і іншыя офісы «Яндэкса», ужо некалькі месяцаў закрыты для наведвання і ўсе супрацоўнікі працуюць на выдаленым рэжыме, распавялі The Bell у прэс-службе кампаніі. «Некаторыя супрацоўнікі з'ехалі з горада», — дадалі там.
Арганізаваць вываз супрацоўнікаў кампаніі прыйшлося пасля таго, як 13 жніўня ў Беларускі філіял «Яндэкса» і Uber абшукалі: тады, як пісаў The Bell, у офісы кампаній прыйшлі людзі ў чорнай вопратцы і са зброяй у руках, якія прадставіліся супрацоўнікамі ўпраўлення МУС па барацьбе з аргзлачыннасцю.
Што менавіта цікавіла сілавікоў, да гэтага часу афіцыйна не вядома, аднак двое крыніц The Bell распавялі, што аператыўнікі хацелі атрымаць дадзеныя аб паездках сэрвісу «Таксі». Зрабіць гэтага ім не ўдалося, сцвярджаюць абодва. У Беларусі, як і ў Расеі, дзейнічае сваё заканадаўства, якое дазваляе атрымаць патрабаваныя звесткі законным шляхам — аднак гэтая сітуацыя была зусім не такой, кажа адзін з суразмоўцаў The Bell.
«У ходзе ператрусу ніякае абсталяванне, дадзеныя або дакументы перададзеныя не былі», — пацвердзілі The Bell ў прэс-службе кампаніі. Акрамя «таксі», менскі офіс «Яндэкса», адкрыты ў 2011 годзе, займаецца развіццём іншых ключавых прадуктаў «Яндэкса» — «пошуку», «пошты», «малюнкаў», «рэкламы», «мапаў» і гэтак далей, гаворыцца на сайце кампаніі.
Пасля ператрусаў у беларускіх «Яндэкс» і Uber свой офіс у Менску наважылася закрыць Rakuten, уладальнік сэрвісу Viber. Яго гендырэктар Джамел Агаўа тлумачыў Forbes, што з-за раптоўных ператрусаў у «суседзяў» у кампаніі «вырашылі эвакуіраваць наш офіс дзеля бяспекі». «Двое нашых супрацоўнікаў былі арыштаваныя. Арыштаваны таксама быў бацька аднаго з супрацоўнікаў. Усе трое апынуліся пад арыштам без бачных прычын» — распавядаў Агаўа. Калі сітуацыя не палепшыцца, Viber не будзе больш інвеставаць у Беларусь, казаў ён: «Такое можа быць, таму што мы не можам інвеставаць у краіну, дзе людзі жывуць у страху».
За дзень да ператрусаў у «Яндэксе» беларускія IT-кампаніі падпісалі адкрыты ліст, у якім запатрабавалі ва ўладаў спыніць гвалт, вызваліць затрыманых і правесці новыя прэзідэнцкія выбары. «Мы не эксперты ў палітыцы, але мы эксперты ў тэхналагічным бізнэсе. У краіне фармуюцца ўмовы, у якіх тэхналагічны бізнес не зможа функцыянаваць. Стартапы не нараджаюцца ў атмасферы страху і гвалту. Стартапы нараджаюцца ў атмасферы свабоды і адкрытасці» — гаварылася ў лісце.
У той жа дзень заснавальнік PandaDoc, аднаго з самых паспяховых стартапаў з беларускімі каранямі, Мікіта Мікада заклікаў беларускіх сілавікоў «пераходзіць на бок дабра» і паабяцаў дапамагчы, калі рашэнне цяжка прыняць па матэрыяльных прычынах — да яго ўжо звярнуліся больш за 500 чалавек.
Паводле thebell.io