«Каб не давялося пісаць «Астравецкай малітвы». Прэзідэнт Літвы сустрэўся са Святланай Алексіевіч
Сітуацыю вакол Беларускай АЭС, прыярытэты культурнай дыпламатыі ва Усходняй Еўропе ды іншае абмеркавалі 5 сакавіка ў Вільні прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і беларуская пісьменніца, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Святлана Алексіевіч, паведамляе «Свабода».
«За кожнай трагедыяй стаяць лёсы людзей. Ці ўмеем мы ацаніць вопыт мінулага і зрабіць з яго правільныя высновы? У Беларусі ідзе будаўніцтва сучаснага Чарнобыля — АЭС у Астраўцы. Гэта пагроза не толькі для Літвы, а і для ўсёй Еўропы. “Чарнобыльская малітва”, пастаноўкі паводле якой праходзяць у Літве і Беларусі, ёсць трывожным сігналам для дзяржаў, якія недаацэньваюць пагрозы БелАЭС. Мы павінны імкнуцца да таго, каб нікому не давялося пісаць “Астравецкай малітвы”», — цытуе Наўседу сайт кіраўніка літоўскай дзяржавы.
Гітанас Наўседа падзякаваў пісьменніцы за яе неацэнны ўнёсак у ўвекавечанне балючага, але вельмі значнага досведу жыхароў краін Усходняй Еўропы, назапашанага ў самыя складаныя перыяды гісторыі рэгіёну.
Акрамя таго, абмяркоўвалася ініцыятыва абвясціць 2022-і Годам асветніка і выдаўца Францішка Скарыны. Таксама прэзідэнт выказаў падтрымку ініцыятыве Святланы Алексіевіч у адкрыцці выдавецтва для жанчын-аўтараў і заахвочванні ўвагі да творчасці жанчын-пісьменніц.
Святлана Алексіевіч у сваіх кнігах уздымае тэмы ваенных канфліктаў, наступстваў Чарнобыля, распаду савецкай імперыі. Паводле яе хронікі «Чарнобыльская малітва» створаны серыял «Чарнобыль», які здымаўся на тэрыторыі Літвы.
Беларуская аўтарка бярэ ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Незагойныя раны мінуўшчыны: наступствы і спосабы пераадолення», арганізаванай Міністэрствам замежных спраў Літвы сумесна з Цэнтрам развіцця дэмакратыі імя акадэміка Андрэя Сахарава і Інстытутам псіхалогіі Віленскага ўніверсітэту.
Пасля атрымання Святланай Алексіевіч Нобелеўскай прэміі ў 2015 годзе кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка не віншаваў і не выказаў жадання сустрэцца з лаўрэаткай.
Літва лічыць Беларускую АЭС, якая будуецца за 50 кіламетраў ад Вільні, небяспечнай для сябе. Літоўцы не раз падымалі пытанне пра інцыдэнты ў Астраўцы, бо гэта фактычна каля самай літоўскай мяжы. У Літве нават праходзілі вучэнні на выпадак аварыі на АЭС.