Каля 377 тысяч чалавек былі расстраляныя ў Беларусі за гады савецкай улады
Такое меркаванне выказаў даследчык гісторыі палітычных рэпрэсій перыяду сталінізму Ігар Кузняцоў на навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах ушанаванне памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій ў Беларусі, якая адбылася 28 лютага на сталічнай сядзібе Партыі БНФ і была арганізаваная грамадскай ініцыятывай “За ўратаванне мемарыялу Курапаты”.
Ігар Кузняцоў
На думку даследчыка, каля 210 тысяч чалавек былі забітыя ў Мінску, а астатнія — прыкладна 167 тысяч — у рэгіёнах краіны. Прычым агульная колькасць расстраляных больш чым у 10 разоў пераўзыходзіць афіцыйныя дадзеныя гэтых страт, падкрэсліў гісторык.
Станіслаў Лісоўскі
Унук аднаго з расстраляных беларускіх сялян, краязнаўца Станіслаў Лісоўскі распавёў пра тое, як ён яшчэ ў 1995 годзе на сродкі свае, жыхароў вёскі Чарнагубава Капыльскага раёну Мінскай вобласці і мясцовага калгасу “Цімкавіцкі” ўсталяваў у гэтай вёсцы помнік 63 аднавяскоўцам, рэпрэсаваным за гады савецкай улады. Паводле ягоных слоў, такія ж рэпрэсіі адбываліся ў 159 з 200 вёсак раёну. Лісоўскі падкрэсліў, што памяць прыкладна 1 мільёна 600 тысяч бязвінных ахвяраў масавых рэпрэсій 1920–1950-х гадоў на Беларусі ўшанавана вельмі слаба. “У краіне ўсталявана не больш за 40 мемарыяльных знакаў і дошак у памяць пра гэтых людзей”, — сказаў Лісоўскі. Ён заклікаў грамадскасць займацца мемарыялізацыяй ахвяраў сталінізму і праводзіць гэтую працу, у першую чаргу, на вёсцы і ў раённых цэнтрах. “Прычым трэба шукаць паплечнікаў як сярод мясцовых жыхароў, так і сярод чыноўніцтва”, — сказаў Станіслаў Лісоўскі.
Сяргей Крывенка
Сябра праўлення міжнароднага гісторыка-асветнага, дабрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял” (Масква) Сяргей Крывенка адзначыў, што гэтая недзяржаўная структура, якую ў Расіі некаторыя называюць агентам Захаду, працуе ў складаных умовах спаўзання ў дыктатуру сённяшняй расійскай улады. Ён назваў “неадназначнай” сітуацыю ў Расіі з пытаннем ушанавання памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсій. “Справа ў тым, што архівы ФСБ па-ранейшаму закрытыя, архівы МУС — часткова адкрытыя, у тым ліку канвойных войскаў, адкрываюцца партыйныя архівы, у тым ліку і палітбюро ЦК КПСС. Помнікаў рэпрэсаваным ў Расіі даволі шмат, аднак усе яны ўсталяваныя па ініцыятыве грамадскасці з рэгіёнаў краіны. Шмат адкрыта і правінцыйных музеяў па тэме рэпрэсій, у тым ліку і віртуальных. Прычым у правінцыі ініцыятывы грамадскасці ў справе мемарыялізацыі ахвяраў сталінізму часцяком падтрымліваюцца, праўда, не паўсюдна. Аднак на федэральным узроўні пакуль не створана ніводнага музея і помніка. Толькі зараз разглядаецца пытанне па ўсталяванню ў Маскве помніка ахвярам сталінізму”, — сказаў Крывенка.
Сярод праблем, над якімі зараз працуе праўленне міжнароднага “Мемарыялу”, ён назваў працу па мемарыялізацыі ахвяраў сталінізму і іх рэабілітацыі, па адкрыццю архіваў, па расследаванню парушэнняў правоў чалавека ў Чачні, бежанцаў, вайскоўцаў і вязняў, а таксама пры разгоне мірнага шэсця грамадзян ў Маскве на Балотнай плошчы 6 траўня 2012 года. “Пры гэтым мы шукаем шляхі перамоваў з уладамі, бо без чыноўнікаў некаторыя праблемы, у тым ліку і ўзвядзення помнікаў, проста нельга вырашыць”, — адзначыў Крывенка.
Паводле ягоных словаў, праз савет па правах чалавека пры прэзідэнце Расіі “Мемарыял” дабіваецца рэалізацыі грамадска-дзяржаўнай праграмы ўвекавечвання памяці ахвяраў рэпрэсій, падрыхтаванай грамадскасцю. Зараз “Мемарыял” рыхтуе праект адпаведнага закону, а таксама неабходныя змены ў закон аб пахавальнай справе дзеля надання адпаведнага статуту лагерным пахаванням і месцам расстрэлаў ахвяраў камуністычных рэпрэсій, сказаў Сяргей Крывенка.