Кандрусевіч: Не адкладайце добрыя справы — заўтра распачынаецца сёння

Чаму неабходна справядліва ставіцца да ўсіх людзей, і не прымаць грэх? Заслужаны іерарх Тадэвуш Кандрусевіч разважае пра талерантнасць да людзей у слове з нагоды Вялікага посту — шляху да духоўнага уваскрашэння.

_horad___kascel___katalictva___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

У каталікоў 22 лютага распачаўся Вялікі пост — час, калі ноч скарачаецца, а дзень робіцца даўжэйшым. Са словам на Вялікі пост іерарх звярнуўся да вернікаў. «Гэты натуральны працэс мае сімвалічнае значэнне. Скарачэнне ночы сімвалізуе паступовае выйсце з цемры граху, а павелічэнне дня — узрастанне ў Божай ласцы», — нагадвае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня камісіі агульнага душпастырства пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Акрамя запрашэння да асабістага навяртання іерарх у Слове з нагоды Вялікага посту іерарх звярнуўся з заклікам памятаць пра сацыяльнае вымярэнне граху.

«Яно праяўляецца ў негатыўных адносінах да канкрэтнай групы людзей паводле рэлігіі, палітычнай ці грамадскай прыналежнасці, іх поглядаў і перакананняў», – тлумачыць арцыбіскуп у сваім звароце

Кандрусевіч адзначае, што «акрамя асабістага граху, грамадскае вымярэнне граху таксама праяўляецца ў маральнай разбэшчанасці, усё большым духоўным заняпадзе і незахаванні прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці».

Паводле арцыбіскупа Кандрусевіча, «зыходзячы з прынцыпаў хрысціянскага вучэння, мы павінны быць талерантнымі да людзей, таму што яны могуць памыляцца, але не можам згаджацца з незахаваннем маральнага закону, бо ён паходзіць ад Бога»: «Амаральнасць становіцца прычынай адкідання Бога, месца якога хоча заняць чалавек, што пераварочвае ўстаноўлены Творцам парадак з ног на галаву, у выніку чаго свет перажывае шмат сур’ёзных крызісаў».

mohilki._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas8_logo.jpg

Кожны чалавек мае сваю годнасць, дадае заслужаны іерарх, «чалавечая прырода адначасова з’яўляецца асабістай і сацыяльнай, таму неабходна справядліва ставіцца да ўсіх людзей – калі будзем прытрымлівацца гэтага асноўнага прынцыпу, то зможам паспяхова прайсці праз супярэчлівыя пункты гледжання на выклікі часу з мэтай дасягнення сапраўднага чалавечага росквіту».

Ён заклікае супрацьстаяць гэтым і іншым асабістым і сацыяльным паталогіям.

“Неабходна ўвесь час чуваць, бо д’ябал — гэта хітры і моцны дух. Ёсць байка, што распавядае пра конкурс па спакушэнні сярод злых духаў. Адзін д’ябал, нібы, сказаў, што будзе казаць людзям аб несапраўднасці Святога Пісання і яго вучэння. Другі — што няма ні неба, ані пекла. Трэці — што святое вучэнне сапраўднае, неба і пекла існуюць і трэба навяртацца, але не сёння, бо можна пачакаць да заўтра. Ён выйграў конкурс.

Практыка адкладаць навяртанне на будучыню з’яўляецца «ахілесавай пятой» нашага духоўнага жыцця, бо не ведаем, ці яно ўвогуле стане рэальнасцю. Трэба памятаць, што заўтра распачынаецца сёння.

Паводле Catholic.by, katolik.life