Канспіралогія і тэорыі змовы. Як дзяржава ўнікае адказнасці за свае дзеянні
Медыяэксперты прааналізавалі наратывы дзяржаўных СМІ і склалі агульную карціну таго, як прапаганда канструюе тэорыі змовы і выкарыстоўвае іх у сваіх мэтах.
Канспіралагічныя сюжэты і наратывы з сярэдзіны 2020 года актыўна выкарыстоўваюцца беларускай прапагандай. З іх дапамогай дзяржаўныя медыя тлумачаць сваім аўдыторыям рашэнні і дзеянні не толькі ўлады, але і звычайных беларусаў, а асабліва — замежных палітыкаў, міжнародных інстытутаў і іншых дзяржаў. Асноўная задача канспіралогіі ў медыя — даць выгадную ўладзе інтэрпрэтацыю падзей, якія адбываюцца як па-за Беларуссю, так і ўнутры яе, што дазваляе абгрунтаваць рэпрэсіі, ізаляцыянізм і мілітарызм.
Для вывучэння канспіралогіі ў беларускіх дзяржаўных СМІ група даследчыкаў пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, былога прафесара кафедры тэхналогій камунікацыі і сувязей журфака БДУ Ірыны Сідорскай вывучыла ўсе навінавыя тэксты чатырох дзяржаўных медыя («СБ. Беларусь сёння», Беларусь 1, АНТ і СТБ) за 2021 год, у якіх эксперты праекта «Media IQ» зафіксавалі парушэнні стандартаў журналісцкай дзейнасці, а таксама прыкметы прапаганды і маніпуляцый. Такіх тэкстаў аказалася 2850.
Уручную праверыўшы гэтыя тэксты на наяўнасць канспіралогіі, мы адабралі 245 матэрыялаў з відавочнымі прыкметамі тэорый змовы, раўнамерна размеркаваных на працягу года. Вось вынікі гэтага даследавання.
Як вялікія геапалітычныя інквізітары калектыўнага Захаду падносяць запалкі
Пры канструяванні тэорый змовы дзяржаўныя СМІ актыўна ўжываюць каля 100 асноўных слоў і словазлучэнняў. Сярод іх як гранічна абстрактныя, так і досыць канкрэтныя.
Найбольш часта выкарыстоўваюцца словы і словазлучэнні, якія паказваюць на знешні адносна Беларусі характар дзеючых суб'ектаў. Асноўны маркер — цэтлік «калектыўны Захад», які пазначае не групу краін, размешчаных на карце злева ад Беларусі, а замкнёную эліту, якая нібыта кіруе гэтымі краінамі, у асноўным з-за кулісаў. Менавіта «калектыўны Захад» — без межаў і ўдакладненняў — гэта і ёсць галоўны вораг, які хоча аслабіць / знішчыць / падзяліць Беларусь.
Акрамя «калектыўнага Захаду», які можна хаця б прыблізна ідэнтыфікаваць, прапаганда выкарыстоўвае і гранічна абстрактныя выразы «людзі з-за мяжы», «дарадцы з-за мяжы», «галасы з-за мяжы», «замежныя актары», «крытыкі на Захадзе», «ворагі», «ворагі краіны», «дэструктыўныя сілы», «тыя, хто такім чынам нагнятае абстаноўку», «хто падносіць запалкі», «заказчыкі хаосу», «замежныя каардынатары», «тыя, хто з-за мяжы плануе рэальныя атакі на важныя аб'екты ў Беларусі і замахі на саміх беларусаў», «тыя, хто развязаў санкцыйную вайну супраць нашай краіны», «тыя, хто абраў Беларусь у якасці геапалітычнай мішэні», «вялікія геапалітычныя інквізітары», «іншыя, якія глядзяць збоку і адсыпаюць столькі грошай, колькі трэба», «вока сусветнай эліты, якое не дрэмле» і да т. п.
Гэтых знешніх суб'ектаў можна абагульніць у некалькі груп:
- заходнія журналісты і СМІ, якія ажыццяўляюць «спробы ўкідаў, ціску, інфармацыйна-тэхналагічных аперацый», «заточаныя на выкананне загадаў, а не на пошук ісціны»,«салдаты інфармацыйнага фронту»;
- замежныя палітыкі: «асобныя еўрапейскія палітыкі», «заходнія палітыкі, «варожа настроеныя журналісты і палітыкі»;
- замежныя спецслужбы: «дзейнасць замежных спецслужбаў», «пры дзейным удзеле замежных спецслужбаў», «спецслужбы замежных дзяржаў», «замежныя дзяржавы і іх спецслужбы», «натаўскія стратэгі», «дасведчаныя прадстаўнікі заходніх спецслужбаў / спецслужбы краін НАТА»,«замежныя агенты». У гэтым жа кантэксце згадваюцца і дыпламаты замежных дзяржаў («паміж паняццямі "агент" і "дыпламат" можна паставіць знак роўнасці»);
- дзяржавы-выгадаатрымальнікі, частка якіх названая — гэта Польшча («польскі рэжым») і Літва (якая знаходзіцца «на моцным павадку сваіх гаспадароў»). Пра іншых можна толькі здагадвацца з кантэксту паведамлення: «еўрапейскія марыянеткі», «карлікавыя краіны Прыбалтыкі», «некаторыя краіны-суседкі з імперскімі павучальнымі амбіцыямі», «нашы суседзі, якія пачалі было жвава скакаць пад амерыканскую дудку»;
- кіраўнік «калектыўнага Захаду» — Злучаныя Штаты Амерыкі: «кансультанты знаходзяцца далёка за межамі Беларусі. След відавочна вядзе ў ЗША», «там, за акіянам, супакойвацца не збіраюцца», «амерыканскае балота», «формула Байдэна», «ЗША і іх партнёры ў ЕС», «агрэсіўныя выпады Вашынгтона» і інш.;
- палітычныя цэнтры і арганізацыі: «амерыканскія донары», «Еўрапейскі саюз», «Брусель і Вашынгтон», «Еўропа і ЗША», «ЗША і краіны калектыўнага Захаду», «"дэмакратычная" Еўропа, якая выступае за вяршэнства закону».
У фокусе канспіралогіі — беларуская ўлада
Важныя падзеі і рашэнні, якія прымаюцца — ад мер па супрацьдзеянні санкцыям да кадравых прызначэнняў — інтэрпрэтуюцца з дапамогай канспіралогіі. З яе дапамогай апісваецца не толькі сучаснасць, але і мінулае — праз сэнсавыя паралелі сённяшніх інфанагод з падзеямі 2020 года, а таксама прагназуецца будучыня — з дапамогай прадказанняў дэструктыўных дзеянняў «калектыўнага Захаду» і запэўнівання ў тым, што беларуская ўлада прадухіліць гэтыя пагрозы.
Першапачаткова мы меркавалі, што большасць матэрыялаў з канспіралогіяй прыйдзецца на паведамленні, дзеючымі сіламі якіх з'яўляюцца людзі і арганізацыі па-за межамі Беларусі. Бо абгрунтаваць канспіралогіяй далёкія ад аўдыторыі навіны прасцей, чым падзеі, якія чытачы і гледачы назіраюць кожны дзень і ў якіх самі прымаюць удзел. Аднак даследаванне паказала, што на працягу ўсяго 2021 года — за выключэннем студзеня, на які прыйшліся пратэсты апазіцыі ў Расіі і рашэнне аб пераносе чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі, — большасць матэрыялаў з канспіралогіяй асвятляла падзеі і рашэнні, звязаныя з беларускай уладай.
Мы тлумачым гэта тым, што менавіта ўлада ў асобе сваіх прадстаўнікоў і інстытуцый з'яўляецца сёння асноўным героем беларускіх дзяржаўных медыя. Медыяпавестка дзяржСМІ ідзе за Аляксандрам Лукашэнкам і вышэйшымі чыноўнікамі, абслугоўваючы іх інфанагоды, таму дамінуюць публікацыі і сюжэты, звязаныя з прадстаўнікамі ўлады. Аўтаномныя дзеянні грамадзян у прынцыпе не знаходзяцца ў фокусе беларускіх дзяржмедыя, як і дзейнасць замежных актараў, таму і матэрыялаў з канспіралогіяй пра іх менш.
Функцыі галоўнай тэорыі змовы дзяржаўных СМІ
Канспіралогію беларускіх дзяржаўных медыя ў 2021 годзе можна абагульніць да адной асноўнай тэорыі змовы. Паводле гэтай тэорыі, Беларусь знаходзіцца ў коле ворагаў, якія абвясцілі ёй «гібрыдную вайну», «эканамічны генацыд» і «сапраўдны тэрор», перайшоўшы тым самым «усе чырвоныя рысы». «Замежныя праціўнікі Беларусі» не змірыліся з паразай у жніўні 2020 года і рыхтуюць «новыя спробы дзяржаўнага перавароту», дзейнічаючы праз «экстрэмістаў і тэрарыстаў» унутры краіны. Гэта выліваецца ва ўзброеныя напады на прадстаўнікоў сілавых органаў, дэпутатаў і журналістаў, у змовы з мэтай забойства Лукашэнкі і яго дзяцей, у міграцыйны крызіс на мяжы і санкцыйны ціск на беларускую эканоміку. У сувязі з узрослымі пагрозамі звонку Беларусь вымушаная ўзмацняць абарону дзяржаўнага суверэнітэту.
Сюжэты з канспіралогіяй выконваюць шэраг значных грамадска-палітычных функцый:
- нагадваюць аўдыторыі пра наяўнасць «дэструктыўных сіл, якія дэстабілізуюць унутрыпалітычную абстаноўку ў Беларусі», абгрунтоўваюць узмацненне жорсткасці рэпрэсій у дачыненні да іх як меру, якая забяспечвае спакой і стабільнасць у краіне;
- абгрунтоўваюць неабходнасць узмацнення сілавога блока ў сувязі з «узрослай небяспекай дэструктыўных дзеянняў звонку Беларусі»;
- забяспечваюць кансалідацыю народа з кіраўніком у крызісныя для дзяржавы часы, абгрунтоўваючы крызіс «узрослым знешнім ціскам», «вельмі варожымі крокамі ЗША і іх партнёраў у ЕС».
- аргументуюць згуртаванне Беларусі і Расіі ў сувязі з неабходнасцю супрацьстаяць «узрослым знешнім пагрозам»;
- ускладаюць адказнасць за аб'яўленне санкцый і іх негатыўныя наступствы для эканомікі Беларусі на беларускіх грамадзян, якія з'ехалі за мяжу, і іх «куратараў»;
- абгрунтоўваюць неабходнасць унясення змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і матывуюць грамадзян прыняць удзел у рэферэндуме;
- абгрунтоўваюць крытыку беларускай дзяржавы звонку жаданнем «калектыўнага Захаду» рэалізаваць дзяржаўны пераварот і пазбавіць Беларусь суверэнітэту.
Чаму канспіралогія аказалася такой папулярнай
Для прапаганды канспіралогія з'яўляецца легітымным спосабам тлумачэння ўсяго незразумелага і варожага, а таксама зняцця з дзяржавы адказнасці за тое, што адбываецца. Вера ў канспіралогію зніжае суб'ектнасць як на ўзроўні асобнай асобы, так і дзяржавы, калі яны не з'яўляюцца чальцамі тайнай арганізацыі.
Адна з асноўных прычын папулярнасці канспіралогіі ў аўдыторыі — страх перад жыццём. Калі навакольны свет незразумелы і супярэчлівы, складаны для арыентацыі і амаль недаступны для прагназавання, тэорыі змовы дазваляюць атрымаць простыя адказы на пытанні «як уладкаваны свет» і «што мне рабіць цяпер і ў будучыні». Канспіралогія дае канкрэтныя рэцэпты ў складанай сітуацыі, дапамагае зменшыць нявызначанасць, ператварыць хаос у падабенства парадку.
Канспіралогія дэматывуе чалавека здзяйсняць актыўныя і мэтанакіраваныя дзеянні: у параўнанні з магутнымі актарамі накшталт «калектыўнага Захаду» звычайныя людзі загадзя нямоглыя. Застаецца спадзявацца на абарону «моцнай рукі», якая навядзе парадак і прадухіліць пагрозы — беларускую патэрналісцкую мадэль.
Таму тэорыі змовы так папулярныя ў аўтарытарных і таталітарных палітыкаў: яны выкарыстоўваюць канспіралогію для дэманстрацыі ўласных пераваг на фоне больш дэмакратычных, менш жорсткіх і больш эмпатычных канкурэнтаў. Да таго ж, прадухіленне пагроз — выйгрышны ход у палітычнай барацьбе, які дазваляе набываць сімвалічны капітал, не ажыццяўляючы рэальных дзеянняў, здольных палепшыць жыццё людзей.
Тлумачэнні таго, што адбываецца, на аснове тэорый змовы зразумелыя і надзвычай карысныя рэжыму Лукашэнкі. ДзяржСМІ, пагадзіўшыся з роляй прапагандыста рашэнняў улады, рэтранслююць канспіралагічныя наратывы палітыкаў і чыноўнікаў, на іх аснове фарміруючы медыйную карціну рэальнасці.
Паводле рэсурса «Наше мнение»