«Забараніць нельга дазволіць»: як расійскія структуры сочаць за беларускім інтэрнэтам
Дзякуючы «К*берпартызанам» аказаліся даступнымі файлы Раскамнагляду і ўнутраная перапіска яго супрацоўнікаў, датычныя цэнзуравання беларускіх сайтаў. Што шукалі расійцы на нашых рэсурсах і якая інфармацыя ў выніку аказалася забароненай, разбіралася «М*дыязона».
У звестках, якія хакеры перадалі «М*дыязоне», ёсць лісты, справаздачы, даклады, рашэнні і пазначэнні «праблемных» публікацый. У ліпені 2022 года ва ўнутранай перапісцы аднаго з аддзелаў Раскамнагляду з'явілася тэма з некалькіх дзясяткаў лістоў пад назвай «Задача Белоруссия».
У рамках «задачы» супрацоўнікі РКН вялі табліцу, адсочваючы тысячы публікацый на беларускіх сайтах. У жніўні 2022 года ў адным з лістоў з дакладам пра змену апісана «Мегазадача Белоруссия»: кожнай змене было паказана правяраць па 205 электронных адрасоў, а пры праверцы рабіць упор на «СВА». Дэдлайн — 9 жніўня 2022.
У табліцы, якая мільгала ў ліставанні супрацоўнікаў РКН у сярэдзіне жніўня, ёсць слупок, дзе насупраць сайтаў стаіць пазнака «Так (фэйк СВА)». Выніковы «статус» гэтых сайтаў вызначаўся слупком, у якім адна з опцый была «Накіравана ў Генпракуратуру Расіі».
Вось некаторыя з сайтаў, якія былі адзначаны такім маркерам: mediazona.by, btvsat.eu, euroradio.by, flagshtok.info, baj.by, gazetaby.media, naviny97.by і іншыя.
Раскамнагляд унёс у рэестр публікацыю «Народнай волі» пад назвай «Вайна супраць Украіны раскалола сілавікоў Пуціна», у якой пераказвалася інтэрв'ю даследчыка Хрыста Грозева. На дадзены момант артыкул недаступны.
Пасля абмеркавання, унясення ў рэестр і патрабавання аб выдаленні з брэсцкага сайта TOMIN.by знік артыкул «Сітуацыя ва Украіне і спецаперацыя Расіі на Данбасе: што адбываецца цяпер».
«М*дыязоне» ўдалося знайсці абмеркаванне артыкула пра расійскіх дэсантнікаў на вайне ва Украіне spasemstranu.com. у дыялогу супрацоўнікі спрабавалі «ўзгадніць дзеянні па рэсурсе». Ведамства выявіла ў ім звесткі «пра асабісты склад» вайскоўцаў РФ. Рыторыка сайта пазначаная як «антырасійская».
З сайта Ex-press.by знік перадрук расследавання праекта «Схемы» «З кім ваюе Украіна: расійскае войска ў асобах», бо інфармацыя пра страты расійскіх салдат — «дзяржаўная таямніца» ў Расіі.
На сайце Intex-press недаступны матэрыял «Якія даныя пра страты прыводзяць ва Украіне і ў Расіі на 22 красавіка», які «не адпавядае афіцыйнай пазіцыі Мінабароны РФ».
На навінавым сайце Telegraf.News цяпер няма артыкула «Жыхары захопленых Бярдзянска, Херсона і Энергадара выйшлі на пратэсты супраць акупацыі. Як адрэагавалі расійскія вайскоўцы?».
На сайце газеты «Беларусы і рынак» больш няма матэрыяла пра расійскія страты падчас вайны ва Украіне. У заўвазе пазначана, што «паказаная ў артыкуле інфармацыя не адпавядае афіцыйнай пазіцыі Міністэрства абароны РФ».
На сайце Flagma.by Раскамнагляд знайшоў аб'яву пра продаж польскіх яблыкаў. Ведамства палічыла гэта інфармацыяй пра «магчымасці набыцця санкцыйных прадуктаў».
Акрамя таго, праз уцечку аказаўся даступны дакумент, зроблены па запыце Таццяны Дзяніскінай, начальніцы аднаго з аддзелаў Раскамнагляду. У чэрвені 2021 года ёй была адпраўлена даведка на міністра інфармацыі Беларусі Уладзіміра Пярцова.
Акрамя месцаў працы, там пазначана, што ён зяць былога міністра адукацыі Аляксандра Радзькова. У дакуменце гаворыцца, што Лукашэнка ахарактарызаваў Пярцова як аднаго з вядучых «палітыкаў і палітолагаў», але «мясцовая апазіцыя адзначала, што выбар на карысць Пярцова быў зроблены не з-за яго прафесіяналізму, а выключна з абсалютнай лаяльнасці кіраўніку беларускай дзяржавы». Асноўнай яго задачай было «выбудоўванне новай дзяржаўнай ідэалогіі», а шэраг «апазіцыйных спікераў» палічылі яго «правадніком "рускага свету"».
У чэрвені 2022 года Пярцоў сустракаўся з прадстаўнікамі Раскамнагляду.
Цалкам пра нагляд расійскіх спецслужбаў за беларускай інтэрнет-прасторай чытайце на «М*дыязоне».