«За кнігу Арлова нам і так яйцы адкруцяць, а тут яшчэ Марачкін намаляваў мужыка з вусамі ды прычындаламі!»

Уладзімір Арлоў прыгадвае гістарычныя анекдоты. Аднаго разу сустрэўшы на дарозе пад Віцебскам бабулю-сялянку Напалеон саскочыў з каня і запытаўся, каму яна зычыць перамогі – французам ці расейцам? Старая мудрая беларуска адказала: «Ганіце, хлопцы, маскалёў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы»…

uladzimir_arlou_logo_1.jpg

Уладзімір Арлоў нядаўна пабываў у Варшаве, дзе сустрэўся з чытачамі і распавёў СНплюс пра лёс сваіх кніг, гісторыю іх нараджэння і сакрэты творчай лабараторыі пісьменніка.

І. Сяджу і думаю: «Божа мой, што б сказаў Караткевіч!» Як раптам спадар Уладзімір аднекуль з вышыні кніжных паліц адказвае… Містыка!

Польскаму аўтару Яну Парандоўскаму належыць кніга «Алхімія слова». Назва кажа сама за сябе. Аўтар аналізуе псіхалогію, нават фізіялогію творчасці і заўважае: тое, што называюць натхненнем, цяпер выйшла з моды, ніхто ўжо не верыць у яго…

Але я – веру, як верылі ў тое літаратары з антычных часоў. А калі перанесціся бліжэй да нашых дзён, то, напрыклад, ангельскі мастак і паэт Уільям Блэйк называў сябе сакратаром нябесных сілаў, якія дыктавалі яму, што маляваць ці пісаць… Адам Міцкевіч у час сваіх славутых імправізацый уваходзіў у такі магутны транс, што мог губляць прытомнасць, палохаючы слухачоў, сяброў і прыхільнікаў.

Мае калегі ў розныя часы шукалі гэты самы момант натхнення з дапамогай розных, часам неверагодных ці забаўных прыёмаў. Скажам, Анарэ дэ Бальзак у выніку за жыццё выпіў 50 тысяч кубачкаў магутнай кавы. Тэадор Гофман падчас працы прывязваў да носу кавалак жытняга хлеба з кменам, каб злавіць капрызны момант… Фрыдрых Шылер ставіў ногі ў таз з ледзяной вадой. Яму належыць тое вызначэнне натхнення, якое мне найбольш падабаецца: «Гэта неспадзяванка душы…»

Я б дадаў: і розуму…

Такое здараецца далёка не штодня, асабліва як маеш справу з прозай. Але каб пачаць кнігу, гэтыя моманты прасвятлення вельмі патрабуюцца. Асабіста я перад імі звычайна адчуваю нейкую пустату ў сабе, нават – звонкую пустату! Здаецца, у цябе бяздзейнасць, няма ніякіх думак, але ўжо навучаўся прадчуваць: вось яно, азарэнне, неўпрыкмет набліжаецца і неўзабаве здарыцца! Гэта вельмі патрэбна напачатку тварэння новага.

Нярэдка правакацыйна, але не без падстаў пытаюцца: а ці дапамагае літаратару алкаголь?

Што асабіста да мяне, то ў шчыльным суаўтарстве з чырвоным віном (пазней ад гэтага творчага сяброўства адмовіўся, бо яно тоіць у сабе сур’ёзную небяспеку) я калісьці напісаў гістарычную аповесць «Час чумы», герой якой Мікола Гусоўскі… Здарылася гэта ў Закарпацці, у вугорскай вёсцы, недалёка ад якой калісьці жыў Шандар Петэфі і пісаў свае вершы.

Калі згадаць іншыя прыёмы пошуку натхнення, то ў мяне хіба такое: дагэтуль пішу асадкай на паперы, з шырокімі палямі, а калі перагортваю аркуш, то вельмі важна, каб ён не прасвечваў і не праступала там напісанае. Як папера танчэй, гэта нервуе, збівае з рытму… А яшчэ я раскладаю дзясяткі спісаных староначак на падлозе і поўзаю, малюю фламастарам стрэлкі: куды што пераставіць, чым магу напалохаць якога нечаканага госця. Затым, калі пазл складзецца ў адно, набіраю тэкст на кампутары.

Дарэчы, Уладзімір Караткевіч перад тым, як сесці за стол, прымаў ванну, апранаў белую кашулю і пісаў не любячы правак у першым варыянце. А ў перапынках піў каву, завараную па адмысловых рэцэптах, глядзеў мультфільмы, перачытваў «Трох мушкецёраў»…

Ну а я дзікі чалавек – кавы не люблю, мультфільмы таксама, ды і ў белай сарочцы пасля ванны не сядаю пісаць… Аднойчы для дзіцячай кнігі (яна пакуль не выйшла) давялося пісаць апавяданне пра нашага класіка, дзе згадаў усе гэтыя прыёмы.

Тады было спякотнае лета – пад сорак градусаў, я сядзеў у адных зялёных майтках і думаў: «Божа мой, што б сказаў Караткевіч!». І ў той самы момант аднекуль з кніжных паліц, дзе стаіць улюбёная караткевіцкая «Мая Іліяда», пачуў голас свайго героя: «Ды пішы як пішацца!»

 

ІІ. «Разбілі войска князя Івана? У гэтым імені намёк, ён шкодзіць вялікай справе інтэграцыі двух братніх народаў!» – «Добра, тады назаву князя Ваванам». – «Во – зусім іншае»…

А цяпер пра гісторыі мах уласных кніг. Пра іх нараджэнне.

Вось «Ордэн Белай мышы». Сюжэт невялікай аповесці раптам выплыў аднойчы вечарам разам з героямі, іх дыялогамі і рознымі дэталямі – усё гэта з’явілася з нейкіх таямнічых сфераў. І потым я тры дні толькі і рабіў, што ліхаманкава расшыфроўваў касмічныя сігналы, каб не забыцца пра немаведама адкуль прыплыўшае.

У жыцці пісьменніка бываюць рэчы містычныя: як узяўся за «Ордэн», у кватэры з’явіліся… мышы! Нагадвалі лялечных – невялікія і амаль белыя, светла-шэрыя. Залазілі на стол, калі мы снедалі, бегалі па ім, адна мышка прыходзіла і нават нахабна ці запанібрацкі сядала на маю правую нагу і патрабавала гушкаць… А праз тры дні – толькі ліхаманкава закончыў запісы, яны як з’явіліся аднекуль, так кудысьці і зніклі.

Тэма «Ордэна» адвечная: узаемаадносіны мастака (у маім выпадку літаратара) і ўлады. Яна хоча прылашчыць неяк пісьменніка ці падкупіць, а як не ўдаецца, то запалохаць, урэшце выціснуць за мяжу, пасадзіць у турму…

Па сюжэце дзеянне адбываецца ў вельмі шчаслівай краіне з канстытуцыйнай манархіяй, дзе ўсё засталося па адным: адзін кароль, адзін шэф Службы бяспекі, адзін пракурор, адзін крымінальнік, адзін палітвязень, адзін палітуцякач, адзін прафесар, адзін студэнт, адзін цыган, адзін гомасексуаліст, адна лесбіянка і гэтак далей – карацей, такі дзіўны «баланс» захоўваўся і сярод прадстаўнікоў творчых прафесій…

І вось адзіны ў гэтай краіне ювелір вырабіў найвышэйшы дзяржаўны ордэн – Белай мышы. Паўстала адно пытанне: каго ім узнагародзіць? Шэф службы бяспекі быў перакананы – яго! А кароль аддаў перавагу пісьменніку – ведаеце, уладароў розных масцей цягне да ўвекавечання… Абараняючы сваё жаданне ўзнагароды, шэф службы бяспекі паказаў перапіс насельніцтва, у якім не было ніводнага чытача! Але манарх заявіў: «Я стану ім, бо пачытаю напісанае, ды ўрэшце гэты літараскладальнік сам жа сваё і чытае!» Пісьменніка запрасілі на вячэру і далей разгарнулася амаль дэтэктыўная гісторыя – пачытайце самі, чым усё скончылася…

Аповесць тая пасля займела крыху скандальную гісторыю. У 1997-м мяне якраз звольнілі з выдавецтва, але засталіся прыхільнікі, і да адной круглявай даты майго жыцця вырашылі ўсё ж выдаць кніжку.

 

Рэдактарка кажа: «Спадар Уладзімір, мне прызначылі дадаткова куратара з Міністэрства інфармацыі». Падумаў: тады гамон… Аднойчы тэлефануе: «Куратар не ўпадабаў адзін момант: вы пішаце, што каралеўская дынастыя з’явілася, калі продкі цяперашняга адзінага правіцеля ўшчэнт разбілі арду суседа і заклятага ворага – вялікага князя Івана. Дык чыноўнік кажа, што гэтае імя шкодзіць вялікай справе інтэграцыі двух братніх народаў – беларускага і расейскага, так не пойдзе!»

Я пагадзіўся: сапраўды шкодзіць, выбачаюся, не падумаў, таму “прапаную замяніць Івана на Вавана”. І ў міністэрстве праўку з прыязнасцю прынялі, кніжка з’явілася… І Ваван, урэшце, у суседзяў з’явіўся…

Калі «Ордэн» выйшаў, патэлефанаваў мастак Аляксей Марачкін. Расказаў, як у апошні момант у рэдакцыю ўварваўся іншы куратар і зароў (даруйце дамы): «Нам і так за кнігу Арлова яйцы адкруцяць, а тут яшчэ Марачкін да ўсяго намаляваў мужыка з прычындаламі!» Прычым у гэтым персанажы праз вусы ўгадваўся самі ведаеце хто!

І тады дзеля непазнавальнасці змушана мужыку на малюнку закруцілі вусы як у Дон Кіхота, загадалі адначасова абрэзаць і палавыя прыкметы, але сёе-тое з іх на малюнку засталося.

Пазней у дэмакратычнай яшчэ газеце «Известия» з’явілася інтэрв’ю са мной пад загалоўкам «Цензура отрезала органы». Пасля чаго дырэктар выдавецтва запатрабаваў абвяржэння і заявіў, што чарговым разам Арлова выдадуць толькі праз 10 гадоў. Але ўжо з’явіліся незалежныя выдавецтвы і кніга выйшла яшчэ некалькі разоў… 

ІІІ. У імперыі вельмі часта судзілі за слова не менш, а нават і больш жорстка, чым за справы. Тое адбываецца ў гэтых шыротах і дагэтуль. 

Неяк мастак змясціў на маім зборніку лацінскі выраз «Кнігі маюць свой лёс».

Апошнім часам мы пераканаліся: гісторыя нічому не вучыць. Яна, на жаль, паўтараецца не ў выглядзе фарсу, а зноў і зноў выглядае трагедыяй. Можа таму, што асобы, якія прымаюць гістарычныя рашэнні, пазбаўленыя гістарычнага мыслення, а часам увогуле здаецца, што яны пазбаўленыя любога мыслення – гэта вар’яты, якія кіруюцца яшчэ ардынскімі рэфлексамі.

З бясконцых дэфініцый наконт азначэння гісторыі мне найбольш падабаецца формула французскага гісторыка Жуля Мішле: «Гісторыя – гэта ўваскрашэнне». Тое вельмі стасуецца з нашай беларускай сітуацыяй, калі ўваскрашаючы сітуацыі, падзеі, герояў мінулага мы самі ўваскрашаемся як еўрапейскі народ.

Вось і я спрабаваў у кнізе «Каханак яе вялікасці» ўваскрэсіць паўстанцаў 1863 года, а менавіта Людвіка Звяждоўскага – паўстанцкага начальніка Магілёўскага ваяводства, які са сваім аддзелам здолеў захапіць горад Горы-Горкі, дзе быў тады Земляробчы інстытут.

Спрабую ўваскрэсіць вальнадумца, нашага суайчынніка Аляксандра Незабытоўскага, якога ў 1849 годзе судзілі і далі самы страшны тэрмін ў Расейскай імперыі мірнага часу – 25 гадоў катаргі з пазбаўленнем шяхецтва і маёмасці. Яго судзілі за раман «Мары пра славу, каханне і свабоду», напісаны па французску і выдадзены за мяжой. Аўтара злавілі па вяртанні дадому – у імперыі вельмі часта судзілі за слова не менш, а нават і больш жорстка, чым за справы. Тое адбываецца ў гэтых шыротах і дагэтуль.

Дарэчы, невыпадкова калісьці дзекабрыст Лунін заўважыў: «У Расеі два праваднікі – язык да Кіева, а пяро да Шлісельбурга»…

Імкнуся ўваскрэсіць яшчэ аднаго нашага вальнадумцу – Казіміра Лышчынскага, пакаранага смерцю на Варшаўскім пляцы ў канцы XVII стагоддзя.

Сярод маіх герояў таксама Ігнат Грынявіцкі, які забіў імператара Аляксандра ІІ у першы дзень вясны 1881 года і загінуў тады сам. Мала хто ведае, што паплечнікі назвалі гэтага мужнага чалавека заснавальнікам беларускай фракцыі «Народнай волі». Ён не проста выканаў рашэнне кіраўніцтва падпольнай арганізацыі, але і адпомсціў такім чынам за задушэнне паўстання Каліноўскага. За надзвычайныя законы, якія пасля таго яшчэ два дзесяцігоддзі дзейнічалі на нашай зямлі – у так званым Паўночна-заходнім краі. Нарадавольцы далей пачалі выдаваць часопіс «Гоман», які падхапіў у тым ліку ідэі Каліноўскага – нашага першага нацыянальнага палітыка, пра неабходнасць незалежнай будучыні не Рэчы Паспалітай, а асобных народаў, што ўваходзілі ў яе. У тым ліку і беларускага, які мае права на незалежнае жыццё.

Калі герой твора – гістарычная асоба, твая фантазія крыху скаваная. Зусім іншае, калі падзеі амаль цалкам ствараюцца аўтарскім уяўленнем. Вось апавяданне «Каханак яе вялікасці». Яно пра тое, як імператрыцы Кацярына ІІ у 1780 годзе пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай прыехала ў Полацк. Пабудавалі адмыслова там палацак і трэба было вырашаць яшчэ адну далікатную праблему, бо, кажуць, манаршая асоба баялася спаць адна. Хтосьці павінен быў знаходзіцца побач і шаптаць на вушка «зоранька мая»… Адсюль і востры сюжэт, цёплы гумар і неўтаймоўная эротыка… Рэдактар адной незалежнай беларускай газеты пасля прачытання патэлефанаваў мне: «Іду ў аптэку па віягру»… 

IV. Вердыкт: «За эти несколько столетий литовский язык очень изменился»…

 Для мяне вельмі важны жывы кантакт з чытачом. Ён дае не толькі творчы імпульс, але можа падарыць і вобраз ці наогул сюжэт, а яшчэ – новыя знаёмствы.

Кіраўніцтва магілёўскага ўніверсітэта неяк дазволіла мне сустрэчу са студэнтамі, але афіцыйнай абвесткай адмыслова заблыталі ўсіх праз недакладны час творчага спаткання. Скончылася тым, што адзін выкладчык зняў з лекцыі свой курс, і мы добра пагаманілі, аўдыторыя файна актыўнічала. Дык вось з пытанняў чытачоў і пачала нараджацца кніга «Пакуль ляціць страла.100 пытанняў пісьменніку».

Незвычайная цікаўнасць маіх прыхільнікаў прымусіла рыцца ў памяці, кніжках, згадваць розныя гісторыі, часам анекдатычныя.

Ёсць такое выслоўе: раскажы анекдот, і я скажу хто ты. Мне найбольш даспадобы анекдоты ў першапачатковым сэнсе гэтага слова. Маю на ўвазе кароткае дасціпнае апавяданне пра незвычайныя, адметныя выпадкі з жыцця гістарычных асобаў. Канкрэтная, выразная падзея нярэдка можа распавесці пра свой час не менш за цэлую манаграфію.

Вось красамоўны прыклад. Як вядома, вайна 1812 года для Беларусі адрозна ад Расеі не была Айчыннай. Патрыёты Вялікага княства звязвалі з Напалеонам надзеі на аднаўленне дзяржавы. У войску французскага імператара служыла больш за 25 тысяч нашых землякоў. Французаў з энтузіязмам сустракалі не толькі шляхцічы, але й сяляне, што спадзяваліся вызваліцца ад прыгону. Але Банапарт вёў сваю гульню, пачаліся бясконцыя рэквізіцыі ды рабункі – шляхцічы былі глыбока расчараваныя, сяляне браліся за косы і сякеры. Аднаго разу сустрэўшы на дарозе пад Віцебскам бабулю-сялянку Напалеон саскочыў з каня і запытаўся, каму яна зычыць перамогі – французам ці расейцам? Старая мудрая беларуска адказала: «Ганіце хлопцы маскалёў так далёка, каб не вярнуліся ні яны, ні вы»…

Калісьці расказваючы мне гэты анекдот славуты англійскі беларусіст Пікарда бажыўся, што тут святая праўда, якая захавалася з сямейных аповедаў, у тым ліку і пра тую далёкую эпоху.

Яшчэ адну показку я пачуў ад знаёмай дзяўчыны з Ваўкавыску. Справа адбывалася ўвосень 1939-га, пасля так званага вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Дзядуля, вясковы інтэлігент, сустрэў на вуліцы прысланага Саветамі начальніка-камуніста. Паводле мясцовага звычаю, прыўзняў капялюш і пакланіўся. Расеец здзіўлена кажа: «Привет!» Цяпер здзівіўся беларус: «Ад каго?» Начальніку пытанне не спадабалася, і неўзабаве па старога прыехаў «чорны воран»…

Героямі анекдотаў часта рабіліся мае калегі-пісьменнікі. Неяк да Якуба Коласа паслалі па інтэрв’ю маладога газетчыка, народны паэт якраз калоў дровы ля дому. «Над чым цяпер працуеце?» – «Дровы калю», – адказаў мэтр.

А расейскі пісьменнік Аляксандр Купрын аднаго разу добра прыклаўся да пляшкі і прама з рэстарана прыслаў тэлеграму імператару Мікалаю ІІ: «Долой самодержавие! А.Куприн». Праз нейкі час афіцыянт прынёс адказ манарха: «Выпил? Закуси! Николай ІІ».

Калі я буду пісаць працяг той кнігі, то дапоўню яго новымі анекдотамі. Напрыклад, такімі.

Літоўскія гісторыкі ніяк не могуць прызнаць, што старабеларуская мова была дзяржаўнай у ВКЛ. Яны называюць яе па рознаму: славянскай, афіцыйнай, канцылярскай мовай Вялікага княства… І калі ў 1920-м Савецкая Расея падпісала з новай незалежнай дзяржавай мірную дамову, Вільнюс запатрабаваў вярнуць з Масквы 600 тамоў Літоўскай метрыкі – архіў канцылярыі княства. У экспертную групу трапіў беларускі гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі і прапанаваў такі крытэр: аддаць усе дакументы на літоўскай. Дык не знайшлі ніводнага такога сярод дзясяткаў тысяч папер! Бо ў 16-м стагоддзі тая мова яшчэ не мела пісьменнасці, а ў нас выходзілі ўжо кнігі… Яны карысталіся нашым набыткам. І Масква не аддала ніводнага аркуша, на жаль – Менску таксама.

Ці яшчэ. Аднойчы, памятаеце, беларусы сабралі ўсёй краінай грошы і набылі віленскае выданне Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 года, самага перадавога Збора законаў таго часу ў Еўропе. Нашыя паўночныя суседзі зрэагавалі нейкай хваравітай рэакцыяй… Так, у лонданскую беларускую бібліятэку імя Скарыны прыехалі двое маладых літоўскіх дыпламатаў з тамтэйшай амбасады і папрасілі айца Аляксандра Надсана даць ім пазнаёміцца са Статутам. Дзень гарталі яго, фатаграфавалі, а пры канцы вынеслі вердыкт: «За эти несколько столетий литовский язык очень изменился»…

 


V. Напрыканцы…

Выслоўе «Кнігі маюць свой лёс» чамусьці цытуюць не цалкам – апускаюць пры гэтым другую частку: «Але ён залежыць ад чытачоў».

Відаць, камусьці падаецца, што гэтае ўдакладненне разбурае афарыстычнасць часткі першай. Але мне даспадобы поўны варыянт.

Люблю вас і бязмежна вам удзячны, шаноўныя чытачы… Давайце часцей сустракацца!