Як, капаючы крывіцкія курганы, знайсці сябе? (шмат фота)
Падчас раскопак на беразе возера Наўры на Мядзельшчыне археалагічны летнік на некалькі тыдняў пераўтварыўся ў пульсуючую культурніцкую прастору. Валанцёраў у лесе наведалі Арлоў, Краўцэвіч, Бартосік ды іншыя.

Уладзімір Арлоў
Раскопкі ў Наўрах, дзе экспедыцыя даследавала пахаванні крывічоў Х–ХІІ стагоддзяў, доўжыліся ад пачатку ліпеня да 6 жніўня. Пачыналася ўсё як археалагічная практыка, але з часам студэнты з’ехалі, а іх месцы занялі валанцёры, запрошаныя Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Валанцёры

Падчас раскопак
У прагматычным сэнсе археолагам падчас раскопак аніякая культурніцкая праграма не патрэбная. Галоўнае, каб справа ішла, курганы капаліся, пясок прасейваўся, знаходкі пазначаліся ды адкладаліся ў адмысловыя пакецікі. Разам з тым, каб праца выконвалася добра, удзельнікі экспедыцыі павінны мець матывацыю і, урэшце, ведаць, што яны капаюць і для чаго.

Валанцёры
Арлоў зладзіў квэст пра Скарыну, а Краўцэвіч вучыў пісаць гісторыю
Можна сказаць, што кожны з валанцёраў ведаў, для чаго ахвяруе сваім вольным часам. Але, каб ахвяры не былі марнымі, Таварыства вырашыла арганізаваць культурную праграму: ці не штодня ў лагер археолагаў прыязджалі вядомыя гісторыкі ды дзеячы культуры.

Алесь Краўцэвіч
Напрыклад, Уладзімір Арлоў зладзіў прэзентацыю «Айчыны» пад адкрытым небам, а таксама правёў квэст, цягам якога трэба было разгадаць семантыку знакаў на гравюры Францішка Скарыны. Гісторык Алесь Краўцэвіч распавёў пра складаныя і заблытаныя сцежкі, якімі ходзіць беларуская гістарыяграфія, ды падзяліўся думкамі, як пісаць гісторыю, не нажываючы ворагаў у асобе краінаў-суседзяў.

Антон Астаповіч
Нарэшце, старшыня Таварыства Антон Астаповіч пагутарыў з валанцёрамі пра архітэктурную спадчыну, гісторыю яе вывучэння і міфы, звязаныя з гэтым.

Выступае Зміцер Бартосік
Як працоўны летнік пераўтварыўся ў культурніцкую прастору
Паводле навуковага кіраўніка экспедыцыі Мікалая Плавінскага, на раскопкі прыязджаюць людзі, якія ў рознай ступені зацікаўленыя гісторыяй. Таму ім варта даваць больш шырокае ўяўленне не толькі пра канкрэтны археалагічны аб’ект, але і пра гісторыю Беларусі агулам:

Мікалай Плавінскі
«Не ўсе з валанцёраў звязаныя з гісторыяй, яны могуць мець цалкам розныя прафесіі — менеджары, студэнты тэхнічных ВНУ, рабочыя і іншыя. Такім чынам, летнік з’яўляецца ўжо не толькі працоўным, але пераўтвараецца ў пэўную культурную прастору. Такім чынам, у людзей, якія былі тут сёлета, будзе больш рэзонаў прыехаць дапамагчы навуцы і ў наступным годзе. Важна, каб моладзь знаходзіла тут не толькі сляды мінулага, але і саміх сябе».

Развітальнае вогнішча
Планы на будучыню — «Археалагічная школа»
Таварыства аховы помнікаў і надалей плануе супрацоўнічаць з археолагамі, прычым, не толькі падчас летніх практыкаў, але і ў халодны перыяд, калі палявыя працы немагчымыя. Сярод планаў, у прыватнасці, стварэнне «Археалагічнай школы» — курсу сустрэчаў і лекцыяў, якія б падштурхоўвалі моладзь цікавіцца сваёй спадчынай ды часцей абіраць прафесію археолага ў жыцці.
Як даведацца пра фармат удзелу ў «Археалагічнай школе», набор і ўмовы навучання?
Сачыце за абвесткамі ў «Новым Часе» ды іншых айчынных СМІ.