Круглы стол групы “За Волю”

19 красавіка на сядзібе партыі БНФ адбыўся 4-ы круглы стол каардынацыйнай групы “За Волю, прысвечаны палітзняволеным і рэпрэсаваным.



19 красавіка на сядзібе партыі БНФ адбыўся 4-ы круглы стол каардынацыйнай групы “За Волю, прысвечаны палітзняволеным і рэпрэсаваным.

Удзельнікі групы прынялі зварот да ўсіх палітыкаў еўрапейскіх краін і ЗША, у якім заклікалі не весці з рэжымам ніякіх дыялогаў да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. У заяве, у прыватнасці, адзначаецца: “Толькі дзякуючы вашай прынцыповай пазіцыі, вашай салідарнасці з беларусамі былі вызвалены з-за кратаў экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і старшыня яго выбарчага штабу Зміцер Бандарэнка. Дыктатарскі рэжым пад ціскам вымушаны быў пайсці на ўступкі. Мы заяўляем! У Рэспубліцы Беларусь на сённяшні момант за кратамі застаюцца 16 палітычных зняволеных: Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Сяргей Каваленка, Алесь Бяляцкі, Мікалай Аўтуховіч, Павал Севярынец, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Аляксандр Францкевіч, Павал Сырамолатаў, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч, Юрый Чыгілейчык, Аляксандр Малчанаў, Аляксандр Круты. Сябры “За Волю заклікалі замежных палітыкаў быць шчырымі і цвёрдымі ў намаганнях да хуткага вызвалення палітвязняў.

Намеснік старшыні Руху Салідарнасці “Разам Аляксандр Макаеў адзначыў, што праблемай з’яўляецца тое, што ў спісах еўрапейскіх палітыкаў, якія ўвесь час заклікаюць да вызвалення актывістаў, знаходзіцца розная колькасць палітвязняў, што некаторыя патрабуюць вызвалення “вязняў сумлення, маючы на ўвазе толькі 10 чалавек.  На думку. Макава, гэта ёсць вынік таго, што розныя праваабарончыя арганізацыя да гэтага часу не могуць прыйсці да прынцыповага вызначэння колькасці палітвязняў. 

Макаеў зачытаў ліст Мікалая Аўтуховіча, у якім палітвязень дае ацэнку працы праваабарончых арганізацый у звязку з непрызнаннем палітвязнямі Аляксандра Крутога, Аляксандра Малчанава і Юрыя Чыгілейчыка.
“Вельмі шкада, што і ў праваабаронцаў ёсць бюракраты, — піша Аўтуховіч, — хлопцы пайшлі супраць сістэмы, каб дапамагчы астатнім, а яны не бачаць гэтага? Я ведаю па калоніі шмат годных хлопцаў, сапраўдных герояў, і калі яны судзімыя, то што, можна заплюшчваць вочы на тое, што яны робяць для ўсіх? З гэтых хлопцаў прэ рашучасць. І калі мы не заступімся, шмат хто адвернецца ад апазіцыі. Я ведаю толькі адно: з такімі як Юрый Чыгілейчык, смела можна ісці ў разведку. …Трэба глядзець на рэальныя ўчынкі і паводзіны, а не на мінулае. …Змагайцеся за іх!.
У сваю чаргу праваабаронца, бацька Мікалая Дзядка спадар Аляксандр адзначыў: “Мы не павінны арыентавацца на замежныя азначэнні статуса палітвязняволенага. Трэба ўлічваць нашы, беларускія рэаліі. Дзе няма дэмакратычнага суда, дэмакратычных працэдур, дзе няма праваахоўных органаў, якія б дзейнічалі ў рамках закону, мы пра гэта павінны памятаць.
 
Ганна Шапуцька зачытала прысутным дакумент, які быў прыняты экспертнай радай каардынацыйнай групы “За Волю напярэдадні. У ім былі зацверджаны крытэрыі па вызначэнні статуса палітвязня ў Беларусі — на аснове крытэрыяў, выпрацаваных незалежнымі экспертамі Савета Еўропы.

У дакуменце даецца вызначэнне статуса палітвязня, а таксама пералічваюцца ўмовы палітычнага ўціску або рэпрэсіі да асобы.

“Прыняцце крытэрыяў ёсць пацверджанне таго, што Беларусь не з’яўляецца прававой дзяржавай, што у Беларусі няма незалежнай судовай сістэмы і справядлівых судоў. Мы прынцыпова адмовіліся ад аддзялення “вязняў сумлення ад проста палітычных зняволеных — ва ўмовах сучаснай Беларусі, калі любога чалавека можна зрабіць крымінальнікам. Гэты дакумент быў прыняты з мэтаю вызвалення палітвязняў, а таксама іх поўнай рэабілітацыі на волі, — адзначыла Ганна Шапуцька.

У працы круглага стала прынялі ўдзел больш за 30 чалавек, сярод якіх грамадскія дзеячы і праваабаронцы. Таксама прысутнічаў былы палітвязень Сяргей Парфянкоў, які распавёў, што супраць яго зноў узбуджана крымінальная справа па артыкуле 421 (парушэнне правілаў прэвентыўнага нагляду), зараз яму пагражае паўгады арышту, альбо 1 год калоніі ўзмоцненага рэжыму.