Курапаты наведала польская афіцыйная дэлегацыя на чале з Анджэем Кунэртам
Вечарам 23 ліпеня Курапаты наведала польская афіцыйная дэлегацыя на чале з міністрам, дзяржаўным сакратаром Рады па ахове памяці змагання і пакутніцтва Польшчы, вядомым польскім гісторыкам, прафесарам Анджэем Кунэртам.
Лешак Шарэпка і Анджэй Кунэрт ушаноўваюць памяць ахвяраў сталінізму ў Курапатах
У складзе дэлегацыі — супрацоўнікі Рады па ахове памяці змагання і пакутніцтва (Rada Ochrony Pamiкci Walk i Mкczeсstwa — дзяржаўная арганізацыя Польшчы, якая займаецца ўшанаваннем памяці пра гістарычныя падзеі, што ўвасабляюць “змаганне і пакутніцтва польскага народу”), Міністэрства культуры, Упраўлення дзяржаўных архіваў і Беластоцкага аддзелу Інстытуту нацыянальнай памяці, а таксама вядомы даследчык мінулага і грамадскі дзеяч, доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы Алег Латышонак.
Разам з амбасадарам Польшчы ў Беларусі Лешакам Шарэпкам польскія афіцыйныя асобы і навукоўцы запалілі знічы і ўсклалі кветкі ля мемарыяльных знакаў у гонар сваіх суайчыннікаў, забітых савецкім таталітарызмам, а таксама да крыжоў каля памятнага камяня “Ахвярам сталінізму”.
Па запрашэнні польскага боку ў цырымоніі ўдзельнічалі сябры грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка, філолаг Вінцук Вячорка, кандыдат гістарычных навук, археолаг Валянціна Вяргей і аўтар гэтай публікацыі. Па курапацкай тэматыцы яны паразмаўлялі з спадаром Анджэем Кунэртам і іншымі сябрамі польскай дэлегацыі.
У праграме двухдзённага візіту, накіраванага на развіццё супрацоўніцтва ў даследаванні праблематыкі беларуска-польскіх узаемаадносінаў, сустрэчы польскай дэлегацыі з беларускімі калегамі, у міністэрствах замежных спраў і культуры Беларусі, Дэпартаменце па архівам і справаводству Міністэрства юстыцыі Беларусі.
Вінцук Вячорка назваў “вельмі важным” наведанне польскай дэлегацыяй Курапатаў, бо прадстаўнікі розных дзяржаўных ведамстваў Польшчы “пабачылі на ўласныя вочы гэтую святую для беларусаў мясціну і напэўна, будуць больш эмацыйна нас разумець у тым, што датычыць зберажэння гэтага беларускага нацыянальнага некропалю”. “Вельмі важна, што нам удалося абмяняцца думкамі з польскімі навукоўцамі і дзяржаўнымі дзеячамі наконт шырокай праграмы пошуку і лакалізацыі слядоў расстраляных польскіх вайскоўцаў з “Беларускага” Катынскага спісу, — падкрэсліў Вінцук Вячорка. Ён лічыць, што гэтая праграма павінна, безумоўна, пачынацца з адкрыцця ўсіх архіваў і вынікаў раскопак, здзейсненых раней, а таксама сістэмных абследаванняў з раскопкамі ўключна ўсіх абсалютна недаследаваных месцаў масавых расстрэлаў ахвяраў сталінізму ў Мінску і ягоным наваколлі. Гаворка ідзе менавіта пра тыя, апроч Курапатаў, месцы, якіх у сталічным рэгіёне налічваецца больш за дзесятак”, — сказаў навукоўца.
На ягоную думку, было б вельмі добра, калі б Курапаты наведвала кожная афіцыйная замежная дэлегацыя, якая прыязджае ў Мінск. На добры лад, такое наведванне павінна быць абавязковым, нават пратакольным. у лепшым сэнсе гэтага слова, мерапрыемствам, лічыць Вінцук Вячорка.
Вацлаў Арэшка назваў “значным” вынікам сустрэчы з польскімі калегамі тое, што яны звярнулі ўвагу: у справе пошуку ў Беларусі слядоў польскіх вайскоўцаў і аднаўлення памяці пра сталінскія рэпрэсіі важна, каб былі кантакты не толькі і не столькі з дзяржавай, якая сёння не ёсць захавальнікам гэтай памяці, як з беларускім грамадствам і айчыннай навуковай супольнасцю. Менавіта яны шмат гадоў займаюцца шматлікімі і разнапланавымі праблемамі захавання Курапатаў для будучыні і распаўсюду ведаў пра нацыянальны некропаль, падкрэсліў навукоўца. Ён выказаў спадзяванне, што польскія калегі зразумелі: без удзелу беларускай грамадскасці нельга ўявіць сабе двухбаковае супрацоўніцтва па курапацкай тэматыцы.
Злева направа — Алег Латышонак, Анджэй Кунэрт (трэці), Лешак Шарэпка, Вінцук Вячорка і Вацлаў Арэшка