Суд падтрымаў забарону пікетавання каля Курапатаў

20 ліпеня суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Аляксандр Кузьміч не задаволіў скаргу прадстаўнікоў грамадскасці на дзеянні старшыні Мінрайвыканкама Пятра Ярмаша, які забараніў правядзенне пікетавання ў абарону Курапатаў.



kurapaty_mrv_sud_20_7_15_logo.jpg

Удзельнікі судовага пасяджэння перад ягоным пачаткам.

Нагадаем, што 20 мая актывісты грамадзянскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» звярнуліся да старшыні Мінрайвыканкама Пятра Ярмаша з заявамі на правядзенне пікетавання для прыцягненне ўвагі грамадства і дзяржавы да сітуацыі каля Курапатаў пасля ўзвядзення ў непасрэднай блізкасці ад урочышча аб'екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай «Бульбаш-хол». Падчас пікетавання, запланаванага на 4 чэрвеня ў Мінскім раёне каля ўваходаў у «Бульбаш-хол» і гіпермаркет «Бігз» на рынку «Экспабел», меркавалася выкарыстаць лозунгі наступнага зместу: «Бульбаш-хол» — здзек з Курапатаў!», «БелРэстІнвест» — прэч ад Курапатаў!»,  «Беларусы, абаронім Курапаты ад знявагі!», «Курапаты — месца згубы бязвінных людзей, а не месца для забаваў» і «Не — гулянкам і вяселлям ля Курапатаў!».

Аднак сваім распараджэннем ад 29 мая Пётр Ярмаш забараніў правядзенне пікетавання «ў мэтах выканання рашэння Мінскага раённага выканаўчага камітэта ад 28 верасня 2012 г. № 6557 «Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у Мінскім раёне», а таксама з непрадастаўленнем поўнага пакету дакументаў». Прычым гэтае распараджэнне грамадзяне атрымалі толькі ў дзень запланаванай акцыі — 4 мая.

Вось чаму заяўнікі пікетавання каля «Бульбаш-холу» — грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і філолаг Вінцук Вячорка, а таксама аўтар гэтага артыкула 23 чэрвеня звярнуліся ў суд Фрунзенскага раёна са скаргай на неправамерныя дзеянні Мінрайвыканкама і ягонага старшыні Пятра Ярмаша. У сваёй скарзе грамадзяне, між іншым, прасілі суд абавязаць спадара Ярмаша прадаставіць заяўнікам дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства ў іншы дзень, узгадніўшы загадзя дату і час акцыі.

Падчас суда заяўнікі звярнулі ўвагу на тое, што згодна арт. 59 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, «дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў асобы. Гэтыя органы і асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы».

На думку прадстаўнікоў грамадскасці, старшыня Мінрайвыканкама быў абавязаны прыняць усе неабходныя меры дзеля таго, каб грамадзяне маглі рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на правядзенне пікетавання і на выказванне падчас яго свайго меркавання наконт пабудовы рэстаранна-забаўляльнага комплексу каля Курапатаў.

Замест гэтага спадар Ярмаш нават не стаў уступаць у дыялог з заяўнікамі згодна арт. 6 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь» (далей — Закон) і не выканаў свой абавязак паводле гэтаму ж артыкулу Закона пра неабходнасць не пазней, чым за пяць дзён да даты правядзення пікетавання ў пісьмовай форме паведаміць грамадзянам пра прынятае рашэнне. У якасці доказу суду быў прадстаўлены канверт з паштовымі штэмпелямі ад 3 чэрвеня 2015 года, у якім аднаму з заяўнікаў была накіраваная копія распараджэння Мінрайвыканкама «Аб забароне правядзення масавага мерапрыемства».  Усе вышэйназваныя дзеянні заяўнікі расцанілі як знявагу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Грамадзяне звярнулі ўвагу на тое, што згодна ч. 1 арт. 9 Закона, «масавае мерапрыемства можа праводзіцца ў любых прыдатных для гэтай мэты месцах, за выключэннем месцаў, названых у частцы 3 дадзенага артыкула». Такім чынам, як зазначалася ў судзе, Закон дае заяўнікам права самім выбіраць месца правядзення пікетавання, не забароненае Законам.

Суддзя Аляксандр Кузьміч не задаволіў скаргу грамадзянаў, прычым адзначыў, што суду не прадстаўлены «дакладныя доказы», якія сведчаць аб невыкананні Пятром Ярмашам свайго абавязку — пра прынятае рашэнне ў пісьмовай форме паведаміць грамадзянам не пазней, чым за пяць дзён да даты запланаванага масавага мерапрыемства, а не ў дзень ягонага правядзення. Якія яшчэ могуць быць прадстаўлены доказы, калі бярэцца пад сумненне такі відавочны, як канверт з пазначанымі на паштовых штэмпелях датамі адпраўкі і атрымання копіі распараджэння старшыні Мінрайвыканкама?

На пастанову Аляксандра Кузьміча заяўнікі накіруюць касацыю ў Мінгарсуд. Апроч таго, на дзеянні суддзі будзе накіраваная скарга ў Вярхоўны суд. Справа ў тым, што падрыхтоўка суда суправаджалася шэрагам працэсуальных парушэнняў. Гаворка, між іншым, ідзе пра тое, што спачатку пасяджэнне было прызначана на 16 чэрвеня без аніякай інфармацыі заяўнікаў; раніцай 20 чэрвеня, калі грамадзяне з’явіліся ў суд, на дошцы аб’яваў адсутнічала якая-небудзь інфармацыя пра разгляд грамадзянскай справы; у гэты ж дзень месца пасяджэння спачатку ўвогуле не была вызначана, а затым прызначана і ўрэшце перанесена з аднаго корпусу суда ў другі; калі журналістка Беларускай службы Радыё Свабода Галіна Абакунчык з’явілася ў Фрунзенскі суд, яна нідзе і ні ў каго не змагла атрымаць аніякай інфармацыі пра залу, у якой адбываўся разгляд грамадзянскай справы.   

У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей, якая прысутнічала на судзе, назвала рашэнне Аляксандра Кузьміча незаконным і неабгрунтаваным, а таксама сведчаннем таго, што ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічае негалосная забарона на правядзенне масавых мерапрыемстваў. «Дзяржава пакінула грамадству толькі тыя знакавыя акцыі, якія праводзяцца штогод. Гаворка ідзе, між іншым, пра святкаванне Дня Волі, Чарнобыльскі шлях і шэсце на Дзяды», — сказала юрыстка. На яе думку, Аляксандр Кузьміч найбольш выразна ўвасабляе той тып суддзі, які сёння запатрабаваны беларускімі ўладамі. «Яшчэ ў маі гэтага года ён быў шараговым суддзёй суда Маскоўскага раёна сталіцы, дзе прыняў рашэнне на карысць адміністрацыі Маскоўскага раёна і пры гэтым не выклікаў належным чынам адказчыка ў суд. А зараз на пасадзе намесніка старшыні суда Фрунзенскага раёна спадар Кузьміч ужо выносіць неправамерныя рашэнні на карысць Мінскага райвыканкама», — зазначыла Тамара Сяргей.